03.03.2019

КАМПЛІМЕНТЫ ДЛЯ КАХАНАЙ

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

КАМПЛІМЕНТЫ ДЛЯ КАХАНАЙ

Гумарэска

8 Сакавіка. Прыйшоў на сустрэчу за паўгадзіны. У руках прыгожы букет кветак. Яшчэ раз пералічыў, каб не было цотнай. Стаю. Чакаю. У галаве мрояцца розныя думкі. Перад вачамі - яе хітры погляд і словы, што і сёння не аднаго мяне кідаюць ў пот: "Я тут падумала..." Нервуюся. Думаю. Не! Яна на тое не здатная. Не можа быць, каб не прыйшла! Нас аб’ядноўвае бурная страсць і кіпень пакуль не выпарыўся. Вунь і зоркі на небе падказваюць. Яна ж у мяне, ведаеце, якая?

Абаяльная і асляпляльная.
Бадзёрая і бліскучая.
Вясёлая і вірлівая.
Гаманкая і гарэзлівая.
Далікатная і добразычлівая.
Еўрапейская.
Жаданая.
Загадкавая і запальчывая.
Імпэтная і інтрыгоўная.
Какетлівая і каралевападобная.
Ласкавая і летуценная.
Магнетычная і мяккая.
Незвычайная і неўгамонная.
Одумная.
Прыгожая і палымяная.
Рамантычная і разняволеная.
Сентыментальная і самадурлівая.
Таямнічая і тэмпераментная.
Уладалюбівая і ўнікальная.
Феерычная і фліртоўная.
Хітрая і хмельная.
Цікаўная і цудоўная.
Чароўная і чуллівая.
Шыкоўная і шматслоўная.
Энергічная і эгацэнтрычная.
Юрлівая.
Яснавокая і яснавяльможная.

Усё! Літары алфавіта скончыліся. Амба! І зоркі падвялі. Калі зараз з’явіцца – усё скажу ёй уголас усё, што напрыдумляў...
О-о! Усё-ткі ідзе. Да мяне кіруе... Хай толькі збочыць. Хіба можна адвярнуцца ад такога пекнага кавалера.

1 комментарий:

  1. Спасибо, Аркадий Журавлев! И нам очень приятно почитать вашу юмореску. Посмеялись. Хотя мы и сами знаем, что мы, бабы, стервы еще те. Вы об этом умолчали. Умница! Валентина Андреевна.

    ОтветитьУдалить