08.11.2012

Дарогамі Максіма Танка

Дарогамі Максіма Танка

Золкая раніца 17 верасня 2012. Я прыехаў у жончыны Даўжані, што за тры кіламетры ад Слабады (зараз - Новікі). Быў папярэджаны, што ўваходжу ў рэспубліканскую дэлегацыю да 100-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі, класіка беларускай літаратуры Максіма Танка і ад абласной суполкі Саюза пісьменнікаў патрэбна выступіць на свяце. Прыехаў у Новікі. Тут, на вясковым пагосце, дзе пахаваны Паэт і ўсе яго родныя. Свята "Я сэрцам пісаў сваю кожную песню..." распачалося з ускладання кветак да магілы Максіма Танка. Сваё слова пра Паэта сказаў прафесар Вячаслаў Рагойша, іншыя творцы. Затым пісьменніцкі аўтобус на чале з дырэктарам музея беларускай літаратуры Лідзіяй Вітальеўнай Макарэвіч скіраваўся ў Мядзел.

Мядзел пахарашэў. Памаладзеў. Аўтавакзал, што раней, хоць адварочвайся, цяпер вабіць вока. Цэнтр годна выглядае. Цэнтральная раённая бібліятэка багата мерапрыемстваў прысвяціла свайму земляку: і выставу кветак, і фотавыставу па выніках фотапленера "Дарогамі Максіма Танка", і прэзентацыя кнігі "Усё жыццё я не любіў растанняў..." І ў Летнім амфітэатры, што на беразе Мястра, таксама было святочна і багата людзей. Прыемна, што памятаюць Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Тут танкаўскае свята ў той дзень і прадоўжылася.

У цэнтры тагачаснага мястэчка, а зараз горада Мядзела, на плошчы Шаранговіча адкрылі памятны знак Паэту.

На плошчы Шаранговіча адкрылі памятны знак Паэту.
Выступалі паэты, і землякі. Хораша казаў Анатоль Бутэвіч, каму роўна за месяц да смерці Танк, на лякарскім ложку, падпісаў свой зборнічак "Fve Maria". Ваш пакорны слуга таксама падзяліўся ўспамінамі

Я таксама падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчу з Максімам Танкам
пра сустрэчу з Максімам Танкам, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ. Дзіўны быў чалавек! Столькі званняў, высокіх пасад. Цікавымі таксама былі успаміны земляка Максіма Танка народнага мастака Васіля Шаранговіча, паэта Васіля Зуёнка, падчас сумеснай працы з М.Танкам у часопісе "Полымя".

Да юбілею Паэта была выпушчана і паштовая марка, гашэнне каторай правялі на сцэне мядзельскага амфітэатра міністр культуры П.Латушка, намеснік губернатара В.Шчэцька і прадстаўнік Белпошты Ю.Ізюмаў.

Выступалі і калектывы мастацкай самадзейнасці, і асобныя барды і спевакі - Змітра Сачанка, Надзея Мікуліч, і Дзяржаўны ансамль народнай музыкі "Свята". Але, лічу, усё ж мала гучала паэтычных палымяных радкоў. Няхай і надвор'е было сцюдзёным, але ж і вяскоўцы, і настаўнікі, хто некалі арганізоўвай сустрэчы з творцамі маглі б сказаць сваё слова. Гэтага ж меркавання і паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхась Башлакоў.

Я зноўку нізка кланяўся Яўгену Іванавічу і шчыра дзякаваў за шчасце на роўных размаўляць з Вамі, слухаць Вашыя парады і пажаданні. Вашая ідэйнасць,прыгожая беларуская мова, за якую вы сядзелі ў вязніцах, цярпелі пераследы і пакаранні...

Усім поспехаў і беларускасці ў душы!

Ваш Аркадзь Жураўлёў.

01.11.2012

Званкі з дзяцінства

Званкі з дзяцінства

Усе мы родам з дзяцінства. Дзяцінства - гэта цэлы Сусвет, калі час не прыспешвае, дрэвы вялікія і бацькі побач. Калі ўсё жывое - твае сябры. Калі кожны з нас спяшаўся хутчэй падрасці, стаць вялікім і дужым, каб быць першым, быць героем, не менш. Але час імчыць, быццам вецер. Усё жыццё здаецца адным днём. Вырастаем і зноўку спяшаемся жыць. Толькі пасівелым надвячоркам спыняемся і аглядваемся назад.І хочацца вярнуцца, хаця б на імгненне, але зваротнага шляху няма. Ужо у кожнага сваё жыллё, сям'я, з думкамі ў вачах, з унукамі, канкрэтнаю справаю ў руках, а ўсё ж той бесклапотны дом пад назваю "дзяцінства" назаўсёды застанецца ў сэрцы. Па жыцці сябры дзяцінства, аднакласнікі, самыя шчырыя. Каб сустрэцца...

Эх, маладосць, бурапенная, безапеляцыйная! Пераканаўся, што кожны з нас, выпускнікоў 1972 года Вішнеўскай сярэдняй школы даўно чакаў гэтай сустрэчы. Хораша, што і на маёй Смаргоншчыне (мне падабаецца і назва "Смаргонскі край", не блытаць з аднайменнай назваю прадуктаў харчавання) ёсць шчырыя людзі, хто ўсё можа арганізаваць. Выказазаў гэтае жаданне і я сваёй аднакласніцы Зоі Собаль (зараз Клемянок) падчас сваёй творчай сустрэчы ў Вішневе ў сакавіку гэтага года. І менавіта Зоя з сяброўкамі-аднакласніцамі Ірынай Шчучка (зараз Мазай), Ромай Смольскай (Грынцэвіч) гатавалі-накрывалі сталы, ды Люся Курцэвіч (зараз Шульжыцкая), якая "вісела" на тэлефонах: патрэбна кожнага адшукаць, запрасіць...

З вачыма ў сіні гарошак,
Што ярчэй за васілёк
Мне дзяцінства вясёлае, харошае
Раптам пазваніла здалёк.

І калі я прыехаў на тую сустрэчу з дзяцінствам і юнацтвам, то адразу ля клуба і сустрэў сваіх дзяўчат: беглі "прычыпурвацца". Няўжо пазнаў? Яшчэ б! Такія увішныя, руплівыя. У галасах хваляванне і захапленне.
З гадамі чалавек набывае новых сяброў-прыяцеляў, але дружба, якая пачалася ў бесклапотнай маладосці, не забываецца. Няхай калі і сварыліся, калі хто не падказаў таго, што "не ведаў, не ведаў ды забыўся" ці не даваў спісаць хатняе заданне, нават біліся за-за дзяўчат...
Вось ідуць Іван Драгун, Вацлаў Кавяка, Іван Мароз, Часлаў Арловіч. Ледзь прызнаў Казіка, Казіміра Баравога - токар і камбайнёр, чыгуначнік іслесар, будаўнік і дыспетчар, маркетолаг і журналіст...
Вярнула нас у дзяцінства і цёплае прывітанне, якое падрыхтавала дырэктар клуба Ала Лявонаўна са сваімі юнымі памочніцамі.



Наш XVII выпуск налічваў у сваіх радах (калі не памыляюся(?)- 21 чалавек). На працягу апошніх двух год колькасць вучняў неаднойчы мянялася: адныя ішлі вучыцца ў ПТУ,працаваць, іншыя - пераходзілі ў другія школы. Большасць з нас ужо дзядамі ды бабулямі сталі, некаторыя не аднойчы. Шкада, што не ўсе прыйшлі, але яшчэ больш крыўдна за тых, хто не дажыў да гэтага дня. Цёплым словам і хвілінай маўчання ўспомнілі Уладзю Шульжыцккую, Мар'яна Рожку, Валерыя Амбрасевіча, Вальдэмара Янцэвіча і акурат напярэдадні нашай сустрэчы недарэчна развітаўшага з жыццём Яўгена Жураўлёва.

Стралою праляцелі 40 год. Нашаму дырэктару Івану Сцяпанавічу Бяляўскаму - 88, але ён яшчэ ўбачыў тых сваіх гарэзлівых, калі і непаслухмяных вучняў у сённяшніх пасівелых людзях. Але ў саправаджэнні ўнучкі і праўнука, няхай і нялёгка ўжо, прыйшоў на сустрэчу са сваімі выпускнікамі. (Па сённяшні дзень у мяне захоўваецца характарыстыка-рэкамендацыя для паступлення ў Гродзенскі пенінстытут імя Я.Купалы, дзе пасля пераліку маіх навучэнцкіх здольнасцей быў галоўны для мяне звпіс "паводзіны выдатныя". Вы, відаць, зразумелі, што такую характарыстыку паводзін меў далёка не кожны выпускнік...

І, як раней, з запісамі ў скураной папцы і, што многіх прыемна здзівіла, са сваім зборнічкам вершаў "Мая старонка". Многія радкі кранаюць сваёй шчырасцю і трапнасцю. У іх заклапочанасць пра родную мову, чысціню чалавечых узаемаадносін, і прыроду, мястэчкі Вішнева і сваю малую радзіму - Мядзельшчыну і, канешне, пра каханне...

Не ўсе будынкі тагачаснай школы захаваліся. Адзін галоўны і зараз сустракае сваіх, але ўжо не вучняў, а наведвальнікаў, пацыентаў - зараз тут ФАП. Зараз новая, светлая і прасторная школа, пабудаваная ў 1977 годзе. Усё на месцы, пад рукою. Прасторна і для вучня, і для настаўніка. У наш час пераходзілі з аднаго будынка ў другі праз школьны стадыён. Калі-нікалі і пад азадак ад старэйшых атрымоўвалі, і не аднойчы апошнія чаравікі шчарбатымі перадамі да неба глядзелі. А па дарозе была вялізная школьная прыбіральня. А як яе мінуць, калі хочацца зрабіць пару зацяжак "Балкана" ці "Шыпкі". Усяго было ў нашым школьным жыцці: і вучні-задзіры, двоечнікі, дзівакі і настаўнікі розныя. Аднаго ўспамінаеш з цеплынёй, іншага ...

Успомнілі мы не толькі пра школьныя дзівосы-гісторыі, але і пра першае пачуццё, і пра страчанае, і набытае, і пра сваіх настаўнікаў - Аляксандру Васільеўну Грышан, Валянціну Іосіфаўну Дыро, Ніну Аляксандраўну Кеда, Пятра Іванавіча Драгуна, Уладзіміра Уладзіміравіча Шавярдака, Надзею Піліпаўну Плаксіцкую, Таццяну Аляксандраўну Хазаву... Я ж, паколькі прыйшоў у Вішнева, маючы за плячыма 4 класы Волькаўскай пачатковай школы. І сваю першую настаўніцу Ніну Фамінічну ХАДАЛЁНАК заўжды ўспамінаю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Яна дала мне першыя ўрокі пісьменнасці і чалавечнасці, дабрыні і справядлівасці. І не толькі яе пяцёркі, першыя вершыкі, што ўжо складваў тады (паказваў толькі ёй) ды пахвальбу і каштоўныя падарункі памятаю, а і куток, у якім стаяў першакласнік з-за распусты старэйшага вясковага бэйбуса, які накрэмзаў на класнай дошцы мацернае слова і прыказаў мне "прызнацца, што гэта зрабіў я". Можа і "гэты ўрок" актыўней падштурхнуў мяне да творчасці, бо з пятага класа самастойна пачаў пісаць у раённую газету "Светлы шлях". Пісаў, але саромеўся, што будуць пасмейвацца і кпіць, а больш зайздросціць. Як даведваліся некаторыя гэта рабілі з асаблівай асалодай. Паспрабуй толькі не адкажы на якім уроку на любое пытанне, нават не па тэме ўрока, адразу чуеш: "лепш урок вывучыў бы, а не ў газеты пісаць..." Крыўдна было, але я пісаў да апошняга класа. Адна Валянціна Іосіфаўна ўхваляла.

Дзякуючы патрабавальнасці настаўнікаў мы на "добра" і "выдатна" здалі уступныя экзамены ў ВНУ. Я, дарэчы, пяцерку пры паступленні на журфак ў Белдзяржунівесітэце імя Леніна (адзіны (!) па тым часе ўніверсітэт), атрымаў як па беларускай мове і літаратуры (В.І.Дыро), так і па нямецкай мове, хаця ў школе Н.А.Кеда пабойваўся, але ж і вучыў тэксты-пераказы напамяць, многае і цяпер магу пераказаць. Несумненна тут поспех не толькі аднаго вучня, а і патрабавальных і справядлівых (няхаў і не заўсёды (!) настаўнікаў). Дзякуй ім усім: за цярпялівасць іклопат, настойлівасць і мудрасць, цеплыню і разуменне. Нізкі паклон Вам, мае настаўнікі.

Па-рознаму у нас склаліся лёсы. Але мы сядзелі за адным сталом, танцавалі разам з маладымі на дыскатэцы пасля столькі год і адчувалі сябе блізкімі людзьмі. Разышліся-раз'ехаліся толькі пад раніцу. Нам таксама пад шэсцьдзесят, многія дзяўчаткі нашыя ўжо на заслужаным адпачынку, з унукамі забаўляюцца. Я таксама са сваім унучком-мінчуком Ільюшыкам штолета "ходзім у прыроду"...

Іван Сцяпанавіч глядзеў нас і радаваўся, як і мы адзін аднаму зычылі здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх добрых справах. І абавязкова сустрэцца праз дзесяць год.

Автор, Иван Драгун, Рома Смольская
Автор, Иван Драгун, Рома Смольская

Людмила Курцэвич, Чеслав Орлович, Зоя Соболь
Людмила Курцэвич, Чеслав Орлович, Зоя Соболь

Вацлав Ковяко с Ириной Щучко
Вацлав Ковяко с Ириной Щучко

Доволен литовский чыгуначник Казимир Боровой окружением Ромы и Люси
Доволен литовский чыгуначник Казимир Боровой окружением Ромы и Люси


Иван Мороз и Зоя Соболь

АРКАДЗЬ ЖУРАЎЛЁЎ, выпускнік Вішнеўскай СШ Смаргонскага раёна 1972 года.

Пішыце, каменціруйце, пагаворым. Магчыма і паспрачаемся.

E-mail:zhuravlev@tut.by