24.04.2018

НАД ПОЛЕМ ЖАЎРАНАК УЗЫХОДЗІЦЬ...

НАД ПОЛЕМ ЖАЎРАНАК УЗЫХОДЗІЦЬ...

Год малой радзімы – гэта ў першую чаргу дадатковая нагода задаць сабе пытанне пра тое важнае ці нават галоўнае месца для кожнага чалавека. Кажуць: не бывае Радзімы вялікай без радзімы малой. І гэта насамрэч так.

Малая радзіма! Што кожны з нас укладвае ў гэтае паняцце? Месца народзінаў. Месца, дзе праводзіў кожнае лета ў вясковай бабулі. Месца, куды нібы магнітам цягне.… У кожнага па-свойму. Калі не ўлічваць фармальныя аповеды, тое адказаў будзе багата. Асабіста я лічу, што сумна без таго куточка, дзе чалавек з’явіўся на свет, дзе стаў на ногі, увайшоў у жыццё. Разам з тым сталеў фізічна і духоўна. Куды, нягледзячы на ўзрост, зноў і зноў вяртаецца з асаблівым трапяткім пачуццём замілавання і ўдзячнасці.

Калі мчуся з Маладзечна дадому, ужо на памежжы "Гродзенская вобласць" міжволі згадваю пра жыццё свайго раёна. Пастаянна сачу за яго развіццём і параўноўваю. Вось і вынікі прамысловасці за 2017 год радуюць: знешнегандлёвы абарот склаў 356,1 млн. долараў ЗША альбо 169,2 працэнты да адпаведнага перыяду папярэдняга года. Экспарт тавараў склаў 198,2 млн.долараў ЗША альбо 136,9 працэнтаў да адпаведнага перыяду папярэдняга года. І, як вынік, знешнегандлёвае сальда станоўчае – звыш 40 млн.долараў ЗША. Працаўнікі сельскай гаспадаркі таксама шчыравалі: толькі за два папярэдгнія месяцы бягучага года выраблена валавой прадукцыі на 10,2 млн рублёў, а гэта рост амаль на 8 працэнтаў. Валавы ўдой малака склаў 9,5 тыс. Тон альбо 108,3 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. За гэтымі лічбамі стаіць руплівае ўпраўленне кіраўніцтва раёна, і самаадданая праца вяскоўцаў. І я радуюся за вас, мае землякі!

Найперш зварачваю ў Міхнавічы да Віталія Мурылёва, свайго творчага настаўніка. На жаль, на пагост. Кланяюся, успамінаю радасны час нашага сяброўства ў Маладзечне, Салігорску, яго дружалюбныія парады і адметны гумар таленавітага журналіста.

Пад’язджаючы да Малінавай (ранейшыя назвы вёскі - Свінка, Малінаўка) узгадваю колішнюю васьмігодку, дзе пасля філфака БДУ імя Леніна выкладаў родную мову і літаратуру будучы пісьменнік, публіцыст і навукоўца Рыгор Семашкевіч, які мкнуўся даць дзецям нашмат больш за школьную праграму. Дарэчы з ім сябраваў мой калега па пяру, зямляк і вядомы беларускі паэт Мар’ян Дукса.

Зараз у Малінавай жыве настаўніца гісторыі Вішнеўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, апантаная роднай моваю і літаратурай, шчырая маці двух цудоўных сыноў і дэпутат Вішнеўскага сельскага Савета дэпутатаў Нэлі Іпалітаўна Тумаш. З гутарак з землякамі ведаю, што за сваёю настаўніцай дзеці бегаюць як за маці: яна і паспачувае, і падтрымае, і параіць як паступіць у складанай сітуацыі. Пра такіх як Нэлі Іпалітаўна кажуць: работа любіць адданых прафесіяналаў. Летнімі канікуламі, ушчымляючы сваіх родных, настаўніца ладзіць з вучнямі веласіпедныя вандроўкі да хрысціянскіх храмаў, дзеці знаёмяцца з краявідамі азёраў – Нарачы, Блакітных. Наўзаем вучніў дзячныя ёй за лучнасць, педагагічны досвед і адданасць прафесіі.

Вішнева… Колькі загадкава-кранальных старонак вучнёўскага і больш позняга часу нашага сталення звязана з цэнтрам нашай ваколіцы: першае слова правапісу і першая літара, першае каханне і першая здрада. Для мяне асабіста Вішнеўская школа – светлая радасць на ўсё жыццё. Няхай мы вучыліся ў старых драўляных будынках, што стаялі воддаль адзін ад другога як не за паўкіламетра, заўжды прыхадзілася рупіцца. Пра будаўніцтва цаглянага будынка новай школы, якое распачлося ў верасні 1977, інфармацыя з "Настаўніцкай газеты" у аўтара захоўваецца…

Былы вайсковец, а цяпер студэнт-журфакавец БДУ на адной з вечарын у новым калгасным клубе сустрэў і пакахаў на ўсё жыццё завуча школы-выпускніцу філфака Белдзяржуніверсітэта Нону Васілевіч. Амаль 35 год адпрацавала ў школе. За плённую працу на педагагічнай ніве яна ўзнагароджана нагрудным значком "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь", мноствам Ганаровых грамат ад абласной да Вярхоўнага Савета БССР. Ужо больш за 40 год мы разам. Выгадавалі і выўчылі двух дзетак, якія таксама набылі вышэйшую адукацыю ў тым жа БДУ: сын з залатым медалём скончыў школу мастацтваў і факультэт міжнародных адносін з адзнакай – дыпламат, дачка – радыёжурналіст і іміджмейкер. Калегі жартуюць пра нашых унукаў, маўляў, бюджэтныя месцы ў тым жа універсітэце і для іх зарэзерваваныя…

Спыняюся ля школы. Узгадваю першых школьных медалістаў – Аляксандра Лукшу з гаранскіх хутароў, які за выдатную вучобу атрымаў "залаты" медаль і Уладзіміра Пумпура (былога дырэктара і старшыню сельскага Савета дэпутатаў) з Краснаазёрнай, уладальніка "срэбранага" медаля…

Над полем жаўранак усходзіць,// Над борам ліўні шалясцяць.// Са мной у любасці і згодзе// Рака, папары, сенажаць.//

Зялёны, росны дым курыцца// Пад белым буславым крылом.// Калі ж ударыш, бліскавіца,// Не ўдар, прашу я, над гняздом.//

Няхай сталеюць птушаняты,// Адтуль, з глыбокай сінявы, жагнаць крылом ім гэту хату,// І гэты плёс, і паплавы...

Аркадзь Жураўлёў.

3 комментария:

  1. Колькі год сачу за вашай сп. Жураўлёў творчасцю і скажу толькі адно: ёсць і ў Маладзечне сапраўдны пісьменнік, хто жыва адклікаецца на ўсе праявы нашай рэчаіснасці. Таму я ўпэўнены: жыць беларускаму слову! Але ж і дзяржава павінна падтрымліваць творцаў з рэгіёнаў, а не толькі "званых і выбітных", а хутчэй пакліканых мінчукоў, хто трымае ля сябе ці лепш - пад сабою літ.-мастацкія выданні". Іван Іванавіч Беларус

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. Дзякуй за адданасць роднаму слову. Але пішуць маладзечанскія аўтары і ў часопісах Маладосці, Полымі, іншых выданнях. Дарэчы, некаторыя няблага пішуць. Саюз пісьменникаў Беларусі мусі быць каардынатарам творцаў і прапаноўваць для дзяржаўнага фінансавання новых выданняў твораў пісьменнікаў з правінцыі. Я так разумею...

      Удалить
  2. Рэгулярна чытаю ваш, сп.Жураўлёў, блог і засмучаюся тымі вашымі сябрамі па літцэху, якія моўчкі, бы тыя хціўцы, заходзяць, чытаюць, але каментароў сваіх не пакідаюць. Што гэта? Зайздрасць ці нежаданне сказаць слова падтрымкі калегу? Арсен.

    ОтветитьУдалить