24.02.2011

БУМЕРАНГ. Раздзел шосты. Бумеранг.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

БУМЕРАНГ

Дэтэктыўная аповесць

Раздзел шосты.

Бумеранг.

- Пачынаем адпрацоўваць версію "Сваяк", - пачаў Фралоў. Неабходна тэрмінова зрабіць запыт у калонію, дзе ён адбываў пакаранне, як мага больш інфармацыі, клічку запытайце, паводзіны і г. д. Не забудзьце пра дактакартатэку.

Раптам зазвінеў тэлефон. Маёр падняў трубку.

- Алё, слухаю...

- Ну, здагадайцеся, што за навіна?

- Сваяк Яўкімава з павіннай прыйшоў?

- Не адгадаў. Дабравольскага выпісалі! Так што папаўненне ў нашых радах.

- Заданне зразумела?

- Так точна!

- Старшы групы лейтэнант Каравай. Усе свабодны!

Маёр Фралоў паволі ішоў бетоннай набярэжнай. У люстэркавую плынь ракі глядзяцца духмяныя ліпы, беластвольныя бярозы, маладыя дубкі, стройныя елкі, ніцыя вербы – увасабляючы цудоўную беларускую прыроду. Усюды кветкі – і ў зялёнай яркай траве, і на кустах, і на дрэвах. Паветра напоена пахам квецені. Над духмянымі кветкамі заклапочана гудуць працавітыя пчолы. Не змаўкае птушыны хор. Маёр прыпыніў крок, успомніў як акурат такой парой год колькі таму на гэтым самым месцы бралі маладых асабліва небяспечных злачынцаў, якія шматразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за крадзеж і рабаванне кватэр гараджан.

Скрозь ціхаплынную ваду было відаць пазелянелае дно. У засені маладых ліп і каштанаў, калі надыходзіць восень і паступова ўсё змяняе сваю зялёную вопратку на больш яркі ўбор, ён, калі надараецца якая вольная хвіліна, прыходзіць сюды з унукам: пацешыць малога, ды й самому адпачыць. Ён і сёння знарок выйшаў з упраўлення, каб абдумаць усё, улічваючы загад палкоўніка. Круг расследванняў забойства прадпрымальніка Мінлюкевіча акрэсліваўся : сям’я Яўкімавых, "пераблытаныя" дзеці: сын Сяргей ад сваяка Яўкімава Сямёна, пра што да сённяшняга дня той і не ведае. "Удалае супадзенне", - як па сакрэту казала маёру Ларыса Яўкімава. Патрэбна ў школе пабываць, каледж наведаць. Хлопец пастаянна значыцца ў рапартах інспекцыі па справах непаўналетніх. На лёгкую ўдачу маёр не разлічваў. Ён са сваімі супрацоўнікамі гатовы быў да ўпартага пошуку.

Набярэжная кончылася. Пачалася мяккая сцежка паўз самую ваду да адрамантаванага моста. Ён перайшоў на другі бок. Тут, на прасторнай лугавіне, лягчэй думалася.

Праверка бараў, кафэ і рэстаранаў, дзе можа аб’явіцца спакусы да вясёлага жыцця Сямён Пятровіч пакуль што не далі жаданых вынікаў, але, здаецца, бармэнша штосьці ведае. Узбаўтнула яна аператыўнікам, што нядаўна двое, малады і намнога старэйшы мужчына, абмывалі куплю новай кватэры. Пасля таго і Комар далажыў маёру пра падазронага хлопца, на якога выйшла раённая міліцыя.

Маёр памятаў медыцынскае заключэнне пра напад на Дабравольскага: "удар тупым цяжкім прадметам". У сувязі з гэтым выплывала ў памяці клічка "баксёр". Дарэчы, кулак баксёра можа быць такім прадметам.

Ён вярнуўся ва ўпраўленне і распарадзіўся перадаць у раёны – затрымаць Яўкімава Сяргея Міхайлавіча, 1985 года нараджэння, не працуючага, прапісанага па вуліцы Ф. Скарыны, д. 51, кв. 20. Можа быць у 22-м гаражным каператыве, альбо ў кафэ прыватных. Здымкі яго атрымалі?

- Так!

Вясёлае, іскрыстае сонца пасля ўчарашняга дажджу паднімалася рухавей звычайнага, зазірала ў акно ярка, і цень ад галінкі ясеня пакалыхваўся, варушачы злёгку свежае паветра. З прычыненай форткі ў пад’ездзе павявала ранішнім халадком, водарам квецені і лета. Аператыўнікі прыслухоўваліся да ранішняй цішыні. Даўно, калі быў яшчэ малы капітан Каравай, часта ўставаў адразу за бацькам, чыгуначнікам, справодзячы яго соннымі вачыма на работу, услухоўваючыся ў такую ж цішыню...

Раптам пачуліся няўпэўненыя крокі. Рэха іх даносілася ўсё выразней. Па гуку вызначылі, што мужчынскія. Вось толькі хто? А яны ўсё набліжаліся. Хаця б ніхто цяпер не выйшаў з кватэры і не папярэдзіў. Вось яны ўжо побач. Апошні лесвічны марш...

Калі ранішні госць зрабіў колькі крокаў да дзвярэй новай кватэры, з боку ліфта, з верхняй пляцоўкі пачуўся упэўнены голас:

- Не рухацца! Міліцыя! Рукі, уверх рукі!

Фралоў моўчкі глядзеў на малодшага Яўкімава. Таксама, як і бацька, коротка астрыжаны, маленькія баязліва-насцярожаныя вочкі яго бегалі, нібыта шукачы штосьці знаёмае, што магло б засцерагчы, выцягнуць яго адгэтуль. Час ад часу пазіраў на свае кулакі, якія, быццам, хацеў схаваць. Фралоў таксама заўважыў гэта, успомніў згадку пра натрэніраваныя маладыя кулакі, але не спяшаўся задаваць пытанні. Ён ведаў пра гэтага яшчэ зусім маладога хлопца, яго сям’ю. Фралоў глядзеў яму прама ў твар, ён хацеў дапамагчы хлопцу, прызнацца ва ўсім.

- Скажы, Сяргей, чаму ты не працуеш? Дома грошай не бярэш. Хто поіць і корміць цябе? За што ты жывеш?

- Пры корэшах не прападзеш...

Хлопец насцярожана паглядзеў на маёра. Фралоў адчуваў, што ён нечага баіцца.

- Хто ж ён, гэты багаты Бураціна?

- Ну што вы да мяне прысталі! Не чапаў я Мінлюкевіча! Гэта дурны Даранскі ўсё прыдумаў. Ён і арганізаваў усё з кватэрай. Спытайце, спытайце ў яго.

- Спытаем. Ты толькі не хвалюйся. Мы верым табе, Сяргей.

Фралоў глядзеў, як Яўкімаў стукаў сябе па каленях, і калі той супакоіўся, напаўголасу папытаўся:

- Дзе хаваецца Сямён Пятровіч?

- Дзе – дзе? У Жоры, канечне. У Мянліцкага.

- Малайчына. – А часам не чуў, Сярожа, прозвішча Дабравольскі?

- Не знаю я ніякага Дабравольскага! І не чуў!...

Капітан Каравай дастаў запісную кніжачку, што выслізнулася з кішэні Яўкімава пры затрыманні, паклаў перад ім на стол.

Сяргей ажно перасмыкнуўся, спалохаўся яшчэ больш. Твар яго раптам пачырванеў, вочкі забегалі.

Фралоў не сумняваўся, што прыйдзе пацвярджэнне, што гэта ён разам з дзядзькам Сяменам выканалі абедзьве справы. Яго цікавіла цяпер адно пытанне: "Няўжо старэйшы Яўкімаў не ведаў пра ўсё гэта? Сябе зняславіў, дык яшчэ і дзяцей за сабой пацягнуў. Гэта паталогія адной сям’і, ці што?"

Адбіткі пальчыкаў на сумках, што не ўдалося здаць з рук у рукі Вікторыі з бара прадпрымальніка Георгія, Жоры, як яго ўсе завуць, Мянліцкага, (замінаў нечакана з’явіўшыся Дабравольскі) аставіў здавалася такі пільны Сямён Курганскі. Во куды куркі з людскіх падворкаў прападалі і за што тыя самі карміліся! Значыць, таксама працавалі. А тое ўсё спісвалі на каршукоў, маўляў, галодных драпежных птушак распладзілася...

Заключэнне стацыянарнай комплекснай судовай псіхіаэмацыянальнай экспертызы Марыі Яўкімавай. У ім пра доўгатэрміновы псіхатраўміруючы фактар і стан афекту.

Суд апраўдаў Марыю з-за адсутнаасцю складу злачынства, кваліфікаваў як самаабарону.

Як на папярэднім, так і судовым следстве ўсе хаўруснікі віну сваю прызналі. Доказаў хапіла з верхам. А вось змякчаючых віну акалічнасцей так і не знайшлося.

Толькі малодшы Яўкімаў у сваім заключным слове на судзе сказаў:

- Гэта табе, бацька, удзячнасць вярнулася бумерангам за выхаванне нас, за ўсе грахі, што здзейсніў перад сваімі дзецьмі, перад Богам. На сваю пацеху жыў. І не малюйся перад людзьмі, позна спахапіўся малітоўніка...

Кожны атрымаў па заслугах у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам. Зала апладзіравала. Маці, Ларыса Яўкімава, быццам захмялеўшая, смяялася.

Толькі Маша выглядала адзінокай, нікаму не патрэбнай, як тое пустазелле, што расце само па сабе.

А зала глядзела на яе і, нібы суцяшала, жадала: "Выпрабаванні выпадаюць на долю кожнага чалавека. Вось і твая чарга, няхай недарэчна, няхай брыдка. Не падай духам, Марыя, не страчвай веру ў лепшае. Памятай, што чалавек, загартаваны выпрабаваннямі, робіцца больш моцным і трывалым"...

А ў гарадскім парку ўжо кружылася, абсыпаючы прахожых першае жоўтае лісце позняга лета. Сонца па-ранейшаму кіпела на пярэстых колерах зямлі і дрэў.