06.02.2015

МАЕ ЗАПОЗНЕНЫЯ, АЛЕ ШЧЫРЫЯ ВІНШАВАННІ ПАТРЫЯРХУ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ МІКОЛУ ЯКАЎЛЕВІЧУ АЎРАМЧЫКУ

МАЕ ЗАПОЗНЕНЫЯ, АЛЕ ШЧЫРЫЯ ВІНШАВАННІ ПАТРЫЯРХУ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ МІКОЛУ ЯКАЎЛЕВІЧУ АЎРАМЧЫКУ

Даруйце за спазненне, але я заўсёды схіляю галаву перад Вамі - патрыярхам беларускага слова, Творцам, класікам, перад Вашым творчым даўгалеццем. На вялікі жаль, мне не давялося патрапіць на Вашу творчую вечарыну ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Даруйце. Але я ніколі не забуду Вашай шчырасці і спагады пад час пошуку матэрыялаў пра М.Пашкевіча. І тыя Вашыя нататкі "Тры сустрэчы" захоўваю з трэпетам.

Ваш лёс нагадвае шлях майго цесця з Мядзельшчыны - Аляксандра Паўлавіча Васілевіча. Ён таксама быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію, г. Гамбург лагер Лянкенгерт. І вызвалілі англічане, і потым быў у ГУЛАГУ на Данбасе, на "перавыхаванні". І таксама амаль пяцьдзесят год жыў пад страхам. Сваім мала што расказваў, ажно да пачатку 90-х гадоў.

Шаноўны Мікола Якаўлевіч! Я ўжо пісаў Вам, што мая жонка, як выпускніца нашага філфака (БДУ,) часта бывала на Вашых сустрэчах. У нашай сям'і і зараз захоўваюцца Вашыя кніжкі "Універсітэцкі гарадок", "Агледзіны" з даравальнымі надпісамі "Нонцы Васілевіч. Цвіціце і прыгажэйце!" Бяру Вашыя кніжкі, чытаю, а перад вачамі бачу Вас, нібыта тут, побач, акурат вось так, як аднойчы (і ўсяго толькі !?) сустракаліся на факультэце журналістыкі, у старым будынку.

Паверце, гэта не панегірык. Гэта ад сэрца.

Вы, Мікола Якаўлевіч, унікальны ў многім. Па-першае, Вы асабіста ведалі Янку Купалу - такіх людзей сёння ў Беларусі ўжо адзінкі, на жаль. Па-другое, Вы выпеставалі, далі пуцёўку ў творчае жыццё добраму дзясятку майстроў паэтычнага слова. А гэта ўжо заслугоўвае пашаны і падзякі. Сёння, на вялікі жаль, няма такіх літаратурных школ, дзе б можна было паспавядацца перад вялікім Творцам. Пазайздросціць, не ўключыць у калектыўны зборнік з-за справядлівага слова, не заўважыць ... - гэта зараз могуць. Хто бліжэй да выдаўцоў, той і на кані. А не тое што сказаць адно аднаму цёплае слова пра твор ці прысвяціць верш, апавяданне... Але гэта ўжо іншы сказ.

Зычу Вам, шаноўны Мікола Якаўлевіч, доўгіх і шчаслівых гадоў! Лічу, ды што лічу, упэўнены, калі ззаду засталіся 95, тое і наперадзе будзе не менш. І толькі ў добрым здароўі, гуморы, прыязнасці да людзей!

Абдымаю Вас. Аркадзь Жураўлёў, Маладзечна, зіма 2015.