30.01.2017

Жонка і фінансавы крызіс

Жонка і фінансавы крызіс

Гумарэска

Што зрабіў са мной глабальны фінансавы крызіс? Здаецца, мінуў той вірус, калі не лічыць галаўнога болю, павышанага крывянога ціску і горычы. А каб і вас, паважаны чытач, не зачапіў свавольнік-крызіс, хачу папярэдзіць... Але давайце ўсё па парадку.

Па-першае, ніколі не пярэчце свайму непасрэднаму кіраўніцтву калі яно прапануе абмежаваць ваш апетыт, скараціць рост наяўнага патайнога грашовага абарачэння ў вашай кішэні. Змаўчыце велікадушна. Гэта спатрэбіцца як алібі, бо праз дзень-другі давядзецца трымаць справаздачу. Пакуль жа вашы страты пакрые матэрыяльная дапамога ад …сяброў. Калі ў іх кішэнях не дзынкалі манеты, ты тут як тут быў. Выручаў! Так! Цяпер іх чарга настала.

Жонка не западозрыць.

Па-другое, калі ўжо прыйшлі да кансенсусу, замацаваўшы пагадненне кантрактам, і вы настроіліся на атрыманне банкнотаў па-новым метадзе, не спяшайцеся цешыць сябе. Раптам перад самым банкаматам прапануюць паставіць подпіс у расходным ордэры з запісам у касавай кнізе і патрабаваннем … прышпіліць квіток з таго ж банкамата.

Жонка адобрыць такі кантроль.

Здаецца, цяпер вам нішто не пагражае. Перасцярога - з усіх бакоў. Але... Раптам увечары, калі ўся сям’я ў зборы, пачынаецца пералік прынесенага заробку і … легалізацыя патайнога мужчынскага "фонду". А як вы думалі? Сямейную мытню прашмыгнуць з заначкай на ціхія мужчынскія радасці, прыхаванай, напрыклад, у каўнерыку ці манжэце сарочкі, пад сцелькамі чаравікаў ці ў шкарпэтках, за падкладкай пінжака ці ў каляіне для гумкі трусоў ці нават ў ... жончыным станіку, што зараз ляжыць ў карзіне для бруднай бялізны?! Не атрымаецца! Спытаеце пра вопыт тых мытнікаў, альбо як стала вядома? Ды ўсё проста: крызіс падштурхнуў актывізаваць кадравыя рэзервы. Сума заначкі, не ўключанай у ліміт касы, уміг выяўляецца і канфіскуецца жонкай або па даверанасці ва ўстаноўленым парадку і… цешчай. Так-так, менавіта цешча дакладна ведае ўсе патайныя месцы мужчыны. Эх, каб не было жонкі, не замінала б і цешча! Раней мог майстар-клас па заначванні даць. А цяпер хвалююся. Хаця ведаю, што тут ужо не да антымоніі, і сам намацваю рэзервовы фонд. Раптам яго ўжо цешчына вока цю-цю, загіпнатызавала і…Былі сакрэтныя грошыкі, ды ўсе выйшлі! Эй, паважаныя! А вось тут нагадваю пра парушэнне маіх правоў: – знайшоўшаму клад належыць усяго 25%! Вось так: адна ма-а-ленькая дэталька, а якая вага! (Казалі, што яшчэ лёгка адбрахаўся, маглі б удзвюх і гайдара даць).

Жонка будзе на сёмым небе.

А той штраф, што змушаны быў выплаціць за адкрыццё несанкцыяванага ўласнага (у такі час!) бюджэту адпавядаў памеру гадавой заначкі, што склалася не толькі ў аднаго мяне, а і таго, хто не мае звычкі мімаходзь марнаваць грошы на мілыя жаночыя дробязі.

Няўжо і ўсім нам, мужчыны, зараз прыйдзецца "здаваць" свой заробак да рубля? А захоўваць і распараджацца сямейным бюджэтам будуць … жанчыны! Як здарова харчавацца і здорава жыць без заначкі? Можа і крыўдна. Але справядліва. І дублёр мне пакуль не патрэбны. Супакойваю сябе на рэгулярных "непрадбачаных абставінах" – юбілеі, наваселлі, дні народзінаў калег, іх дзяцей і ўнукаў і г.д. Пакуль кожнага "адсвяткую"…Багатыя пацешкі. Так што сякі-такі рэзервовы фонд (цьфу-цьфу, каб не сурочыць) павінен быць!

Так што і вы, чытач, калі не адносіцеся да групы рызыкі па заначцы і з удзячнасцю ўспрымеце крызіс ва ўласнай кішэні – вы надзейнае звяно ў ланцужку зменлівага настрою фінансавай кабеты. І сваім учынкам можаце пазбавіць многіх ад галаўнога болю, перападу крывянога ціску і горычы. Бо як ратунак прыходзіць жончына, ўсмешка: - Вось цяпер фінансавы крызіс і нам не страшны!

Я таксама радуюся за жонку, бо яна не зусім збянтэжыла мяне і не спяшаюся адымаць у яе права ведаць усе магчымыя і немагчымыя выхады з цяжкага становішча. Бо і сам ведаю, калі ў споры з жанчынай, ты ўзброены толькі логікай, фактамі і здаровым сэнсам – у цябе няма шансаў: жанчына валодае асаблівым на гэта нюхам.

А тое, што мой уласны бюджэт ніжэй за ватэрлінію апусціўся, - з’ява часовая.

Ах, якая разумная жонка мая!

1 комментарий:

  1. Дык гэта ж цудоўны твор для беларускага "Вожыка"!
    Іван Маскоўскі.

    ОтветитьУдалить