20.10.2010

БУМЕРАНГ. Раздзел першы. Гульня ў жыццё.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

БУМЕРАНГ

Дэтэктыўная аповесць

Раздзел першы.

Гульня ў жыццё.

У нядзелю ўся сям’я Васіля і Ларысы Яўкімавых сабралася за абедзеным сталом. Заканчэнне політэхнічнага каледжа сынам Сяргеем адзначалі напярэдадні, тады сабралася багата гасцей, не было толькі Ніны, сястры Ларысы. Яна вырашыла наведацца днём пазней, каб не сустрэцца з Васілём, хросным бацькам яе дачкі. Аднак, непрыемнай сустрэчы пазбегнуць не атрымалася. Даведаўшыся пра яе візіт, Васіль таксама чакаў. Добра падрыхтаваўшыся чаркай, сеў насупраць, не звяртаючы ўвагі на жонку і дзяцей.

Вось ужо колькі часу Ніна не з’яўлялася дома, разам з дачкой жыла ў сяброўкі, пазбягаючы выпадковых сустрэч і з дзеверам, намагалася зразумець, чаму, пражыўшы пад адным дахам больш за пяць год, людзі раптам становяцца чужымі. Ці не раптам?

Афіцыйна яны разышліся з Сямёнам ўжо даўно, аднак працягвалі жыць разам (развод той быў чыстай фікцыяй). Падрастала дачка, Сямён ніколі не быў клапатлівым, кахаючым мужам і бацькам, затое паспяхова спраўляўся с роллю хатняга лайдака, і …палюбоўніка знаёмай жонкі. Гаспадар нават ганарыўся тым, што за ўсё жыццё ніводнага цвіка не забіў. З працы пастаянна затрымліваўся, "нарада, камандзіроўка" і г. д. і т. п. А сам ішоў … налева. А калі вяртаўся заўсёды быў раздражнёным, агрэсіўным, абскарджваў, прыніжаў, патрабаваў вячэру, выцягваўся на канапе і безмэтава шчоўкаў кнопкамі на пульце тэлевізара.

Аднойчы ў п’яным угары ўдарыў дачку, а потым і жонку. Другім разам, выламіўшы міжпакаёвыя дзверы, пацягнуў Ніну да балкону, пагражаючы выкінуць з сёмага паверха. Калі б дачка не лінула з чайніка кіпятку на ногі, невядома чым бы ўсё закончылася. Пакуль ён адыходзіў суткі ў міліцыі, Ніна, сабраўшы самыя неабходныя рэчы, разам з дачкой пайшла з дому.

Што рабіць далей, было не зразумелым. Не будзеш жа вечна хавацца ў маці, альбо ў сябровак. Муж пастаянна тэлефанаваў: то пагражаў, то прасіў прабачэння і ўпрошваў вярнуцца. А вяртацца было страшна. І так працягвалася гадамі.

Ніна ўжо даўно прывыкла разлічваць толькі на сябе. Атрымаўшы дыплом эканамічнага ўніверсітэта, дакрочыла па кар’ерных прыступках галоўнага бухгалтара буйнога прадпрыемства. Дачка тым часам скончыла школу і паступіла ў інстытут.

А вось муж і бацька іх, Сямён Пятровіч, паспеў "адпачыць" на мазырскіх нарах за згвалтаванне, і цяпер тры тыдні як на волі. На працу пакуль не ўладкаваўся, асабліва не бяруць з такім кляймом, ды й на "любую" работу ён не надта што хоча наймацца: тут яго многія памятаюць, іншыя пабойваюцца, і аддаляюцца: сваяк Яўкімава. Застаецца вытрымаць колькі часу, калі міліцыя не дапаможа ў працаўладкаванні, да сябрукоў вымушаны звярнуцца. Пакуль жыццё не адновіцца быццам і нямілым для яго стаў зусім родны горад з яго вуліцамі і паркамі, сметнікамі і падваламі…

Мінулага свайго ён не саромеўся, быў час пазнаёміцца з гісторыяй рэкордных тэрмінаў турэмных заключэнняў. І гэтым у "сваіх" кампаніях ганарыўся, многія ўжо пераказвалі тыя гісторыі іншым, зайздросцілі. Расказваў пра народавольца Марозава, асуджанага за ўдзел у падрыхтоўцы замаху на жыццё Імператара Аляксандра II, і які правёў у адзіночнай камеры больш за дваццаць год, напачатку ў Аляксееўскім равеліне Петрапаўлаўскай крэпасці, затым у Шлісэльбургскай. Да гэтае пары навукоўцы б’юцца над разгадкай феномена Марозава, які ператварыў турму ў … "свае ўніверсітэты". За час зняволення ён напісаў больш за 15 тысяч старонак геніяльных навуковых прац па астраноміі, біялогіі, філасофіі, геалогіі, гісторыі, гісторыі культуры, матэматыцы, навуковыаму атэізму, фізіцы, хіміі, мовазнаўству, іншым навукам і зрабіў некалькі адкрыццяў сусветнага значэння. Знявольнік Марозаў тэарэтычна прадказаў і падрабязна абаснаваў як складанасць будовы атама, распрацаваў асновы якаснага матэматычнага аналізу, вывучыў некалькі замежных моў, пісаў вершы. Праз два гады пасля зняволення Марозаву без абароны было прысвоена вучоная ступень доктара навук. А ў хуткасці міністэрства асветы царскага ўраду зацвердзіла яго ў званні прафесара, нягледзячы на афіцыйную адсутнасць нават сярэдняй адукацыі. І, хаця Васілю Яўкімаву, як і яго сваяку Сямёну Курганскаму да народавольца Мікалая Марозава далёка, але сваю адметную кемлівасць, звязаную з крадзяжамі дзяржмаёмасці і хабарам, праяўлялі з маладых зубоў…

Капітан крымінальнага вышуку Іван Дабравольскі паволі крочыў па набярэжнай ракі. У гэтым раёне ён апынуўся выпадкова, не па службе. Тут ён хадзіў, калі быў у падраздзяленні грамадскай бяспекі, патруляваў разам з дружыннікамі. Але то была работа. А цяпер ён глядзеў на ўрослы паўз рэчку сквер. За скверам, цераз вуліцу, стаялі старыя, але пафарбаваныя, адноўленыя дамы, а ў двары некаторых засталіся старыя сады, якія прыгожа цвілі вясной.

Раён адносна ціхі, на ўсю вуліцу ўсяго два бары. Публіка збіралася ў іх не тая, што круціцца ля розных там "гадзючнікаў".

Пайсці ў міліцыю Дабравольскага ўгаварыў пасля арміі сусед. Ён служыў участковым інспектарам і пераконваў, што лепшай работы, чым служба ў міліцыі, быць не можа. Ён і дапамог Дабравольскаму. Пакуль што Іван жыў на кватэры ў дзядзькі чакаў месца ў інтэрнаце. Пасля строгае ваеннае дысцыпліны ён цешыўся сваёй самастойнасцю, вялікім горадам, які быў для яго прываблівым і загадкавым.

Дабравольскі ўжо трохі пабачыў у жыцці, але яго цікавілі маладыя людзі, рослыя і малыя, але дагледжаныя, якія цэлымі вечарамі маглі сядзець у барах, нібыта гэта была ў іх галоўная работа. І дзяўчаты былі пад іх – гэтакія ж выгледжаныя, з аголенымі рукамі і спінамі, нават сцёгны некаторых блішчэлі-заклікалі да сябе. Маладыя людзі адчувалі сябе гаспадарамі і на міліцэйскі нарад не звярталі ўвагі, толькі злёгку касавурыліся, некаторыя з іх дазвалялі сабе і абразлівае слоўца выкінуць. Міліцыянеры не паддаваліся на правакацыю, і гэта, здавалася, дадавала ім гонару, але, як казалі некаторыя наведвальнікі, "дарэмна не рэагуюць на знявагі гонару стражаў парадку пры выкананні". А кампаніі прыходзілі і прыходзілі, адныя дзяўчаткі па дзве-тры, сядзелі цэлыя вечары, пастрэльваючы вачыма. Была, здаецца, сярод іх і Маша. Да іх падсядалі таксама джынсавыя і ў шортах каторы, хлопцы, і заказвалі курыцу-грыль, па сто пяцьдзесят водкі, кактэйлі, піва. Ішла гутарка, стаяў гогат, пераскоквалі дзяўчаты з аднаго крэсла ў другое, а каторая і на каленькі да хлоцаў заскоквала, а перад закрыццём бара дзяўчаты выходзілі разам з новымі кавалерамі пахіхікваючы. Многія, хто больш-менш рэгулярна наведваўся на вячэру сюды заўважаў, што дзяўчаткі былі прыкладна адны і тыя ж і што кавалераў яны мянялі даволі лёгка і ўсё пахіхіквалі…

Дабравольскі не хацеў нават самому сабе прызнацца, што больш за ўвесь гэты гармідар яму падабаецца барменша Вікторыя, маладая, белавалосая, якую многія ласкава звалі Вікуша. Яна быццам не чула гэтае "Вікуша", зеленаватыя вочы глядзелі спакойна і роўна, крышку скрозь цябе. Толькі маглі варухнуцца вусны, як у царыцы.

Дабравольскага яна запомніла, віталася, калі ён заходзііў, але вочы глядзелі паўз яго, некуды вышэй, як заўсёды, больш нават і вокам не павяла, працягвала гаварыць. І зусім не прывычная раўнадушша было ў гэтым паглядзе, а пагарда. Калі не да яго асабіста, то да такіх, як ён, па другі бок стойкі. Дабравольскі адчуў, што ў грудзях у яго пачынае падымацца злосць.

Злосць не прайшла і пасля таго, як ён сядзеў за сталом, пакрысе адпіваў з бакала шампанскае. Яно было занадта халоднае і не мела смаку. Тоненькае шкло зашарэла ад холаду. Цяпер толькі Дабравольскі адчуў, што ў бары душнавата, пахне цыгарэтным дымам, і яму захацелася хутчэй пайсці адсюль.

Віка з-за стойкі раптам наструнілася, яе халодныя зеленаватыя вочы ажылі. Дабравольскі перахапіў яе позірк і, нібы суправаджаў яго той позірк на вуліцу, дзе толькі што праехаў, уключыўшы правы паварот, серабрысты "Опель".

Дабравольскі не заўважыў, што кінулі вока на тую машыну яго суседзі па століку, ля якога доўга стаяла барменша Віка.

Невядома, што павяло Дабравольскага, але ён, не задумваючыся, завярнуў за вугал дома. Машына стала ў двары ля металічных скрынак для смецця. На двары ўжо шарэла.

Мужчына адкінуў вечка адной са скрынак, падклаў спяша падрыхтаваную кардоніну, і з багажніка адна за адною хутка пераставіў тры ладныя сумкі, зверху зноў жа прыкрыў лістом кардону.

У гэтае ж самае імгненне капітан улавіў лёгкі шоргат чалавечых крокаў ззаду, памкнуўся азірнуцца, але акурат у гэты момант нешта цяжка абрынулася на яго галаву.

Мужчына, зрабіўшы сваю работу, сеў у машыну, матор якой працаваў, і паволі, без уключаных габарытаў выруліў на вуліцу.

П’янаватыя дзяўчаты, у якіх шлеечкі ўжо ніяк не хацелі трымацца на плячах, а кароценькія спаднічкі рабіліся яшчэ больш кароткімі, не заўважылі, калі выйшаў з залы Дабравольскі, як не звярнулі ўвагі і на сваіх кавалераў, якія толькі што забаўлялі іх моцнымі напоямі і пацехамі. Кампанія пакінула бар.

Праз нейкі час барменша тэлефанавала ў міліцыю, што па дарозе дадому ў двары яна заўважыла ляжачага міліцыянера.

Комментариев нет:

Отправить комментарий