Як мяне швагер "прапісваў"
Частка 1
Мядзельшчына. Поўдзень. Сонца прыпякала так, што мроіва было да трымцення ўваччу. На другім баку ракі распылялася, разносілася вадзяная прахалода, паліваючы калгасны сенакос.
Палівальную ўстаноўку раз на тыдзень перацягвалі трактарамі на свежае месца, дзе трава чэзлая, а тое глядзі паспела і пажаўцець,прыпаліцца ад такой спёкі. Я, студэнт-маладажон БДУ прыехаў на лета да жончыных бацькоў, ды дзе там да бацькоў, да жонкі, якую не бачыў мо з тыдзень.Добра з чаркаю папалудняваўшы, швагер прапаноўвае паказаць даўжанскія краявіды, ды цесцеў новы "каўчэг" паказаць у справе. Цесць напачатку не пагаджаецца: "ці ж не будзе другога вольнага часу, каб катацца па рацэ", але яго пераканалі і той даў доўгую жэрдку (на Смаргоншчыне кажуць "баўтач", на адным канцы прымайстравана драўляная, альбо гумовая булавешка, якою і штурхалі човен, і рыбу заганялі), а таксама - веялку, каб выліць, калі ёсць з чаўна ваду.
Мы рушылі да ракі Вузлянкі. Паколькі было сказана, што човен новы і літаральна чысты, я пайшоў амаль ў новым касцюмчыку. Прайшоўшы праз рослае маладое жыта, у якім цвыркалі конікі і пырхалі свавольнікі – вераб’і, мы аказаліся на беразе ракі. Тут жа стаяў прымкнёны да ўкапанага ці не на метр углыб слупа той самы "каўчэг": невялічкі, у дзве дошкі з вузкім як той лыч у худой свінні носам і крыху шырэйшай пятой, човен, паходзіў на байдарку, толькі з адкрытым верхам, хутчэй для дзіцячай забавы, у якую зараз двум дзецюкам давядзецца ў садзіцца. Хаця, як памятаю з дзіцячых гадоў, у нас, у Гаранях, была такая ж пласкадонка ў старога Расахацкага, ды бывала ветрам прыганяла з таго боку, з Хацілак, ці яшчэ адкуль. Іх, такія лодкі, у большасці выкарыстоўвалі тыя, хто не быў вялікім рыбаком, а выехаць надвячоркам на сваю прысьбу і ціхенька паставіць невялікую сетку ці нерат, ды каб ніхто не чуў плёскату вёслаў і на патэльню штодня была ў яго свежая рыба. Выкарыстоўвалі ў нас тую лодку і паляўнічыя на качак: сядзіш на пяце і паволі папіхаеш лодку жэрдкай, сам жа трымаеш напагатове стрэльбу.
Жвагер тым часам выліў з чаўна ваду і, па праву былога матроса, запрасіў мяне на борт. Зняў чаравікі і падкасаўшы пад калена калошыны з юнацкім імпэтам сышоў з крутога берага і ўскочыў у човен і я. Паколькі ў тым чаўне не было аніякай дошкі (з дому ж узяць не здагадаліся), але прадбачачы далейшае, цесць адразу прапанаваў "садзцца як мага ніжэй, бо лодка толькі як для аднаго", як той сподачак, нізкая, чаго добрага і саслізнуць можна. Прыйшлося сесці на карачкі. Човен адразу апусціўся ў ваду на ўсю дошку, я ледзь не войкнуў: ваду ж бачыў ці не з пялёнак, на Свіры вырас, а ў такой сітуацыі ні разочку не быў.
-Трымайся, сынку,- папярэджвае швагер, а сам з усяе моцы адштурхоўвае човен, які разразае прыўзнятым носам цмяную рачную ваду, падмінаючы пад сваё днішча гарлачыкі, на якіх любяць сядзець шызыя стракозы. Ля самага берага, у затоках, плаваюць павучкі, у такіх месцах, як звычайна, добра клявала рыба. Раптам жэрдка у руках швагера трапляе ў яміну, амаль уся хаваецца, той узгадвае, што некалі невадам на гэтым месцы з бацькам выцягнулі ці не з пяць кілаграмовых шчупакоў…
21.07.2010
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий