26.07.2010

Як мяне швагер "прапісваў" (2)

Як мяне швагер "прапісваў"

Частка 2

- Вунь бачыш сцежкі – хады баброў. Вярнуліся, - кажа, толькі ці надоўга.

Чаму? - пытаюся.

- Ды ёсць тут адзін аматар прыроды, які не адну лясную жывёліну загубіў.

Пазней на свае вочы бачыў задушаных у петлях ласёў ды казуль, пра якія браканьер той ці тое забываўся, бо безліч ставіў тых петляў-капканаў. І гіне жывёліна пакутнай смерцю.

- Гад! Самога б у тую пятлю!..

Плыве, шапаціць па вадзяной роўнядзі наш човен, паабапал - стракатая кветкавая лугавіна ў абдымках траў, што асвяжаецца зараз чысцюткім бісерам той штучнай дзённай расы. Вось-вось, здаецца яе, тую расу, падхопіць свавольнік–вятрыска і панясе на ўскраек вёскі, дзе чакаюць тую прахалоду і два сялетнія, яшчэ не спрабаваўшыя свайго крыла, бусляняці на воданапаўняльнай вежы, дзе змайстравалі гадоў за дваццаць таму гняздо-буслянку белакрылыя птахі.

Раптам перад самым наўранскім мастом швагер паварочвае човен назад, на свой бераг. Негаваркі звычайна, а зараз пасля добрага абеду балабоніць без упынку. Цяпер згадвае пра службу на Балтыцы, аб страшэнных штормах і марской хваробе, розных флотскіх прыгодах, пра якія нам ,"пяхотным салагам", і не снілася. За такімі цікавымі гісторыямі зваротны шлях падаўся куды карацейшым. Раптам ужо ля самага берага з’явілася невялічкая качка-чырок, швагер настаўляе жэрдку, цэліцца.

- Зняў бы, як піць даць. Хутчэй бы Паўлавіч стрэльбу перадаў.

- Навошта ж губіць жыццё! – пярэчу яму. Сам жа толькі асуджаў таго браканьера.

- Жартую!

Я прыўстаю ледзь не ва ўвесь рост: ногі зусім зацяклі. Назіраю за наваколлем. Якая прыгажосць!

Раптам човен чыркае ў той жа слуп, да якога прымыкаецца, і я ў касцюме, у акулярах, што толькі былі на пераноссі, імгненна выкульваюся ў ваду. Швагер з’едліва смяецца. Я ж разгублена, ад нечакагнасці, боўтаюся ў вадзе, вылажу на бераг. З мяне вада цячэ як з дзіравай бочкі.

- Ну, вось і прыпісаў я цябе, швагер да нашай вёскі. - Гаранеўскі рызыкант,- пасміхаючыся з мяне, расплыўся ў задаволенай усмешцы былы матрос.

- Акуляры!...

Швагер тут жа дае нырца. Сноўдае па рачным дне. Нарэшце дастае акляры, падае мне, а сам усё яшчэ смяецца:

- Яшчэ паглядзім як цябе жонка сустрэне ў такім выглядзе?

На шчасце ўсё абышлося. Сям’я добра пасмяялася. А касцюм той высушыла і адпрасавала ўдзячная цешча…

Колькі год мінула, а ўспамінаецца той выпадак у летняю спёку заўжды з лагоднай усмешкаю.

1 комментарий:

  1. Мне очень понравилось! Как будто все только что промелькнуло перед моими глазами. Спасибо за минуты удовольствия. Ирина.

    ОтветитьУдалить