05.02.2010

Тэлефонны званок (8)

Тэлефонны званок

Частка 8.

Яны яшчэ доўга кружляліся на машыне па горадзе пад раздольны шаляпінскі голас: Выйду на улицу, гляну за село-о-о Девки гуляют, и мне ве-е-ое-е-ло-о...

Нарэшце Генадзь супыніў машыну. Выйшлі шчаслівыя ад надыходзячай свабоды. Яго рукі смялей лашчылі яе доўгія i гожыя пальчыкі з акуратным манікюрам. Залаціста-зялёныя вочы блішчэлі, з запалам гучаў яе жыццярадасны дзявочы смех.

У невялічкай утульнай зале разлівалася вясёлая летуценная мелодыя. На іх ніхто нават не звярнуў увагі: некалькі пар былі ў палоне гукаў i святламузыкі. Твар Марыйкі асвечваўся рознакаляровымі агнямі, на імгненне ўсплываў з ценю, затым патанаў у цемры, толькі наўкола ўспыхвала i знікала чырвона-зялёна-сіняе. Дзяўчыну захапіў рытм. Ап'яняючая мелодыя, якая падганяла вясёленькую безупынную песеньку, узбуджала, быццам удыхала свежую бадзёрасць у яе, Марыйкі, маладое цела. I яна пачынала яшчэ хутчэй, заплюшчваючы вочы, з натхненнем выгінацца. Танцавала дзяўчына лёгка, рабіла прыгожыя гарманічныя pyxi рукамі i ўсім спакуслівым целам. Ёй было лёгка i весела.

У перапынках яна з Генадзем падыходзіла да знаёмага хлопца бармена, які па першым прафесійным шчаўчку пальцаў правай, з пудовымі кулакамі, рукі Генадзя — «Мне як заўсёды!» — падаваў залацістыя кактэйлі.

Яны павольна цягнулі пітво праз саломінкі, смакуючы дурманячы напой. Хлопец гаварыў Марыйцы ўзнёслыя словы, шаптаў нешта на яе маленькае ружовае вушка, цалаваў прама тут, ля стойкі, напачатку ў руку, затым яго губы ўжо ўпэўнена казыталі яе малінавыя i спелыя вусны. Потым зноўку была музыка, дзікі танец, што агортваў забыццём. Праз нейкі час хмель пачаў праходзіць. Яна ўсё часцей пазірала на гадзіннічак, і думкі былі ўжо далёка ад гэтай свабоды. Калі ж Генадзь адчуў, што дзяўчыну штосьці трывожыць, Марыя рашуча сказала:

- Ну i духацішча тут, выйдзем на паветра.

Працяг будзе.

Аркадзь Жураўлёў.
E-mail: zhuravlev@tut.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий