03.01.2010

Тэлефонны званок (5)

Тэлефонны званок

Частка 5.

Яна пераапранулася, знайшла нейкую анучу i пачала праціраць падлогу. Затым перайшла ў пакой, дзе ляжала бабуля. I тут борздзенька, амаль не дышучы, вымыла даўно не фарбаваную, выцертую падлогу. Увесь гэты час яна аніводнага разу не азірнулася на ложак, уявіўшы, што бабуля пільна сочыць за кожным яе рухам поўнымі слёз вачыма.

Калі Марыйка скончыла прыбіраць у яе пакоі i хацела ўжо выходзіць, данёсся сіплы ціхі шэпат:

- Ты, унучка, маёй смерці не пужайся. Я пражыла сваё. Жыццё зараз дрэннае. Усё дорага, а грошай заўсёды мала. Дый мне што зараз патрэбна? Дзякуй Богу, Алена побач. Добрай душы жанчына. Аб усім мы з ёй гаворым. Вось ляжу тут адна i аб усім успамінаю: як расціла свайго Міколку. Ведаеш, а што цяпер стары чалавек, як камень на дарозе. Усім заміна-е-е...

Голас яе паступова слабеў, гучаў не зусім зразумела. Марыйцы здалося, што яе несправядліва абвінавацілі ў жудасным. Але хто вінаваты? Навошта яна,тая смерць, такая жорсткая i чаму прыходзіць так рана? Ці ж не можа чалавек прыстойна пражыць адведзены Богам свой тэрмін, свой век?

Марьі адразу неяк захацелася быць больш ласкавай i ўважлівай да хворай бабулі. Яна на імгненне ўявіла, як штораніцы ходзіць у краму, як здзіўляюцца сяброўкі бабулі, што сядзяць i перамываюць костачкі, той чысціні ў кватэры i таму, што нарэшце Надзея Карпаўна пайшла на папраўку.

Марыйка выліла пракіслы абед. Прынесла сумку з матчынымі прыпасамі, зрабіла ладныя бутэрброды, акуратна разлажыла ix на талерцы.

- Табе патрэбна, бабуля, есці,—пачала ўгаворваць хворую. Пры гэтым яна старалася вышэй узняць падушку пад галаву старой, каб той было зручна есці.

- Тады прыбудзе моц, i ты паправішся. Шчэ да cвaix сябровак будзеш бегаць у двор.

Цела хворай сутаргава тарганулася, галава з'ехала з падушкі, скінуўшы бутэрброд. Марыйка з жахам убачыла, як з роту бабулі пацёк цёмны струменьчык. Не памятуючы сябе, дзяўчына кінулася да дзвярэй, разгубленая, але ўсё-такі сабралася з воляю, набрала «03».

Пакуль прыехала «хуткая дапамога», Марыйка забілася ў пусты няўтульны пакой i сядзела на вылінялай канапе, падцягнуўшы пад грудзі ногі i аберуч ix абхапіўшы. Яе круглыя пужлівыя вочы ўтаропіліся на дзверы.

Працяг будзе.

Аркадзь Жураўлёў.

E-mail: zhuravlev@tut.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий