19.12.2009

Тэлефонны звонок (4)

Тэлефонны звонок
Працяг.

Частка 4.
Марыйка толькі цяпер убачыла на табурэтцы некранутую міску халадніку, кубак пракіслага малака i лустачку чэрствага хлеба.

Яна зірнула на ложак, з якога сваім напружана-засяроджаным поглядам сачыла бабуля. Іх вочы сустрэліся. Раптам вугалкі вуснаў бабулі крыху разышліся, вочы пасвятлелі. Ва ўнучцы яна няйначай разглядзела сябе ранейшую. Такая ж маладая, прыгожая i ўпэўненая, якой была яна на самым пачатку сынавай жаніцьбы. Пра што зараз думалі абедзве? Мо пра страчаныя гады ўзаемнай ласкі, радасці i нечага агульнага. Што засталося ў яе, былой настаўніцы?

Адныя сцены гэтай вось двухпакаёўкі i ніводнай душы, якая б магла зразумець, падтрымаць. Ніводнай, калі не лічыць суседку, якая хутчэй з жалю прыглядае. З-за яе пагарды нават былыя калегі адвярнуліся. Вось так i здарылася, што сярод яе глабальных думак пра адукацыю, выхаванне соцень іншых школьнікаў не знаходзілася месца думкам пра ўласную ўнучку. Хаця i яе Мікола не з тых, хто першым саступіць i працягне руку. Гэта не раз імкнулася разгадаць Марыйка. Аднак так i не ўдалося ёй гэтага зрабіць. Хаця неаднойчы, употай, калі ўжо была ў старэйшых класах, уцякала наведаць бабулю, ды ўсё дарэмна: бацькі вярталі дадому. I вось цяпер нешта як зварухнулася ў ix душах. Нічога не гаворачы адна адной, моўчкі расчуліліся. Па ўпалых шчоках Надзеі Карпаўны пакацілся нявыплаканыя пакутлівыя слёзы. Марыйка схамянулася, паднесла хусцінку, у яе зашчыпалі падфарбаваныя вочы.

— Хадзі сюды, — раптам дакранулася да яе суседка. — Я на працу пайду, а ты вось што, паслухай. Два разы на дзень тваёй бубульцы патрэбна рабіць уколы. Вось каробачка з морфіем, — паказала на стол. Выклікай «хуткую» раніцой i ўвечары. А ў пятніцу пойдзем у домакіраўнцтва, наш завод таксама будзе спыняцца на тыдзень. Хоць нейкую карысць зробім. Ну ўсё, змагайся.

Марыя вярнулася ў пакой. Захацела прысесці, але на крэсле былі брудныя плямы-разводы. Яна ўспомніла пра рукі, пайшла ў ванны пакой i вымыла з мылам, спаласнула вусны. Пацягнулася да ручніка i ўбачыла, што ён, нібы сажа. Сілы яе пакінулі. Нічога не заставалася, як сесці на край ванны i ціхенька даць волю слязам.

Праз колькі хвілін да яе прыйшло паразуменне, што ўсё прыйдзецца рабіць самой. Патаемна яна адчувала, што цяжкасці, мажліва, часовыя.

Марыйка занесла свае рэчы ў свабодны пакой. Тут, на падлозе, таўшчэзным слоем ляжаў пыл. Па вуглах звісала сетка шэра-серабрыстага павуціння з добрым дзесяткам высахлых мух. Акрамя кніжнай шафы, напалову застаўленай рознымі пажаўцелымі кнігамі, часопісамі, стаяла выцвілая, добра зашмальцаваная канапа.

Працяг будзе.

Аркадзь Жураўлёў.

E-mail: zhuravlev@tut.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий