27.11.2009

Тэлефонны званок (1)

Тэлефонны званок

Апавяданне
( У 11 частках)

Частка 1.

Марыя Завацкая ў школе ўсе адзінаццаць гадоў была харашысткай. Аднак нішто не замінала ёй амаль усе выпускныя экзамены здаць на пяцёркі. «Сакрэт» быў просты: дырэктар школы часцяком звярталася за фінансавай дапамогай да маці вучаніцы, якая працавала галоўным бухгалтарам камерцыйнай фірмы. I гэта ўжо, як выказваліся самі вучні, быў канчатковы разлік. Толькі тыя пяцёркі не дапамаглі, не пайшлі на карысць дзяўчыне: Марыя на першым жа экзамене ў інстытут з трэскам правалілася. I як потым хавалі свае вочы настаўнікі, якія нацягвалі тыя самыя ліпавыя пяцёркі, калі беспадстаўна ўхвалялі дзяўчыну на педсаветах. Асабліва няёмка пачувала сябе англічанка, якая на апошнім годзе работы ў школе схіліла галаву перад дырэктарам. I вось — на табе! Дзяўчыне нічога не заставалася, як ісці ў тэхвучылішча.

Раптам Марыю Завацкую, маладую рабочую буйнога прамысловага прадпрыемства, бацькі вырашылі прапісаць да безнадзейна хворай бабулі, якая павінна з дня на дзень адысці на той свет. Марыйцы, як не дзіва, але не хацелася выязджаць са свайго роднага i ціхага, няхай і правінцыйнага, гарадка ў сталіцу. Тым больш бачыць, як пакутуе бабулька, якую дзяўчына ледзьве помніць. Але ўсё ж яна павінна была ехаць, маці пераконвала, што інакш страцяць двухпакаёўку, а жыллё зараз хто як можа, так i хапае. Казала таксама, калі Марыйка выйдзе замуж, дык у яе не будзе аніякага клопату з жыллём. Цягнуць з гэтым нельга.

Падумаўшы i параіўшыся са сваёй блізкай сяброўкаю, таксама зборшчьцай, Марыйка ўявіла сябе гаспадыняй двух шыкоўна абстаўленых пакояў, дзе можна дазволіць сабе вольна ладзіць вечарынкі, пазбавіўшыся апекі бацькоў, i пагадзілася. На перроне маці, быццам малой, яшчэ доўга расказвала дачцэ, што дзе ляжыць, напамінала, каб не забылася паснедаць у дарозе, ды нагадвала пра настойлівасць:

- Глядзі, асцярожнай будзь, дый не ацялягвайся, дачушка! - настаўляла маці. — Прыедзеш, абавязкова пазвані. Але ж напачатку даведайся, што i як трэба рабіць у ЖРЭУ. Ну, ты павінна ўжо ведаць: мы не раз аб гэтым гаварылі.

-Мама, я не маленькая, — незадаволена паціскала плячыма і моршчыла свой высокі лоб Марыйка, аглядваючыся навокал, быццам баялася, што іх могуць падслухаць. Сапраўды, яна ўжо даўно не маленькая. Высокая, у бялюткіх у абліпку джынсах, чорнай з рэчавага няйначай рынку замежнай кофтачцы з ладным выразам i невялічкаю вышытай ружаю яна нагадвала прыгажуню з подыума. Цёмныя, веерам распушчаныя валасы надавалі яе маладзенькаму тварыку загадкавы выгляд.

Працяг будзе.

Аркадзь Жураўлёў.
E-mail: zhuravlev@tut.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий