Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 8
Андрэй таропка вярнуўся назад да той палаткі, дзе разышоўся са сваімі і, папярэдзіўшы іх "пагуляць шчэ з гадзіну-другую па рынку пакуль ён вырашыць свае неадкладныя справы", памчаўся на машыне ў суседнюю вёску, пра якую толькі што згадвала тая бабуля на рынку. Машына ішла хутка, але матор працаваў так ціха, што шоргат шын аб асфальт нагадваў шыпенне змей, якіх ён сустрэў яшчэ ў маленстве ля Вінцусявага хутара, калі прысеў зразаць маладыя ды крамяныя баравыя чорнагаловікі.
Лёгкі, ледзь прыкметны павеў свежага ветрыка кратаў прыазёрныя верба-лозіны, ды малачава-сіваватая павалока зводдаль застывала над водамі, дзе ў надбярэжных гушчарах хаваліся туманы. Чым бліжэй Андрэй пад’язджаў да вызначанай вёскі, трывога ўзрастала.
Зноў зазваніў яго тэлефон.
-- Не разганяйся, капітан, я бачу цябе ў бінокль, - раздаўся ў трубцы голас Аляксандра. – За два кіламетры ты будзеш на аб’екце: нашы знаёмыя за зоркай Героя прыехалі. Іх чорны "Бумер" у пачатку вёскі. Я – побач, у кустах. Лясную дарогу хутка ўбачыш, звярні на яе, я – ля сваёй "Маздзы" і пры тым не адзін. Ермакова, памятаеш? З намі служыў, толькі ў другой брыгадзе?
-- З Талянам? Ён жа ў сістэме МВД! Вось яно што: ўсё зразумеў. Канец сувязі.
Андрэй добра памятаў Ермакова, з якім не аднойчы сустракаліся пасля службы ў дзень дэсантніка. Малайчына ён, не кідае сяброў, у якія б сітуацыі не траплялі, ну, канешне ж, не супрацьпраўныя. А так, плячо сваё заўсёды падставіць.
Каля дарогі прамільгнуў сасновы пералесак, і машына, збочыўшы з бальшака, загойдалася на выбоінах пакручастай лясной дарогі, воддаль якой, на невялікай і квяцістай палянцы стаяла і Сашкава "японка".
-- Ну, прывітанне!
-- Здарова! Знаёмцеся. Гэта аператыўнікі з райаддзела. Яшчэ трое – на тым канцы вёскі.
-- Ды я ўжо зразумеў. Паціснуў кожнаму руку, сказаў :” Мы іх, гадаў, на гэты раз не ўпусцім”.
-- Давай краба, братан. Андрэй моцна паціснуў мускулістую руку баявога сябра. Затым дастаў з кішэні сваёй чорнай вятроўкі невялікі, але тоўсценькі чырвоны сцізорык з блішчастымі крыжыкамі на абодвух яго баках, што дастаўся яму з той апошняй міжнароднай гуманітарнай дапамогі, пачаў стругаць лазовы прут.Гэта ён робіць заўсёды, калі хвалюецца ці аб чымсьці думае.
-- Увага ўсім! - скамандаваў Ермакоў. — Максімальная сканцэнтраванасць. Аб’ект вяртаецца да аўтамабіля. Гатоўнасць нумар адзін!
У гэты момант нават тут, у лесе, дзе толькі што заліваліся, спаборнічалі ў спевах птушкі, усё прыціхла. Цішыня стаяла незвычайная. Здаецца і вунь на купцы таго невялічкага балотца ні адна травінка не адважыцца зварухнуцца, каб не спудзіць, не абудзіць залішнюю падазронасць новых яго наведваль-нікаў. І толькі лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца.
Хаўруснікі ішлі вольна, іржалі як тыя ўкормленыя жарабцы, задаволеныя ад ўдала правернутай чарговай аперацыі, аб чым сведчылі вясёлая гамана іх
і чорны партфель, які адчыніла тлустая правая рука з вялікім залатым пярсцёнкам, што пабліскваў, і, якая трымала, перабірала жменю за жменяй
тыя баявыя і працоўныя ордэны і медалі вяскоўцаў, І як толькі першы спабаваў адчыніць дзверы свайго жалезнага каня, раздалася настойлівая і патрабавальная каманда:
-- Ні з месца! Міліцыя! Ўсім -- рукі на капот! Ногі – на шырыню плячэй!
-- С-сука! Як падшыванцы папаліся, -- праскуголіў галоўны з іх, у якога Ермакоў толькі што адняў пісталет.
-- Я так і ведаў: канцы трэба было адсякацць, мачыць трэба было таго салдата. Так і не паездзіў я на сваім "мэрсе". Менты паганыя, і адкуль вы ўзяліся? -- пытальна вылаяўся маладзейшы злодзей і ці не з усяе сілы як шпульне той партфель: нарабаваныя ўзнагароды як не да адной павысыпаліся на траву. Сярод якіх блішчэла і Залатая зорка Героя Сацыялістычнай Працы.
-- У перадавой даяркі Камароўскай ўсё ж вымаглі. Запужалі, што хату спаляць, калі не адасць. Ірады,-- патлумачыў Ермакоў.
Андрэй, падышоўшы як мага бліжэй да маладога расчырванелага ад злосці дзецюка, які дзён колькі таму падстаўляў да яго сківіц рулю, рэзка, па-майстэрску, выхваціў пісталет з-за пояса, загрэў таму ў сківіцы, якія ажно заскрыпелі як санныя палазы ў марозны дзень, спакойна адышоўся.
Той застагнаў, брудна вылаяўся, прыгразіў расквітацца.
-- Гэта першы твой кантакт са мной, "за усердие в службе" што называецца. І малі Бога, каб быў падобны кантакт апошнім, а тое не адзін хірург твае костачкі не складзе. Як і кожнага з вас. Вы мяне ўзур’ёз раззлавалі, шакалы! -- нарэшце не стрымаўся Андрэй.
-- Без самадзейнасці, хлопцы! Я б і сам такіх адстрэльваў як бадзялых сабак, толькі суд у нас ёсць, ён разберыцца з імі. Па чырвонцу ім ўжо гарантавана, не сумнявайцеся. І доказы іх віны ўжо маем. І вось гэтая зброя павінна пра многае сказаць не на іх карысць. Так што дзякуй, хлопцы, за карысную дапамогу, без вас мы яшчэ доўга разблытвалі б гэты клубок злачынстваў. Вы акурат ў час звярнуліся, а цяпер гэтая групоўка атрымае па заслугах, - сказаў падпалкоўнік Ермакоў, паціснуў ім рукі і толькі затым перадаў па рацыі чарговую каманду:
-- Я – першы! Прыём! Канец аперацыі! Карэту -- "музейшчыкам"!
-- Прыём, я - другі! -- Ёсць -- карэту "музейшчыкам"!
Працяг будзе
Комментариев нет:
Отправить комментарий