09.03.2009

Рэкецiры_9

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 9

Яны вярталіся ў райцэнтр кожны на сваёй машыне. Аляксандр, як заўсёды, першым, за ім – Андрэй. Дзесьці пасярэдзіне шляху яны падабралі старую Ўладзю.

-- Гэта ж я, кажу сабе, Андрэйка, як ты мяне паважаеш. Надумалася ў галоўны банк пайсці, каб нямецкія тыя грошы перавесці на Ірынку, байстручачку нашу. А то адбяруць тыя рэхеціры, а дзіцёнка ж шкада. Ох, як шкада! Ці ж вінаватая яна, што такая маці. Няма больш каму за яе заступіцца. А Светка зусім разбэсцілася. Усё прапівае, што б ні прывязла. Колькі ні сарамаціла, а ёй мой сорам як таму цюцьку. Што за век дзікаваты настаў?

Ён зірнуў у люстэрка задняга віду і ўбачыў разгублены і змучаны твар цёткі Ўладзі. І такая злосць яго агарнула і на яе пляменніцу, і на ўсіх яе сабутэльнікаў..

А яна ўсё працягвала гаманіць, быццам на споведзі.

-- Я ж, мой ты Андрэйка, шчэ гаспадарку трымаю дзеля іх. А цяпер вось як перапужалі тыя рэхіціры, дык ногі зусім адымаюцца. І як шчэ трошкі па-жыць, каб Ірынку падняць, вывучыць. Яна -- у восьмым класе. Добра вучыц-ца, але худзенькая, як не свеціцца. Каб ужо Бог злітаваўся прашу штодзень і штоноч.

Раптам старая перапыняе набалелае і расказвае чарговую навіну.

-- Андрэйка, а ці чулі вы, што сёння ў хаце зажыва згарэў Юрка Анюцін?

-- Даскакаўся. Хаця той людзям шкоды не рабіў: лавіў рыбу, грыбы, ягады збіраў, здаваў нарыхтоўшчыкам альбо па ўдовах разносіў за гарэлку, тым і жыў. Гэта ўжо другая знішчаная ім хата. З першай паспеў выскачыць, як цыгарэта п’янаму прасмаліла бакаціну. На гэты раз, відаць, не пачуў.

-- Ды,напэўна, ўжо. Але праўду кажаш, людзям той не замінаў. Відаць, за тыя два тэрміны, што адседзеў за калгаснае дабро, якое выцягнуў з зерне-склада, добра адвучылі не браць чужога. Хаця напачатку ў маці таксама пенсію адымаў. А пасля абразумеўся. Каб шчэ і гэтых, што вы сёння спайма-лі, таксама адвучылі.

-- Яшчэ як адвучаць! Але не будзем, цётка, настолькі злымі і не спачувальнымі. Хаця як сённяшнія, для іх не патрабую спагады, бо яны існавалі на гэтым свеце як у мары абыякавасці і бездухоўнасці.

-- Во, дзеткі, які зараз свет пайшоў!

Ён падвёз старую да ашчаднага банка, а затым забраў з рынка жонку з унукам. Яны выхваляліся набытымі абновамі для Іванкі, які так і свяціўся, як не спяваў ад радасці.

-- Дзед, паглядзі якую мне бабуля куртку купіла і красоўкі!

-- Бач які ты ўжо кавалер! – усміхнуўся дзед і злёгку пахлопаў ўнука па плечуку.

Малы ад дзедавай паблажлівай і шчырай падтрымкі яшчэ больш становіцца радасным і ўзрушаным.

-- Заўтра мамцы з татам патэлефануем!

-- Ну, канешне патэлефануем, -- як не ў адзін голас адказалі дзед з бабаю.

Як звечарэла, але пакуль не села разагрэтае за дзень сонца і ў хатах не свяціліся агні, а толькі сцямнела неба і згасалі размаітыя фарбы летняга дня, сцішылася ад гамонкі вёска, падрыхтавалася спачыць ад клопатаў, у загадзя расчыненыя Андрэем вароты ў сад, дзе быў яго гараж, сцішана уехала легкавушка.

Гэта быў Аляксандр. Ён нёс ладныя два пакункі, якія адразу ўручыў гаспадыні і Іванку.

-- Дзякуй, Саша. Толькі навошта траціўся: усё ж ёсць. А вось што прыехаў
-- малайчына! - прыветліва сустрэла госця Валянціна. – Андрэй зараз прыйдзе. Вячэра ўжо гатовая.

-- Класны, Сашка, канструктар! Я такога не бачыў. Здорава! – ухваляў, быццам сталы, свой падарунак малы.

-- Ну вось і цудоўна! Разбярэшся сам, салдат?

-- Лёгка!

Увайшоў Андрэй. Мужчыны пераглянуліся, усміхнуліся, зноў паціснулі адзін аднаму рукі, хаця зранку бачыліся.

-- Як там твае дзяўчаты?

-- Нармальна. Праўда больш за бабуляй гоняцца. Растуць дзяўчаткі нашы. Ну і дзянёк, Валянціна, сёння быў у нас!

-- Ведаю, ведаю. Вы, як заўсёды, на вышыні. І я вамі задаволена.

-- Дзякуй, Валюша!

Іх сяброўская вячэра зацягнулася далёка за паўноч. Валянціна з Іванкам таксама сядзелі побач, слухалі ўспаміны баявых сяброў. Унучок абяцаў, што "як вырасце абавязкова будзе дэсантнікам і заслужыць крапавы берэт, як у яго дзеда і Сашкі", якога па просьбе апошняга так і называў "Сашка". Потым яго вочкі ўсё зліпаліся і зліпаліся, ажно пакуль дзед не паабяцаў навучыць яго баявым прыёмам і не занёс, паклаўшы і распрануўшы ў ложак, не адпускаў.

Назаўтра раніцою, калі вяскоўцы яшчэ не выганялі ў поле скаціну і ў лесе, як і на рэчцы – мір і цішыня, і барвовае сонца марудна, толькі-толькі пачынала выкатваць з-за лесу свой вогненны шар, Аляксандр, выпіўшы ладны кубак казінага малака, што падала ўдзячная гаспадыня, у добрым гуморы вяртаўся дадому, дзе яго чакала мяккая і спагадлівая Таццяна і дзве светлавалосыя ўнучачкі, Ліка і Анечка. Толькі празрыстае і звонкае паветра, як шкло яго машыны, і вялікая раса з сяброўскага саду, што пакінула свае сляды на яго чаравіках і штанах, нагадвалі аб наступаючым ясным летнім дні.

Па салоне разносіўся і зрэдку вырываўся праз адчыненую фортку на волю надрыўны голас Газманава пра афіцэраў. Сашка таксама падпяваў спеваку.

-- Pro aris et focis*, -- вымавіў ён ўслых як скончылася песня.

Ён вяртаўся, радаваўся і верыў, што тут, як і ў іншых гарадах і вёсках жывуць яго, іх з Андрэем, надзейныя баявая сябры, якія ў любы час дня і ночы прыдуць на дапамогу людзям, каб пазбавіць іх ад нелюдзяў. Каб старыя жылі, дажывлі свой век з ўпэўненасцю ў такі ж як і сённяшні надыходзячы ясны дзень.

У светлае заўтра.
---------
* За алтары і ачагі (лац.), выказванне Цыцэрона, г.зн. змагацца за самае важнае, самае дарагое.

Комментариев нет:

Отправить комментарий