Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 7
Увесь гэты час, што прайшоў пасля той сустрэчы з рэкецірамі, Андрэй думкамі быў там, на той вайне, яго не адпускала памяць аб сябрах, якія так і не дачакаліся светлага дня сустрэчы з роднымі, як і апошнія не абнялі сваіх абаронцаў – сыноў і ўнукаў, мужоў і зяцёў, бацькоў і братоў. Дык там жа столькі тых духаў і зброі! А тут, дома, на яго з Сашкам зямлі, нейкія вылюдкі рабуюць і здзекуюцца з людзей, сваіх жа матуль, вяскоўцаў. Жруць чужы хлеб і не падавяцца.
"Ну, і чаму замоўк камандзір? Дзе ты падзеўся? Чаму столькі часу не тэлефануеш?" -- гэтыя пытанні ставіў ён сам сабе, але адказу пакуль не знаходзіў. А так карцела хутчэй пірагі адпячы тым малойчыкам.
У нядзелю Андрэй з сям’ёй паехаў у райцэнтр тое-сёе унуку ды й жонцы якую-небудзь прыемную дробязь купіць і сабе які новы інструмент нагледзець. Апошнім часам з гэтае яго слабасці жонка ўжо не кпіць. Няма за што папракаць, калі ён сваімі рукамі такі дом адбудаваў. А ў тых, хто зараз на вёсцы застаўся, нават гнаявых вілак, як і сякеры не ў кожным двары пазычыш. Андрэй любіць працаваць добрым, няхай і не зусім танным, інструментам, але сваім.
Ля адной з палатак, калі Валянціна з Іванкам затрымалася ля дзіцячага адзення, Андрэй на свае вушы чуў горкі аповед старой, але жвавай яшчэ сухенькай бабулі пра няшчасце, што напаткала яе. Колькі дзён таму да яе завіталі трое маладых мужчын. Прадставіліся супрацоўнікамі музея і што збіраюць дакументы, рэчы, узнагароды ветэранаў для новай экспазіцыі. І забралі ўсе ўзнагароды нядаўна адышоўшага ў іншы свет яе мужа. Відаць, знаёмая прадавец супакойвала няўсцешную ўдаву, інтэлігентную, стрыманую, якая не саромелася слёз сваіх за ўкрадзеную дарагую памяць.
"Гэта тых малойцаў почырк", -- падумаў ён пра сябе, а ў бабулі ўсё ж спытаў:
-- Дык дзе гэта было і калі?
-- У дваццаці кіламетрах ад горада тыдзень таму, дзіцятка. У вёсцы шчэ ёсць і ветэраны, і ардэнаносцы.
У Андрэя раптам перасохла ў горле. Ён распытаў, як выглядзелі тыя "музейшчыкі", падзякаваў і, крыху адышоўшы воддаль, першым, у парушэнне дамоўленасці, набраў нумар камандзіра. Мілагучны жаночы голас у трубцы адказаў, што "абанент недаступны ці знаходзіцца па-за полем дзейнасці тэлефоннай сеткі". Гэта яшчэ больш ўстрывожыла Андрэя.
"Нешта ты задумаў, браце. Няйначай адзін вырашыў дзейнічаць? Не, Санёк не з тых, каб так паступіць, гэта ўжо калі па абставінах, а на ўсю аперацыю, не. Значыцца штосьці ў яго з’явілася," -- супакойваў як мог сябе.
У яго галаве то з’яўляліся, то знікалі ўсё свежыя і свежыя думкі, трывожыўся. А калі тыя яго вылічылі, бо пыталіся пра вайсковага сябра. Ён стараўся пазбавіцца тых недарэчных думак, гнаць іх прэч.
Раптам яго насцярожанасць парушыў тэлефонны званок. Ураз яго твар засяродзіўся. : хто б гэта быў?
-- Нарэшце, камандзір, я ж ў табе ніколі не памыляўся!
-- Андруха, праз паўгадзіны сустракаемся каля Азёрнай, гэта ў дваццаці кіламетрах ад горада. Заўважыш іх, без маёй каманды не ўступай. Будзь на сувязі.
-- Я цябе зразумеў! Да сувязі!
Працяг будзе
Комментариев нет:
Отправить комментарий