21.02.2009

Рэкецiры_6

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 6

Андрэй вытрымаў яшчэ два дні, а на трэці яго колеру спелай вішні "Аудзі" ўжо імчалася ў райцэнтр, дзе ён сустрэўся са сваім былым камандзірам афганскага ўзвода, з кім з’едзены не адзін пуд солі, маёрам запаса Аляксандрам Пацэем, ці проста камандзірам, які заўсёды "быў на вышыні людскасці і маральнасці", як любіў у мужчынскай кампаніі шчырых вяскоўцаў паўтараць Андрэй.

-- Я заўтра ж дам табе, стары, поўную інфармацыю па банкаўскіх "прадпрымальніках". Вадзіліся і раней за імі падобныя справы, ты ж ведаеш – служачыя, яны і ёсць служачыя.

-- Памятаеш, як у нас такіх вылюдкаў адразу пускалі ў расход? -- падагуліў тую кароткую размову Андрэй.

-- Не трэба крыві і ахвяр. Мы шчэ тых ірадаў перавыхаваем, вось толькі б не спазніцца. І без самадзейнасці, -- ты мяне зразумеў, Андруха?

-- Ну, канешне. Ты б бачыў якім я быў паслухмяным хлопчыкам, калі мне да сківіц падстаўлялі пісталет.

-- Вось і малайчына, што паслухмяным быў! А той пісталет, наколькі я ведаю, нясе разгадку да многіх крывавых разгадак. І "байцы" тыя мне ўжо вядомыя. Адзін – сынок былога старшыні калгаса, другі – дырэктарскі, трэці ў іх за памочніка.

-- Адкуль табе вядома?

-- Не забывайся, Андруха, я ўсё ж баявы камандзір, які не выходзіць на адпачынак, колькі б гадоў яму ні стукнула.

-- Я рады за цябе, камандзір! Па-сяброўску пахлопаў яго па плячы.

У гэты вечар, калі Андрэй працаваў у садзе, а сусед, у якога за плячыма было дзве пяцёркі гадкоў, біў у дварышчы сваю маці, якая апошнія гады таксама ўзялася за чарку, але на пенсію якой яны ўдвух жылі як не дзесяць год. Міхась, калгасны млынар, мужык Манькі, памёр год з дзсяць таму, а вось сынку іх адзінаму, вожычку, якога клікалі з-за кучаравай у маленстве, ды й пазней ужо, шавялюры, было, як кажуць, трын-трава. Каб стаць надзейным памочнікам маці ў хатніх справах, дык ён стаў абібокам, якога не толькі вытурылі з машыны "Хуткай дапамогі" ўчастковай бальніцы, а і пазней -- са школьных качагараў. Старая ляжала пасярод дварышча і кленчыла:

-- Валодзька, ня бі мяне, Валодзька!

-- Дзе грошы схавала, курва старая? Гавары, а то зацягну на магільнік.

-- Валодзька, сынок, ня бі, ой баліць усё…

Голас старой ўсё слабеў, а дзіравы чаравік, што быў на спрытных некалі ножках яе сына, якія не аднойчы туліла да сваіх вуснаў, ўсё біў і біў сваю адзіную матулю, дзеля якога яна, напэўна, не шкадавала анічога. У такія моманты Андрэй толькі паспяваў забавіць, адцягнуць увагу ўнучка, як некалі і свайго сына, каб тыя з маленства нават не чулі, не тое што бачылі таго дзікунства, а сам не мог стрымаць сябе і толькі жонка ўтрымлівала ад здзяйснення расправы, пераконвала яго, што нельга быць самаўпраўным суддзёй.

-- Яны заўтра ж будуць разам віно піць, а ты ў дурнях застанешся. Не будзеш ведаць куды вочы свае адвярнуць. Ты гэтага хочаш?

-- Ну ты ў мяне ААН! Ён здзекуецца з маці, а ты мірыш мяне заўсёды з гэтым вылюдкам! Міратворца! Ды такіх сыноў патрэбна знішчаць, як тых духаў, а ты мяне стрымліваеш. Не трэба ж быць такой раўнадушнай, -- ускіпаў Андрэй.

-- Я зусім не раўнадушная. А вось жывучы у вёсцы, даражэнькі, павінен ведаць і вясковыя законы. Ты бачыш, што ніхто не спяшаецца ратаваць. А чаму? Таму, што такіх гаротніц у вёсцы як не праз хату. Вунь што вытварае яшчэ адзін твой сусед! Ты ж ведаеш ужо колькі ў нашай вёсцы старых халасцякоў - абібокаў?

-- Ты лічыш, што яны павінны вось так беспакарана здзеквацца над сваімі матулямі? Ды іх што да аднаго сабраць і гной на фермах няхай чысцяць.

-- Яны шчэ адкажуць перад нябёсамі, - казала мудрая жонка. – А ў старасці кленчыць будуць за кожны свой звярынскі ўчынак.

-- Каб так тое было, ці паўтараліся б тыя ўчынкі? Ужо пайшлі па вёсках не толькі грошы, а і медалі адбіраюць. І ўсё ім сыходзіць.

-- А тое не чуў як пакутуе стары Косця, які шчэ кавалерам бацьку свайго пугаю дубасіў. – Рухацца зараз зусім не можа. Вось і дачакаўся божай ласкі на старасці. А памятаеш я табе пра Каратаяў расказвала? Ну, адзін з братоў, каторы з Уллянай, прыгажуняй мясцовай сябраваў? Як толькі перайшло тое сяброўства мяжу дазволенасці і дзяўчына зацяжарыла, пасадзіў яе ў човен пад выглядам клапатлівага кавалера, быццам бы пакатацца, а на самай справе тая і не здагадвалася, што ў апошні раз цешыцца роднымі краявідамі, бо акурат пасярод таго возера палюбоўнік у пацалунку накінуў на дзявочую шыю падрыхтаваны загадзя камень на вяроўцы і выкінуў за борт. Дык праз колькі год сам згубіў нагу, а сыну яго старэйшаму таксама наканавана было не чуць сваіх ног пад старасць. І ўнучок яго таксама расплачваецца за дзедавы грахі, з дня народзінаў без ножак: поўзае як той слімак па двары. Вось як! А ты кажаш лухта ўсё гэта. Не, мой даражэнькі! Ёсць, ох ёсць нябесныя сілы! І час расплаты для кожнага з нас рана ці позна абавязкова настане. Асабліва за такія вось грахі.

-- Я згодны. Але хочацца самому, здаецца, хутчэй дапамагчы знайсці той ключык для выхавання падобных тыпаў. Не ў пітомніку ж для прыматаў яны выхоўваліся! -- не супакойваўся Андрэй.

-- Прытармажвай у такіх выпадках, любы мой.

Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий