08.09.2008

luos_4

Лёс роднага слова

Частка 4
Вялікую павагу да матчынай мовы, да сацыяльна-палітычнага абуджэння народ мелі вядомыя беларусы Францішак Багушэвіч,Алаіза Пашкевіч (Цётка), Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандр Уласаў, сенатар у польскім сейме ад сялян, першы рэдактар газеты “Наша ніва”. Дзякуючы яго і Язэпа Гаўрыліна намаганням была адкрыта беларуская гімназія ў Радашковічах, дзе вучыўся будучы народны паэт Беларусі Максім Танк. Камсамольцы гімназіі Таўпека, Скурко, Лавор, Сідаркевіч, Карнавух, Пальчэўскі трымалі цесную сувязь з Беларускай грамадою, якой кіравалі Б.Тарашкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі з вёскі Максімаўка.

Родная мова гучала тады набатам для рабочых і сялян у барацьбе за палітычныя свабоды, за развіццё ўласнай культуры.Беларуская Рабоча-Сялянская Грамада вяла адкрытую барацьбу з рэжымам Пілсудскага, супраць дыскрымінацыйных мер у адносінах да беларускай асветы і культуры.Народныя выбраннікі Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі і Сымон Рак-Міхайлоўскі - беларускія паслы, з трыбуны польскага сейма ганьбілі існуючыя законы, выступалі супраць асадніцтва на “крэсах усходніх”, дабіваліся палітычных свабод, зямлі сялянам, роднай мовы іх дзецям…І былі асуджаны палякамі да 12 гадоў катаргі.

Можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў з імёнамі беларускіх сыноў і дачок, якія ў розныя часы з рызыкай для жыцця змагаліся за беларускае слова, сонца для беларусаў, за гоман родны, сакавіты.

Сённяшні дзень – гэта не толькі высокаякасная праца на кожным рабочым месцы, але высокая свядомасць асобы ў адносінах да сябе, да народа, да крыніцы мовы і культуры, да той Радзімы, якая дала жыццё, пашану, імя. Многія глыбы застойнага часу так і засталія не ўзнятымі, не ўдалося павярнуць чыноўніка тварам да чалавека.Слушная крытычная думка яшчэ ўсё караецца па-ранейшаму. Толькі метады змяніліся.Зазірніце ў раённыя газеты: ці часта друкуюць, калі ўвогуле друкуюць, пра зладзеяў і пустабрэхаў, бюракратаў і прыстасаванцаў, падхалімаў і прайдзісветаў розных калібраў, не зважаючы на пасады.Зрэдку, калі першымі гэта зробяць рэспубліканскія газеты.У абласным друку, як і ў раённым,- адзін хваласпеў ды бравурныя справаздачы чыноўнікаў з партрэтамі амаль у кожным нумары.

У газеце “Звязда” за 3 жніўня 2007 года я пісаў, што “мова – сцяг народа, таму мы абавязаныя яго надзейна трымаць, каб не страціць свае карані, каб слова беларускае жыло, каб яно праз вякі праляцела…” Дык што ж нам замінае?

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий