Лёс роднага слова
Частка 6
У 20 –я гады на золку Савецкай улады пачалі працаваць дзяржаўны і партыйны апарат на роднай мове ў нашай рэспубліцы.І выкладанне вялося на ўсіх ступенях адукацыі на матчынай мове. Хаця пасля хапала знявагі роднай мове з розных высокіх кабінетаў і кабінецікаў.Дык чаму ж сёння праз восем дзесяцігоддзяў узнікла такая маштабная праблема? Няўжо голы практыцызм вышэй за духоўную спадчыну? Як вядома: лёс мовы, лёс народа – неразрыўныя паміж сабою. Было б разумна, каб родная мова заняла сваё пачэснае месца ў дзяржаўных установах . Канеше, калі дырэктар школы аб’яўляе, што, напрыклад, школа пераходзіць на рускую мову выкладання па жаданню бацькоў, то наўрад хто выступіць супраць.Хто ўзніміць голас пратэсту, а тым больш сам будзе стукацца ва ўсе дзверы ў абарону роднай мовы? А тыя, хто стаў на аборону яе, мовы, лічацца ці не нацыяналістамі. Але ж гэта не адно і тое ж, бо няма ніякай варожасці, а спроба падоўжыць жыццё мовы хаця б у адной са школ Паазер’я. А ці спыталі ў тых жа дзетак: якая мова даецца ім лягчэй, на якой паўсюдна размаўляюць ці толькі “на людзях”? Не спыталі. А ўрэшце спажывецкая жылка ўзяла верх над розумам. Ці ж сёння час для дыскусіі пра годнасць роднай мовы? Хай ўжо тыя, хто выракся , становяцца ў позу, не могуць уцяміць, што па краіне ідзе адраджэнне нацыянальнай культуры. І дзе як не ў беларускіх школах павінна гучаць беларускае слова!
Думаю і штораз сутыкаюся з тым набалелым, калі заходжу ў рэдакцыю мясцовай раёнкі. Ніводзін супрацоўнік не падтрымлівае гутарку на роднай мове.Не могуць.Толькі “какаюць”.Нават ліцэнзію ў міністэрстве інфармацыі ўзялі на выданне на рускай мове. І з нумара ў нумар толькі хваласпеў мясцовай ўладзе “твораць”. Так і вышэй, толькі рускую і чуеш. “А зачэм?” Што казаць, калі ў тым жа міністэрстве ці не пару-тройку чыноўнікаў вітаюць родную мову, астатнія ж пазіраюць на цябе як на нацыяналіста альбо апазіцыянера не іначай. І таўро можаш атрымаць.
Узгадаў жончыну Мядзельшчыну, як спрамлялі Вузлянку, гэта тое самае, што інтэнсіўнае паскарэнне асіміляцыі. Мы ўжо на свае вочы бачым, да чаго прывяло гэтае славутае спрамленне.Але гэта выгадная для вызначанага кола чыноўнікаў справа.А сённяшнія нашчадкі, што засталіся на той зямельцы ёмкім слоўцам успамінаюць тых, хто спаласаваў цела роднага краю.
Тое ж самае ў нас і з пераводам школ на рускую мову. Павінна быць ясна ўсім, хто глядзіць наперад, да якога выніку прыйшлі і прыйдзем, аднак насуперак здаровай логіцы нас пераконваюць, што такі шлях адзіна правільны, што так трэба рабіць і далей, што будучыня за адной мовай.Сама напрошваецца аналогія: а чаму б не пакінуць на карце усходняй Еўропы адну раку? Навошта нам усе астатнія?Хопіць нам адной. Рака – жывая, але нямая. Няўжо мы,беларусы,упадобімся рацэ, якую спрамляюць, а яна маўчыць?
Аркадзь Жураўлёў
Працяг будзе