Водгукі на кнігі Арк.Жураўлёва
КАЛІ Ў ДУШЫ ДАБРО І ПАРАЗУМЕННЕ
Шчыра прызнаюся, што калі даведаўся пра свайго даўняга знаёмага і калегу Аркадзя Жураўлёва, у якога амаль залпам адна за другою выйшлі дзве кніжкі “Апалонік для дырэктара” і “Я жадаю вам дабра…” быў прыёмна здзіўлены і ўзрадаваны адначасова. Шырокаму чытачу творчасць маладзечанскага аўтара вядома галоўным чынам па публікацыях ў літаратурна-мастацкіх выданнях, такіх, як часопіс “Маладосць”, штотыднёвік “ЛіМ” і многіх іншых. Яго апавяданні, гумарэскі прыкметна вылучаюцца сярод іншых.Ад першага прачытання застаецца такое ўражанне, што героі і прататыпы яго твораў і па сённяшні дзень жывуць сярод нас.Возьмем хаця б загалоўны твор, які даў назву ўсёй першай кніжцы “Апалонік для дырэктара, альбо Як у сціслыя тэрміны падняць прадпрыемства”, альбо “Даў параду”, “Рэцэпт здароўя”, “Сонаграма”, “Цесць” ды многія іншыя, дзе з пранікненнем ў жыццё, паказам грамадства такім, якім яно ёсць, нясе празаік галоўную праўду ідэй, перакананняў.Большасць твораў, што ўключаны ў кніжку друкаваліся ў часопісе сатыры і гумару “Вожык” (дарэчы галоўны рэдактар часопіса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь У.П.Саламаха – “хросны бацька“ яго “Апалоніка…”), многіх усесаюзных і рэспубліканскіх выданнях, гучалі на радыё, у якіх аўтар высмейвае кар’ерыстаў, прыстасаванцаў, торбахватаў – усіх тых, хто не хоча жыць сумленна, хто парушае нашы маральныя прынцыпы, хто дрыжыць за сваё высокаўдойнае крэсла.Злодзеяў і пустабрэхаў, хціўцаў і лайдакоў сатырык трапна лупцуе сваім апалонікам па ілбе, адначасова зрывае з іх маску і паказвае чытачу іх недарэчныя прэтэнзіі і злачынныя намеры ў апавяданнях і гумарэсках “Крадзеж, альбо За ўсё патрэбна разлічвацца”,”Асаблівае лячэнне”, інш. Працаваць у жанры сатыры і гумару нялёгка, але аўтар ўмее вокамгненна заўважаць і высвеціць негатыўныя з’явы ў жыцці, трапным слова перадаць характар, помыслы чалавека, паказаць ў камічнай, дабрадушна-смешнай форме і робіць гэта сатырык па-майстэрску не абразліва, а далікатна і дасціпна.Сваімі творамі аўтар імкнецца павярнуць чыноўніка тварам да чалавека-працаўніка, ідзе паперадзе часу.
Творы А.Жураўлёва пераканаўча ўспрымаюцца яшчэ і таму, што гутарка вядзецца ад першай асобы, што прымушае задумацца і паразважаць аб сапраўдных і штучных каштоўнасцях ў жыцці чалавека, кожнага з нас.Пры гэтым не грэбуе аўтар і самаіроніі, як рухавіка развіцця асобы, прытрымліваючыся нашых класікаў, калі смешнае ў жыцці вельмі дакладна выяўляе чалавечае ў чалавеку, ступень яго духоўнага развіцця.Чытач пачытае і ўсміхнецца ад душы.Нават тады, калі ўбачыць у якасці персанажа сябе – са сваімі недахопамі і памылкамі.
“Я жадаю вам дабра…” так назваў Аркадзь Жураўлёў сваю другую кніжку.І не дарэмна: у ёй амаль ў кожным апавяданні (а іх дванаццаць) ёсць тое добрае, чаго ён жадае сваім героям. Цеплыня, з якой аўтар апісвае сваіх землякоў, стасуецца з вострымі, балючымі тэмамі мінулага (“Салдацкая зорачка”) і надзённымі сацыяльнымі тэмамі (“Дзівак”, “Белы вэлюм”, “Здрадлівы лёс”, “Я жадаю вам дабра…”) Не мінуў празаік і тэму кахання, кахання чыстага, кахання шчырага, як неабыякавы і да праблем духоўнасці сваіх герояў. Уражваюць і запамінаюцца яго высокамастацкія творы ”Тэлефонны званок”, “Выпрабаванае каханне”.Падкупаюць праўдзівасцю і цёплынёй.Аўтар умее глыбока пранікнуць у думкі і пачуцці сваіх герояў, дабрацца да самай сутнасці іх памкненняў і ўчынкаў, пагэтаму, знаючы пра гэта ўсё, здольны выпісваць паўнакроўныя і цэльныя характары. Іначай ён не можа, бо у самога ў душы дабро і паразуменне.
Апавяданні пісьменніка вынашаныя, прасякнуты дабрынёй і надзеяй, спагадай і любоўю да чалавека, напісаныя проста, але далёка не спрошчана,з добрым веданнем жыцця (пасля журфака БДУ працаваў у бюро падарожжаў, на прамысловым прадпрыемстве, у газеце, на дзяржслужбе), часам падцепленыя добрым чалавечым гумарам. Аўтар пазбягае павярхоўнасці пры апісанні жыццёвых эпізодаў і калізій, рэльефна выпісвае характары сваіх герояў.
Другі раздзел – публіцыстычны, куды ўключаны выбраныя эсэ пра добра вядомых людзей Бацькаўшчыны – М.Танка, М.Ермаловіча, А.Пісьмянкова, настаўніка з Мядзельшчыны М.Пашкевіча, якому В.Быкаў прысвяціў сваю аповесць “Абеліск”. Тут можна прачытаць арыгінальную міні-прозу: цікавыя абразкі, мініяцюры, эцюды, што сёння адносіцца да самага жыццёвага і папулярнага жанру – нон-фікшн, “невыдуманая літаратура”, што змушае чытача да роздуму над жыццём, будзіць цёплыя чалавечыя пачуцці. Шмат піша А.Жураўлёў пра ахову прыроды – замалёўкі, навелы, абразкі, “маючы на ўвазе перш за ўсё трывалую сувязь экалогіі навакольнага асяроддзя і экалогію чалавечай душы. Прачытаць яго пейзажныя замалёўкі – усё роўна, што зрабіць цікавае падарожжа, пазнаёміцца з цудоўнымі куткамі роднай аўтару Смаргоншчыны, азёрнай Мядзельшчыны і Маладзечаншчыны, дзе прайшло яго маленства, дзе жывуць і шчыруюць яго землякі.І робіць гэта аўтар з цеплынёю і на самым высокім узроўні.Мова аўтара ёмкая, сакавітая, палітра – шматфарбная.З аднолькавым поспехам ён малюе карціны прыроды, карыстаецца дакладнай, характэрнай дэталлю.Аўтару нельга адмовіць ні ў выбары свежых тэм і незацёртых сюжэтаў, ні ў своеасаблівым бачанні свету.У іх аўтар паказвае нялёгкія шляхі станаўлення характараў, востра ставіць і вырашае маральна-этычныя праблемы сучаснасці.А гэта ўжо гаворыць аб вопыце і сталасці празаіка.
Рэдагаў абедзьве кнігі лаўрэат літаратурнай прэміі імя Івана Мележа В.Гардзей.
Хочацца пажадаць Аркадзю Жураўлёву аптымізму і новых цікавых кніг.
Уладзімір Абрамовіч, аглядальнік газеты “Рэспубліка”
26.07.2008
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Аркадзь Жураўлёў піша нетаропка і прозу, і публіцыстыку, і дэтэктывы, і казкі... На яго рахунку за 500 мастацкіх твораў, надрукаваных у розных выданнях. І рэцэнзіі станоўчыя, як і мова жывая, наская. Хаця піша і на рускай мове. Яго патэнцыял далёка нявыкарыстаны... Вось толькі хварэе бедалага...
ОтветитьУдалить