Аркадзь Жураўлёў
Здрадлiвы лёс
Апавяданне
1.
Два гады таму ў невялiкiм гарадку жанiўся Яўген Цалуйка, мужчына за сорак год, прыгожы i багаты, гаспадар не аднаго кафэ i фiрмы па пераапрацоўцы марской рыбы, упэўнены прадпрымальнiк на маладой дзяўчыне Iне Андрусевiч. Iна была з няпоўнай, як цяпер прынята называць,сям’i, якую бацька пакiнуў, калi адзiнай дачушцы iшоў пяты гадок. Мацi адна падняла на ногi, вывучыла. Iна год як скончыла эканамiчны факультэт унiверсiтэта, працавала ў камерцыйнай фiрме. За свайго жанiха маладзейшай была на васемнаццаць год. Цалуйка нядоўга заляцаўся да Iны. Дзяўчына працавала на такога ж прадпрымальнiка, бiзнесмена, якi не надта што раскашэльваўся на наёмных работнiкаў. Гэтае яе, Iны, залежнае становiшча, а яшчэ здольнасць Цалуйкi падабацца жанчынам, хутка вырашылi жаданы для яго адказ.
2.
Калi ганаровы эскорт i вясельны картэж з двух дзесяткаў iншаземных легкавушак з рознакаляровымi шарамi вярнуўся з царквы i, паволi пад’язджаючы да толькi што адбудаванага на еўрапейскi манер трохпавярховага катэджа маладога з пералiвiстымi, кароткiмi i несцiханымi гукамi сiгналау, усiм, хто бачыў гэту карцiну, было ясна як Божы дзень, што ўсе тут прысутнiчаюць на пачатку шчаслiвага шляху, якi пачынаюць гэтыя маладыя людзi. хаця былi i такiя, як баба Зоя, якая i тут не стрымалася, каб не выказаць сваю думку ўслых: "Шыкоўна ўсё гэта, толькi цi надоўга?" На гэта нiхто не адрэагаваў, бо позiркi i думкi былi скiраваны туды, за рог даўжэзнай дзевяцiпавярхоўкi. адкуль выпаўзалi i выпаўзалi машыны.
Больш за ўсiх радасцi, было дзецям: адкуль толькi сабралася iх у гэты дзень, вiдаць, больш паўсотнi сноўдалiся туды-сюды, а тыя, хто больш праворны, цi па падказцы старэйшых, акружылi "мерседэс" з маладымi, чакалi, калi нарэшце тыя вылезуць з машыны i маладая па звычаю пачне адорваць цукеркамi ўсiх, хто прыйшоў паглядзець на iх вяселле. Так яно i адбылося: цукеркi сыпалiся, здавалася, бясконца i не было чалавека, якому б не дастаўся гасцiнец.
Маладая з лагоднай усмешкаю на ўрачыстым тварыку была асляпляльна прыгожай. Ёй пасавала i раскошная бялюткая сукенка з адмысловымi доўгiм вэлюмам i карункавымi пяльчаткамi, i туфлiкi на высокiх абцасiках. Гаварылi, нiбыта жанiх прывёз ўсё гэта ажно з Францыi, коштам з аўтамабiль. Адчуваючы на сабе позiркi соцень вачэй, яна, здавалася, не iшла, а плыла, усмiхалася стрымана, поўнымi малiнавымi вуснамi то жанiху, то раз-пораз кiдала свой лагодны погляд у натоўп, што ўтварылi тыя, хто толькi што сядзеў у сваiх легкавушках з таго самага вясельнага картэжу i хлопаў у ладкi, фатаграфаваў.
Раскошныя пакоi Цалуйкi патаналi не толькi ў карцiнах i ў кветках, а i ў рознакаляровым асвятленнi. За ўсё сваё жыццё Iна не бачыла такога бляску: усё зiхацела сваёй урачыстасцю. На сталах закусi строга, вiдаць, па норме: па бутэльцы каньяку, гарэлкi i вiна на кожным. " Усё разлiчана ", -- падумала Iна. Калi зайграў ансамбль, тамада, чарнявы , ужо, вiдаць, вопытны i даволi хiтры мужчына не еўрапескай нацыянальнасцi, запрасiў гасцей за стол. Ад зайдрасна-лiслiвых i напружаных усмешак гасцей павеяла няшчырасцю, хаця Iна не надавала гэтаму анiякага сэнсу, бо сёння яе, iх з Яўгенам, дзень. I той настрой, што быў у маладых з самага пачатку дня вызначыў дух большасцi прысутных. Гэта былi дзве пары зачараваных шчаслiвых вачэй з нястрыманым палкiм памкненнем адно да аднаго.
Тамада гаварыў доўга i няскладна, нагадваючы прысутным, што гаспадар гэтай сцiплай "шпакоўнi" вядомы аўтарытэт у пэўных колах горада i прапанаваў першы тост за яго выбраннiцу. Раздалося гучнае " Ура – а! Горка – а! "Жанiх падкрэслена стрымана кiнуў позiрк на нявесту, прапанаваў ёй сваю руку, яны ўсталi i таксама стрымана i коратка пацалавалiся. Яго вусны былi спакойныя, нават халодныя i не пажадныя, як у той вечар, калi гарачы яго пацалунак закружыў дзяўчыне галаву, узбудзiў.
Усе заўважылi, як пасля трэцяга традыцыйнага тоста "за любоў!" малады раптам адвярнуўся ад сваёй выбранiцы i з кiмсьцi размауляў па сотавым тэлефоне, усмiхаўся няшчыра, холадна. Затым неспадзявана змоўк, пахмурнеў. Калi ўзняў галаву i зiрнуў на Iну, у яго вачах блукала рассеянаць, быццам прысутнiчаў чалавек не на сваёй урачыстасцi. Хутка ён саўладау з сабою, i пачаў нашэптваць маладой жонцы пяшчотныя словы. Яна таксама адказвала шэптам, а пасля Iна залiлася вясёлым смехам. Многiя госцi ўжо не звярталi асаблiвай увагi, што дзеецца за галоўным сталом, бо некаторыя пары пiлi ўжо "на брудэршафт" пад хмялеючыя гукi музыкi i россыпы мноства рознакаляровых ракет, што ўзляталi за вокнамi, асвятляючы i без таго зiхатлiвыя пакоi. Толькi моцныя выбухi ад тых самых фейерверкаў прымушалi глядзець у вокны i здзiўляцца размаху з якiм Цалуйка ладзiць сваё вяселле.
Застолле скончылася у той момант, калi маладыя ўсталi i Яўген, лёгка ўсмiхнуўшыся, хiтнуў галавою на развiтанне гасцям, падышоў да жонкi, узяў яе гожыя з акуратнымi пазногцямi рукi ў свае тоўстыя i пухкiя, прыхiнуў да сябе, паглядзеў неяк спадылба i, пацалаваўшы ў спакуслiвыя вусны, сказаў, што выйдзе з дому на некалькi хвiлiн праветрыцца, бо гвалт гэтых камерсантаў адурыў галаву. Заклапочаная апошнiмi днямi, поўнымi хвалявання i стомы, Iна пакорлiва прыхiнулася да яго, адказала на яго пацалунак, зауважыла: вочы ў Яўгена былi згаслыя.
3.
Iна пайшла ў адведзены загадзя пакой чакаць свайго мужа. На душы было неспакойна, у глыбiнi яе штосьцi вiравала насцярожана падазронае – неяк нязвыкла атрымалася: у першую шлюбную ноч малады пакiнуў сваю нявесту, хай сабе i на некалькi ўсяго хвiлiн. Пярэчыць не стала, бо ведала: усё дарэмна, "у доме я – гаспадар" адразу вызначыў Цалуйка.
Падышла да вялiкага ва ўвесь яе рост люстэрка, перабiрала распушчаныя пышныя русыя валасы, а думкi былi пра мацi, якая апошнiм часам адзiчэла, пачала пiць, вадзiць у кватэру сабутэльнiкаў. Па гэтай прычыне нават на вяселле ўласнай дачкi не выбралася. Iна заплакала сцiшана, цела яе ўздрыгнулася, яна села на ражок канапы, паглядаючы на дзверы, з якiх вось-вось павiнен выйсцi яе муж i ўсцешыць словам, а пасля пацалункам, як тады, у вусны, пульсуючую шыю, белыя тугiя грудзi, будзе лашчыць каленi, сцёгны, пры гэтым нашэптваючы ёй самыя цёплыя i ўзнёслыя словы…
Так яна сядзела да тае пары, калi насценны гадзiннiк не абвясцiў пяць гадзiн ранiцы. Раптам, падалося, што яе муж дзесьцi побач i назiрае за ёю. Такое пачуццё занепакоiла Iну: прайшло больш гадзiны, як выйшаў з дому Яўген, час, якi знiк у невядомасцi i недарэчнасцi, а мажлiва i ў прамене лёсу.
Маладзіца ўжо не ведала што i думаць, расхваляваная яна сышла на першы паверх, паклiкала прыслугу, папрасiла немаладую ўжо, але яшчэ даволi дзябёлую кабету, пашукаць гаспадара вакол дома, ля стаука: можа з кiм бавiць час.
Праз колькi часу служанка Таццяна Арнольдаўна, задыхаўшыся, паднялася наверх, здзiўлена паглядзела на Iну, развяла рукамi.Божачка! I што гэта зрабiлася, дзе падзеўся наш Яўген Пятровiч? Як скрозь зямлю чалавек правалiўся. Няўжо што благое? Такi чалавек!
Iна хвалявалася ўсё больш, яе мучыла зараз адно пытанне: чый тэлефонны званок так узбаламуцуў яе мужа? Што гэта за персона паклiкала жанатага чалавека сярод начы i ён, не раздумваючы, згадзiўся, пакiнуўшы сам на сам з думкамi сваю маладую жонку. Ведала б – расправiлася хутка. Большай знявагi яна не чула. Сабраўшыся з эмоцыямi, яна патэлефанавала ў мiлiцыю. Дзяжурны запiсаў прыкметы знiкшага Цалуйкi i абяцаў "прыняць усе меры".
У тую ноч Iна развiталася са сваiмi марамi, якiмi так шчодра адорваў Яўген. Яшчэ колькi дзён яна чакала яго, свайго мужа, седзячы за зачыненымi дзвярыма. Нават да ежы, што прыносiла служанка ледзьве дакраналася. Калi пакiдалi сiлы, прымружыўшы вочы, Iна бачыла сябе як яна, маладая i прыгожая правальваецца чамусьцi ў бяздонную чорную ямiну пад свiст камення i гамерычнага людскога рогату.
-- Божа, за што мне такое пакаранне?
Узрушэнне, выклiканае незвычайнасцю абставiн, зрабiла сваю справу:
Iна захварэла i калегi па працы перавезлi яе ў невялiкi пакойчык, якi загадзя знялi ў рабочым iнтэрнаце. Выхаджвалi яе сяброўкi i калi паправiлася, ад той недарэчнай i страшнай начы застаўся спалох – боязь званка цi грукату ў дзверы, калi прыходзiлi да дзяўчат iх сябры, i радасць адначасова, радасць ад жаночай шчырасцi, ад цеплынi iх памкненняў. Нават тыя, хто раней пакеплiваў над ёю, неяк прыцiхлi, цi то затаiлiся, бо раней хадзiлi ў "сяброўках" Цалуйкi. Iне здавалася, што калi б увайшоў сюды, у iнтэрнацскi пакой, ён, Яўген, неймаверны i адхiлены, не даравала б, не здолела б дараваць. На памяць прыгадалiся радкi :
Не спакушай мяне вяртаннем
Былой пяшчотнасцi тваёй.
Надзей загубленых каханнем,
Не ажывiць вяртаннем ёй…
4.
Цалуйка толькi звярнуў за рог свайго дома, як яго ўжо чакаў чорны "мерседэс" з адным пасажырам, якi, прыадчынiўшы фортку, з’едлiва прамовiў : "Ну, што, жанiх, намiлавауся? Сядай!"
Яўген сеў на задняе сядзенне. Машына рэзка кранулася з месца. Калi Цалуйка запытаў, што выклiкала такую трывогу, скуласты, з вострым кадыком маладжавы мужчына грэблiва кiнуў:
-- А ты зазiрнi вунь у той пакецiк, што на сядзеннi.
З сабрадзеных у скураной чорнай папцы папер было бачна, што ён, Цалуйка, уласнаручна падпiсаў тыя гучныя кантракты, падпiсаў неабгрунтавана, без згоды савета фiрмы.
Шэрая стужка дарогi iмгненна слалася пад колы, i гэтага хапiла б стомленаму чалавеку вось цяпер, ранiцою, калi свежа i халаднавата ад расы, каб супакоiцца пачуццём абавязку перад маладой жонкаю, якую колькi часу абнадзейваў, абяцаў зрабiць самай шчаслiвай, ды, уласна кажучы, ён, Цалуйка, i ўзвёу нявiнную дзяўчыну ў ранг жанчыны.
Цалуйка ўважлiва, стрымана прачытаў дакументы, звярнуў увагу на свежыя факсы ад кампаньёнау з Польшчы, нервова кiнуў на сядзенне.
-- Што за бязглуздзiца? Я ж толькi ўчора з Антэкам размауляў. Ён запэўнiў, што ў нашых справах поўны парадак. Усе звёны кампанii працуюць суладна. Выручку ад здзелкi перагналi ў афшор. Падатковая i мытня заахвочаны. Што яшчэ патрэбна? I якога д’ябла перцiся ў тую Польшчу?
-- Ты не кiпяцiся, Пятровiч. Лепш скажы: хто ведаў пра апошнюю здзелку?
-- Ну, Пальчэуская. Няужо лiшняе што ўзбаўтнула? Чаго ёй не хапае?
-- Кароткая ж, Пятровiч, памяць у цябе. А як ты яе палюбоўнiка, Сяргея, амаль не абанкруціў, забыўся?
-- Калi гэта было?
-- Такое звычайна не забываецца, -- падагулiў Гурскi. – А табе спраў сваiх мала, дык яшчэ жанiцца ўздумаў. Цi ж баб табе, Пятровiч не хапала? А мо цэлку знайшоў?
-- Змоукнi! Во чалавек: цi гэблем, цi скобляю -- усё адно.
Цалуйку згадалася тая сустрэча з Пальчэўскiм: непрыязь да яго i рэўнасць да Iны. Зараз усё гэта здавалася такiм нiкчэмным. Цалуйка адчуваў сябе пераможцам: лёс сам вырашыў каму з кiм быць. Ён у думках быў разам з нявестаю.
Цалуйка, не быў жорсткiм чалавекам, але тое, што ён сёння зрабiў недаравальна, ведаў, што супрацiвiцца сiле ўлады i грошай – дарэмны занятак. У такiя хвiлiны ён успамiнаў сябе, як яшчэ хлапчуком, прасiў у мацi на марожанае, цi сiтро, а яна толькi разводзiла рукамi i гладзiла сына па бялясай галоўцы, ласкава супакойваючы: "Няма, сынок грошай. Вось табе туфлiкi патрэбны, ды й касцюмчык з сарочкаю"…
Яму ж так карцела хутчэй займець свае ўласныя грошы, столькi, колькi душа пажадае, каб не ў чым сабе не адказваць. Думаў i пра нявесту, будучых дзяцей.
Думкi, быццам рух лёду ў час крыгаходу, мiтусiлiся, узбягалi адна на другую. Ад напамiнку пра Iну зашчымела сэрца. Яўген дастаў пачак дарагiх цыгарэт, пстрыкнуу запальнiчкай, якую, як i цыгарэты, насiў на ўсялякi выпадак. Глыбока зацягнуўся. У такiя моманты ахвоты не было гаманiць з кiмсьцi. Карцела пабыць колькi часу сам – насам з набалелым, перажытым, шчымлiвым. Ды i бальшак гэты хацелася адмераць, як некалi, пехатою, альбо паваляцца ў стракатым разнатраўi, што рознакаляровым дываном сцелецца ўздоўж дарогi. Здаецца, прыпаў бы да яго i нюхаў, нюхаў. Ён любiў гэтыя кветкi. Любiў яшчэ з дзяцiнства. I cам не ведаў чаму. Сустракалiся iншыя, прыгажэйшыя, што вырошчваюць на дачах ды гандлююць на рынках, а яму чамусьцi падабалiся гэтыя – рамонкi, мядункi, званочкi – простыя, непераборлiвыя, хаця i лекавыя. Iх нiхто нiколi не садзiў, не даглядаў: прырода клапацiлася. Жэнiк толькi калi палоў з мацi калгасныя буракі, прасiу не вырываць нават пустазелле, якое цвiло. Няхай растуць! "Ды няхай ужо, няхай…"
-- усмiхалася мацi, а сама цiхенька падсячэ матыкаю, каб не кусцiлiся. З тае пары тыя прыдарожныя i палявыя кветкi пахлi Яўгену летам, цёплай зямлёю, такiм родным i непаўторным.
Цалуйка не ўтрываў, брыдка вылаяўся.
-- Ды пайшло яно ўсё на …!
Ён уздыхнуў на ўсе грудзi. Моцна стукала ў скронях, сэрца, здавалася, не вытрымае шалёнага рытму.
5.
Iна падабалася Цалуйку з таго часу, як прыйшла працаваць у такую ж
фiрму-канкурэнт. Галоўны бухгалтар заўседы на вiдавоку. Напачатку, як
гэта часцяком бывае ў мужчын, былi толькi цёплыяы прывiтаннi i прыемныя слыху дзяўчыны камплiменты, пазней – кветкi. I вось – запрашэнне ў рэстаран. Ён настойваў i ўрэшце-рэшт дабiўся ад яе: я падумаю". Як ён чакаў заканчэння рабочага дня! Падыходзiў да акна – выцiкоўваў Iну сярод люду, то падыходзiў да тэлефона: вось-вось яна пазвонiць. Ён i насцярожваўся, i жадаў гэтай сустрэчы, што, напэўна ж, павiнна шмат змянiць у ягоным жыццi.
Дачакаўся. Пазванiла па тэлефоне.
-- Гэта я, -- падала яна свой мелагучны i ад таго прыемна какетлiвы голас толькi тады, калi ён разоў колькi выдыхнуў "алё". Я згодная".
-- Ну, вось i малайчына. Зараз жа еду за табою.
Яўген ужо не маладзен, а ўсё ж захваляваўся: значыць i ён для яе не абыякавы. Хаця i яна вагалася, магчыма дакарала сябе: усё ж стары халасцяк. Але ж пагадзiлася, значыць гэта ўжо не мае анiякага значэння.
У рэстаране яны пiлi дарагое вiно, танцавалi. Было лёгка i весела. Сабе наўздзiў, Цалуйка быу празмерна смелы i ўпэунены. Колькi мог ужо мець пастаянную жанчыну, а не меў, не кiдаўся на першую сустрэчную спаднiцу.
А тут, не па-юнацку, слепа, а па-сталаму, глыбока закахаўся. I яе, Iну, пераканаў, што быць iм разам. Лашчыў позiркам, у танцы тулiў да сябе i шаптаў на вуха патаемнае.
-- I многiм жанчынам спадар Цалуйка вось так прызнаецца ў каханнi?
-- Iна, зрабi ласку!
-- Кiнь ты, Цалуйка, хлопчыкам прыкiдвацца, нiбы папiкнула, але зусiм мiралюбна заўважыла.
-- Як хочаш, нiколi не апраўдваюся…
Пасля быў яго двухпавярховы катэдж. Свечкi. мяккая лiрычная мелодыя. I тост "За нас, за наша будучае!"
Iна была асляпляльна прыгожай, пры ёй было ўсе, што патрэбна маладой прывабнай дзяўчыне: пруткае цела – сцёгны, высокiя палкiя грудзi, што вельмi пасавалi ей, далiкатныя рукi, як i аксамiтная шыя, якую яшчэ не кранулi маршчыны. Яна заплюшчыла вочы, дазваляла Яўгену не толькi любавацца ёю, а i лашчыць, цалаваць яе цела ды iмкнуцца плоццю…
I зараз, тут, у машыне, ён,здаецца, чуе яе лагодны голас, пах яе русых з залацiстым бляскам валасоў. I твар яе чароўны, пунсовы, да якога хацелася хiнуцца i аддана цалаваць. У яго ўзросце гэта было такое азарэнне, успышка, якое ў васемнаццаць не адчуць. Ад гэтых успамiнаў яму хацелася толькi аднаго – хутчэй вярнуцца да яе.
-- На хрэн мне той Гданьск, е-маё, - думаў Цалуйка, але ў голас не рашаўся пра гэта казаць, ведаў, што гэты хаўрус умiг расправiцца i войкнуць не паспееш. Во дык уцягнуў сам сябе ў абцугi.
Менеджэр Гурскi недаверлiва аглянуўся на Цалуйку. Нядобрая ўсмешка расцягнула вузкiя яго губы.
– Там адразу ўсё зразумееш, шэф.
Яўген як бы i не чуў гэтага, толькi ранейшае неразуменне перарасло ў раздражненне, нават у злосць. Ён зноў дастаў цыгарэту, закурыў.
--Цiкава, а чаму гэта сёння маўчыць шофер Андрэй? – падумаў пра сябе Цалуйка. Звычайна ён што-небудзь любiць пракаменцiраваць, хоць i не яго гэта справа. А тут – маўчанне. Вiдаць, жорны закруцiлiся. Напружанне не пакiдала Цалуйку.
6.
Тым часам Iна была ў разгубленасцi: мiнула больш дзвюх гадзiн, а яе жанiх, ды ўжо не проста жанiх, а законны муж, яшчэ ўсё не вярнуўся. Трывога нарастала. За гэты час яна так знемаглася, што, здаецца, нават тварам змарнелася. За вокнамi нават – нi агеньчыка, усе спяць i толькi адна яна чакае, разважае, спадзяецца.
Яна нутром прадчувала нейкую боязь, што i ён, Цалуйка аднойчы можа знiкнуць, як тыя, хто круцiцца ў вялiкiм бiзнесе. I гэтая трывога, страх прымушалi яе разважаць, непакоiцца.
У лёгкiх васiльковых фiранках калыхаўся ранак. Яна не ведала, што i думаць, што i ўявiць. Яўген нiколi асаблiва не расказваў пра свае справы больш падрабязна, чым яна валодала. Наогул, апошнiм часам стаў больш маўклiвы. Нават камплiменты i тыя пяшчотныя словы, якiмi раней сыпаў пры кожнай сустрэчы, кудысьцi падзелiся. Гэта якраз i непакоiла яе.
-- Вiдаць штосьцi на працы ў яго не клеiцца? – разважала Iна. --Толькi прычым тут я, да таго ж у такi дзень? Гэта несправядлiва. Не, не дарую, -- ужо ўслых выказалася.
Раптам тая неспадзяваная крыўда на сябе, свой лес узарвалася iстэрычным смехам. Дарэмна старалася пакаеўка суцешыць маладую гаспадыню мудрымi разважаннямi.
--Бедная ты мая, -- шкадуючы вымавiла Арнольдаўна. – А можа з iм штосьцi недарэчнае здарылася, а ты вось так адразу… Ты павiнна змiрыцца i прыняць усё, што б нi паслаў, як ты кажаш, твой здрадлiвы лёс. Бо яго, гэты лёс, не перапiшаш, як скрэмзаны сшытак. Гэта, мая мiлая, жыццё, а ў iм не бывае выпадковасцей…
7.
Цалуйка пералiстаў у памяцi ўсе магчымыя свае агрэхi неабачлiвасцi з дакументамi.Зразумеў, што пад яго ўжо даўно "капалi". У салоне гучаў нейкi немудрагелiсты матыўчык замежнай песенькi, але гэта не супакойвала яго. Яўген адчуваў, што ў жыццi сваiм трэба было раней штосьцi мяняць. Жыць вось так, пад страхам, больш немагчыма. А тым больш цяпер, калi ёсць пра каго клапацiцца. Трэба расчышчаць душу, як той бальшак ад нанесенага бруду. Няхай цяжка адрачыся ад звыклага, устаялага, тым больш ад незалежнасцi, якую даюць вялiкiя грошы, аднак, гэта неабходна дзеля яе, Iны, якую выбраў сярод не аднаго дзесятка i , дзякуючы ёй, у iм абудзiўся мужчына, якi нiбы набыў другую маладосць. Шкада, што зразумеў толькi цяпер, калi сам аказаўся ў безвыходным становiшчы, выхад з якога толькi ў адным напрамку.
-- А можа ўсё ўладкуецца, -- супакойваў ён сябе. Вось толькi разбяруся са сваiм бiзнесам…
Дастаў з бакавой кiшэнi пiшучы плэйер, пачаў з-падцiшка запiсваць
гукавое пiсьмо Iне: мала што можа прыйсцi, а хутчэй ужо прыйшло, у галаву яго ненажэрлым кампаньёнам, зачэпку ўжо знайшлi. "Няхай мне каюк, а яна ў чым вiнаватая i што зараз яна думае пра мяне, цi не як пра апошняга мярзотнiка i здраднiка, якi зняважыў каханую за яе шчырасць i непасрэднасць…"
-- Цi не грахi замальваеш, шэф? -- раптам азваўся Андрэй.
У гэты момант раздаўся ўдар такой сiлы, што нiхто не зразумеў, не паспеў зразумець. Толькi бяздонне i цемра ахуталi пасажыраў, не выбiраючы i не дзелячы на вiнаватых i правых…
8.
Жудасная вестка, якую Iна прачытала ў газеце паведамляла: "У Брэсцкай вобласцi перад мiкрааўтобусам у перадсвiтальнай iмжы на вялiкай хуткасцi выскачыў легкавы аўтамабiль з бiзнесменамi. Удар быў такой сiлы, што ўзнікшы пажар не заставiў шансаў уцалець нiводнаму з пасажыраў. Знойдзена барсетка з дакументамi на iмя Цалуйкi В.П."
Iна заплакала. Гэтая вестка зноўку навяла на роздум: "цi гэткiм
шляхам хацела пачаць свае новае жыцце, можа дарэмна не прыняла тады прапанову Пальчэўскага?" Гэта яго рук справа з Цалуйкам: ён з тых, хто нiколi i нiкому не даруе…
Як супакаенне на памяць прыйшлi словы суцяшэння пакаёукi
" Не ўбiвайся, дачушка! Ты маладая яшчэ, пекная, жыццё ўсё наперадзе. Што зробiш: такi ўжо твой лёс…"
Праз восем месяцаў пасля таго недарэчнага вяселля Iна нарадзiла хлопчыка. Ён быў нежывым. Напомнiў пра сябе i Пальчэўскi: прапанаваў руку i сэрца. Iна катэгарычна адказала.
22.07.2008
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий