Аркадзь Жураўлёў
ДАЎ ПАРАДУ
Гумарэска
Табе подпiс патрэбны? Значыцца так, запамiнай: трэцi паверх па цэнтральнай лесвiцы прама. Сакратарцы шакаладку пакладзеш у верхнюю шуфлядку стала i… Дзверы яго звычайна прыадчынены, але ты адразу не заходзь: ён гэтага не любiць.Пастукай так далiкатненька, цi нават лепш пашкрэбай па тых бранiраваных дзвярах. Калi дазволiць, адразу не рвiся,зрабi паўзу, лепш за ўсё прасунь галаву ў дзверы i глядзi на яго.Толькi адну галаву,усё астатняе пакуль не патрэбна. Выраз твару зрабi самы што нi есць жалосны.А знешнасць тваю таксама патрэбна крыху змянiць.Вусы хай сабе будуць,толькi падпраў крыху, а вось рыжае шчацiнне акурат пасуе.Ну, а з прычоскай патрэбна папрацаваць. Зрабi кароценькую са сцежачкамi- палоскамi, у цырульнi ведаюць. Ён любiць, калi перад iм смешны чалавек.Ну i ўсё астатняе: вопратка, абутак,каб яго расчулiў твой выгляд.I еш яго вачамi.
Калi ён адразу спытае : «Вы да мяне? - скажы запытальна так - «Да
ва-а-с? - Патрэнiруйся яшчэ. Калi ж не спытае, чакай.I пачынай павольна прычыняць дзверы, але галаву не хавай, шыю старайся як мага выцягнуць. А як ты думау, прыйдзецца крыху i прышчамiць і лізнуць, ну няхай сабе хаця б пятку. Так,так.А як ты думаў? Табе подпiс патрэбны? Ну дык рабi як табе кажуць.Прышчамляй, прышчамляй…Вось тады ён павiнен сказаць: «Уваходзьце смялей», -- не пужайся, уваходзь.Бокам, бокам так падыходзь да яго стала, павольна так.Усё адно ён на цябе ўжо не глядзiць, корпаецца ў сваiх паперках.Старайся зачапiцца крысом камізэлькі за тыя паперкi, каб яны долу аказалiся. Вось тады i ты кiдайся ўслед за iмi, быццам падбiраць i прасi прабачэння. Кiдайся, кiдайся - я табе кажу! Ён гэта любiць.Расказвалi адна бабуля таксама грохнулася перад яго сталом.Праўда, пляцак з гасцінцамі закаціўся пад той стол.Дык ён не толькi дапамог ёй падняцца на ногi, а нават не гледзячы падпiсаў усё, што падсоўвала, разумееш?
Далей - прасцей паранай рэпы. Прапануе сесцi - не садзiся, але i не стаi, як слуп,-- ён гэтага не любiць. Прыткнiся на ражку скуранога крэсла i схiлi ў яго бок галаву, вось так уперад, як чапля.Калi пяць хвiлiн ён вытрымае, пачнеш выказваць сваю праблему.Заiкайся, але ў меру - ён не любiць, калi чалавек дакладна выказвае свае думкi, што ты ў гэтых справах - нi ў зуб нагою i давяраеш цалкам яму. Але дай зразумець, што ў цябе сувязi. Ў пошуках, як быццам, важнай паперкi выкiдвай з кiшэняў перад яго носам - крэдытную картку,ключы ад сябравага «мэрса».Хабару ён не бярэ, ведае: як-ніяк дзяржаўны служачы, калі ўжо які там сувенiр зялёнай паперкай, але любiць, калi штосьцi «забываюць» у яго невялічкім на квадратаў сто кабiнеціку. А ўсё астатняе, гэта быццам бы намёк.Хто ведае колькi яшчэ з iм сустракацца прыйдзецца. А прыйдзецца, нутром чую…Табе подпiс патрэбны?
Так, паважаны, так. Звычайны кручок на звычайнай даведцы, адзiн росчырк пяра, а нiкуды не дзенешся.
-- А казалi, што нейкi метад аднаго акна прыдумалi.
-- Гэта казалi там, а тут пакуль да iнспектара патрэбна. Дарэчы, на якую лiтару тваё прозвiшча? На «вэ»?
-- Чаму гэта на «вэ» - на «фэ».
-- А, браток, у таго той нумар не пройдзе. Так што рыхтуй той самы сiмвалiчны сувенiр i
- наперад…Прыйдзецца, даражэнькi, прыйдзецца: яны да гэтага прызвычалiся.
-- Дзякуй за параду, дабрадзей ты мой!
28.07.2008
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
☺ Цудоўна. Прайшло дзесяць год, а амаль нічога не змянілася ��. А можа..? Мэбля ў кабінеце змянілася, ці яго размеры��, у "адным акне" дабавілася фортак. Шкада.⛔
ОтветитьУдалить