АркадзьЖураўлёў
ВУЧЫЦЕСЯ Ў МЯНЕ
Гумарэска
Была ў мяне даўняя мара: навучыцца плаваць. Няхай не брасам, не кролем, а хаця б як. Паказваюць па тэлевізары спаборніцтвы па плаванню, а я зайздрошчу: могуць жа людзі. У мяне ж i па-сабачы не атрымліваецца. Сябры здзіўляюцца: слой падскурнага тлушчу, як у маржа, а на вадзе не трымаешся. Я i сам здзіўляюся. Зайду ў рэчку, ногі падцісну i адразу - на дно. Спрабаваў з разгону - таксама не атрымліваецца. Так i даводзщца з дзецьмі ў брудных "жабніках" пялёскацца.
Аднойчы адзін сябар сказаў рашуча: "Я не я буду, калі не навучу цябе плаваць. I ад жонкі тваёй дазвол ёсць. Хочаш?"
- Давай! - узрадаваўся я.
I вось мы ў гумавай лодцы. Далекавата ад берага. Вада чорная, значыць, глыбока. "Цікава, - думаю я, - мы што, з таго, супрацьлеглага, берага будзем вучыцца плаваць?.. А раптам там так глыбока, што нават вадалазы не дапамо-гуць, калі...» А ён нечакана - таўхель - i скінуў мяне ў рэчку. "Авохці мне! - хацеў закрычаць я, - ратуйце!" Ды пабаяўся: вады наглытаюся... I пачаў малаціць рукамі i нагамі, ды так, што таварыш, як ні веславаў на лодцы, адстаў ад мяне. Маўчу, ды чамусьці перад вачамі жыццё праносіцца... Ну, думаю, канцы набліжаюцца... Малюнкі мільгаюць, здаецца, усё жыццё прайшло перад вачамі. Нарэшце я выбіўся з сіл ды жыватом зашорхау па дне, тады адзін ма-лююнак "застыў" чамусьці. Які? Ды што жонцы па гаспадарцы не дапамагаю, посуд не мыю, падлогу ў кватэры не падмятаю, а яна ўсё просіць, з працы прыйшоўшы: «Дапамажы...»
I так мне шкада сябе i жонку стала, што ледзь не заплакаў. I тады даў я сабе слова: як выплыву, заўсёды i ва ўсім буду жонцы дапамагаць. Можа, i заплакаў бы, каб ззаду нарэшце не пачуў сябраў голас:
- Ну ты, брат, i даеш... Мабыць, увесь жывот здзёр, тут жа вады - вераб’ю па калена.
Выбраўся я: сапраўды так - жывот здзёр, а вады той...
Сябра я не дагнаў, сіл не было. А той здаля, з глыбокага, крычаў:
- Дык на плыткім толькі i вучыцца плаваць, а ты што хацеў - утапіцца?.. Тады б якой карысці з такой вучобы?..
А карысць усё ж была. Дома, пакуль прыйшла жонка, я згатаваў вячэру i прыбраў у кватэры. А калі яна спытала, што здарылася, ці не адкінуў хто ў лесе лапы, паскардзіўся, як было. А жонка, замест таго каб пашкадаваць мяне ды паспачувапъ, сказала:
- Ну вось бачыш, адна навука пайшла ўжо табе на карысць... Можа, зараз паспрабуеш навучыцца скакаць з парашутам?.. Ужо год гаворым, што кватэру адрамантаваць трэба.
Я нічога на гэта ей не адказаў, але падумаў: "А дулю з макам, з парашутам... Гэта тут было плытка... Самалёт жа дужа высока лятае..."
Назаўтра я пачаў рамонт кватэры. Без "навукі" парашутнай.
31.07.2008
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Я ТАКСАМА НЕ ЎМЕЮ ПЛАВАЦЬ)))))) ТАМУ ТЭМА, ЯК РАЗ ДЛЯ МЯНЕ))))ТОЛЬКІ СЯБРА Ў МЯНЕ ТАКОГА НЕ БЫЛО, КАБ ТАК НАВУЧЫЎ НЕ ТОЛЬКІ ПЛАВАЦЬ, АЛЕ І ІНШАЙ ЖЫЦЦЁВАЙПРАЦЫ)))
ОтветитьУдалить