Аркадзь Жураўлёў
АСЦЯРОЖНА, ДОКТАР!
Гумарыстычнае апавяданне
Нагодай для гэтага апавядання сталi мае нядаўнiя наведваннi медыцынскiх устаноў. Прыхварэў чалавек, з кiм не бывае.З гэтых нялёгкiх для маёй сям’i вiзiтаў зрабiў адну выснову: здароўе патрэбна аберагаць, каб нi ў каго не выклiкала падазронасцi на нашую непаўнацэннасць як псiханеўралагiчную так i скурна-венерычную, нягледзячы на вялiкiя сувязi i пасаду. Крыўдна, што кожны раз мяне падвяргалi жорсткаму рэнтгенаўскаму абпраменьванню, лезлi ў пячонкi iмпартнымi катэтарамi, зондамi - усёй той дакладнай, але замежнай апаратурай. З якой мэтай? А мэта адна : пасеяць у пацыента нявер’е ў здаровыя сiлы свайго арганiзму i тым самым падарваць яго iмунiтэт знутры..
Чаго каштуе толькi адзiн медыцынскi трук? Колькi разоў цiхiм даверлiвым голасам праciлi мяне «дыхайце», затым рэзка скамандвалi «не дыхаць»! На што яны разлiчвалi? Вiдаць на тое, што я, як добрасумленны чалавек насамрэч перастану дыхаць? А цяпер усяго на адну хвiлiнку ўявiце, што можа здарыцца , калi такая каманда будзе пададзена ў час усеагульнай дыспансерызацыi?
У вынiку такога абследвання супраць мяне было сфабрыкавана цэлае медыцынскае заключэнне, дзе мне прыпiсвалiся такiя хваробы, якiя я, як сапраўдны патрыет сваёй Айчыны, з абурэннем адхiляю. Адкуль у прыкладнага беларускага сем’янiна , якi нi разочку не быў за мяжой, можа з’явiцца хвароба з лацiнскаю назваю? Гэта ўжо не iнакш як намер зганьбiць добрую гiсторыю маёй хваробы i кiнуць цень падазронасцi на заслужаныя органы маiх унутраных спраў: органы дыхання, руху, стрававання i самы галоўны орган - мыслення.
А на якiх такiх падставах мне прад’ явiлi абвiнавачваннi ў « парушэннi абмену рэчываў, атэрасклерозе, радыкулiце»? Аказваецца, на падставе ўсё тых жа аналiзаў, тых дзвюх бутэлечак, што лабарантка бабуля Дуся, забiрала праз акенца i няйначай пераблытала. Яшчэ ей,лабарантцы, дапамаглi i паказаннi няведама кiм настроеных прыбораў. А хто, таварышы, даў iм права меркаваць аб стане нашага здароўя па нейкiх там аналiзах, а не па вытворчых паказчыках? Няўжо колер, празрыстасць i асадак у выглядзе шматкоў змогуць сказаць пра чалавека больш, чым працоўны калектыў?
Адказ тут просты: таму што нашаму сучаснiку, перадавiку сельскагаспадарчай i прамысловай вытворчасцi яны заўсёды робяць свае iн’екцыi ў самае зневажальнае для беларуса месца. I колькi б яны не казалi, што менавiта там быццам знаходзяцца самыя мяккiя тканкi, я глыбока перакананы, што гэта не клопат аб знiжэннi нашых балявых пачуццяў, а спланаваная акцыя, скiраваная на падрыў нашай самапавагi i чалавечай годнасцi. Чалавек са спушчанымi порткамi не можа адчуваць сябе асобай i займаць пры гэтым вiдную пасаду.
Мне могуць запярэчыць, што гэта ўсё прыклады абуральныя,адзінкавыя, а не прафесiйнай недамысленасцi. Прызнаюся шчыра, што я таксама быў той жа думкi.Быў? Пакуль у чэргах да ўрачоў не зрабiў выснову (улiчваючы сваю i ўсiх родзiчаў да сёмага калена) меркаванняў амбулаторнага хворага. Са старонак гэтых дзiвосных па сваей цынiчнасцi дакументаў на мяне пазiраў скажоны выгляд беларуса: блiзарукi, кульгавы, з запаленчымi гландамi i мачавым пузыром, спрэс набiтым камянямi, як мяшок сяўкой бульбаю.
Асабiста я расцэньваю гэта як мiну запаволенага дзеяння.Калi гэтыя матэрыялы трапяць туды, дзе пазiраюць на нас як на нарыў у цэнтры Еўропы,гэта, з аднаго боку страцiць прэстыж нашай аховы здароўя ў вачах прагрэсiўных хворых ўсяго свету, а з другога боку - тыя ж «сябры» пранiкнуцца ўпэўненасцю ў тым, што такога чалавека нiчога не каштуе збiць з ног пляўком сярэдняй сiлы.
Медыцынскi дыягназ павiнен усяляць у нашага пацыента аптымiзм, а не садзейнiчаць маральнай разбэшчанасцi хворага, адрываючы яго ад рашэння надзённых задач, стаячых перад усiм арганiзмам. Злачынна запiсваць у гiсторыi хваробы такiя абуральныя фармулiроўкi, як « язва дванаццацiперснай кiшкi”, «склероз ныркi”, «катаракта» альбо «рэактыўны артрыт». Наколькi аптымiстычней гучаў бы, напрыклад, такi дыягназ: «Нягледзячы на асобныя злаякасныя змяненнi ў падстраўнiкававай залозе, шэраг кровазлiццяў у другасныя аддзелы галаўнога мозгу i некаторы неiстотны агульны паралiч, арганiзм у цэлым працуе паспяхова, з задачамi стрававання спраўляецца i гатовы выканаць любы загад цэнтральнай нервовай сiстэмы».
Такое медыцынскае заключэнне здольна нават асуджанага падняць на ногi.А калi шчэ дапоўнiць яго граматай « За ўзорнае ўтрыманне арганiзма», то любы хворы з радасцю кiнецца насустрач новым працоўным здзяйсненням нават з рэанiмацыйнага аддзялення. А ў шлюб як было б лёгка ўступаць: якiя будучыя цешча або цесць, свякроўка або свёкар ганьбавалi маладой здаровай кандыдатурай для свайго дзiцяцi?!
Дык наперад,паважаныя, да маральнай i фiзiчнай чысцiнi нашых арганiзмаў!
01.08.2008
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий