7 жніўня 2008
Зноў (у 13-ты сонечны жнівень) з’ездзіў на Слабадскі пагост на Мядзельшчыне, дзе знайшоў свой апошні спачын народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай і шматлікіх літаратурных прэмій, акадэмік, вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк).
Да гонару мядзельскіх бібліятэкараў, якія на чале са сваім дырэктарам Л.У.Несцяровіч свята захоўваюць і шануюць памяць пра Паэта завіталі да славутага земляка. Было ускладанне вянка і кветак, ставіліся лампадкі і свечкі на магілы нашага Яўгена Іванавіча і яго вернай сяброўкі Любові Андрэеўны, гучалі вершы з вечнай паэзіі Максіма Танка. Усе мы (са мной былі краязнаўца, рэдактар часопіса “Куфэрак Віленшчыны” М.Казлоўскі і выкладчык каледжа С.Цімошка напачатку завіталі на хутар Жукаўку, зараз - Пількаўшчына да брата Я.І. паказалі мы з Фёдарам Іванавічам і тую хаціну, і тую лазенку, і ліпы, і арэшнікі, якія “Жэня садзіў”), апасля ушанавалі памяць слыннага Паэта. З кіраўніцтва былі прадстаўнікі аддзелаў ідэалагічнага і культуры райвыканкама, сакратар Сваткаўскага сельвыканкама і савета ветэранаў. Апошні годна чытаў танкаўскія вершы, іншыя маўчалі. Я зноў у каторы раз гаварыў пра маю асабістую крыўду і занепакоенасць за тых бюракратаў, хто за памінальнай чаркай дакляроўваў, а так і не зрабіў рамонт танкаўскай хаціны, дзе з’явіўся на свет Паэт, і дзе жыла ўся вялікая сям’я Хведара Скурко. А тут ой як годна ўпісаўся б турыстычны маршрут па азёрнай Мядзельшчыне з наведваннем Пількаўшчыны, дзе б прымаў і Літаратурны музей Паэта! Як і крыўдна за тое, што не заслужыў Танк велічнай скульптуры на беразе Нарачы, якую так уславіў.
Сумую аб Паэце, славутым Майстры беларускай мовы, пра якую Ён усё сваё свядомае жыццё так непакоіўся (чытайце невядомыя дзённікi Танка), і прыгадваю, трымаючы ў руках адзін з 6-ці выйшаўшых 13-ці томнага выдання збору твораў Максіма Танка, са светлым пачуццём: ты быў знаёмы з сапраўдным Паэтам і Чалавекам. Дзякуй, дарагі Яўген Іванавіч, за тыя цёплыя словы, за роднае крынічнае Слова, якому жыць, якому спяваць, што мне пашанцавала пачуць ад Вас той восеньскай парою 1977. Зноў і зноў кажу: Бывайце і там, недзе ў загадкавай вечнасці, дай Бог Вам і Вашай Любашы спачываць спакойна.
”Усе дарогі бясконцыя, апрача той, якая вядзе на могілкі” – гэта афарызм самога Максіма Танка. Як не пагадзіцца з ім, вялікім Паэтам і Чалавекам, Паэтам-філосафам, Паэтам-лірыкам, класікам нацыянальнай літаратуры.
Не памёр!
Закалыханы жытам,
Як дарога, па якой хадзіў,
Моцна спіць ён, кветкамі накрыты,
Ты яго, прахожы, не будзі.
Комментариев нет:
Отправить комментарий