Аркадзь Жураўлёў
Дзівак
Апавяданне
Дзень быў цёплы, сонца ўжо добра прыпякала, але з перапынкамi: часам яго засланялi ваўняныя хмаркi, што насоўвалiся з-за Ушы, з-пад Вiлейкi. Веяў сыраваты ветрык.На раскошнай вярбе гушкаюцца ад яго павеву пушыстыя каташкi. Валянцiн наўмысна зачапіў адну з галiнак, але тая адпружынiла, узнялася ўгору, не паддалася. Ён усмiхнуўся, пстрыкнуў пальцамi правай рукi, быццам так i трэба, перайшоў чыгуначнае палатно, зайшоў у кафэ.Ён часцяком абедаў тут.Раней у гэтым памяшканнi была чыгуначная сталоўка, дзе надвячоркам збiралiся не толькi тыя, хто насамрэч прагаладаўся, а i тыя, каму i чарка да смаку, i хаця гэта забаранялася прычэпленай на сцяне адпаведнай аб’явай, за апустошаныя ўжо бутэлькi, дазвалялася пагрэцца, няхай i з-пад палы.
Цяпер ён сядзеў у даволi прыстойным i цiхiм кафэ. Вывучаў меню i стракатую публiку.
Падышла маладая афiцыянтка, прыняла заказ i знiкла за перагародкаю на кухні. Наведвальнікаў была поўная зала. Ля барнай стойкi сядзелі дзве пары маладых людзей, яны паволi смакавалi кактэйль,курылi.Астатнiя сядзелi за столiкамi.Раптам на парозе кафэ з`явiлася маладая прыгожая жанчына з дзвюмя дзяўчынкамi.Яна купiла дзецям соку i нейкiх прысмакаў.
Жанчына была цёмна-русая, у ярка-квяцiстай сукенцы, з круглым тварам, чорнымi брывамi i поунымi ледзь намаляванымi вуснамi, а дзяучынкi, якiм годзікаў па тры цi крыху больш, былi зусiм белагаловымi, валаскi iх ажно,здавалася, свяцiлiся, i тварыкi ў iх былi беленькiя з ружовенькiм прасветам.
“Цiкава, дзецi не падобныя на мацi”, – відаць, падумаў не адзiн ён, бо многiя звярнулi на iх увагу. Валянцiн глядзеў больш на мацi тых дзяўчынак.У вачах яе гарэлi вабныя i загадкавыя, як светлячкi ў летнюю ноч, агеньчыкi.Дзяўчынкi елi ахвотна,запiваючы сокам.
Валянцiн i сам не прыкмецiў, што i ён бессаромна ўгледзеўся, залюбаваўся хараством маладой мацi, абмацаў ліпкім позіркам яе постаць.Яму чамусьцi захацелася сесцi за блiжэйшы да iх столiк, загаварыць. «Я ўсё сваё халасцяцкае жыццё марыў завесцi сям’ю i мець двух дачушак, такiх як вось гэтыя белагаловыя дзюймовачкi…» – з сумам падумаў Валянцiн.
Але маладзiца нiбы ўгадала яго жаданне, раптоўна пасур’ёзнела, перастала ўсміхацца, гледзячы на сваіх дачок, і ўжо не так адкрыта, ўпотай зыркала на яго. І ён, Валянцін,адчуваў у гэтым і сваю віну, быццам ён і сапраўды пакрыўдзіў яе, хоць i мiжвольна. I цяпер, калi еў, ён стараўся як мага паволi гэта рабiць, а вочы яго самi па сабе крадком скiроўвалiся на iх столiк.
Дзяўчынкi, падсiлкаваўшыся, ужо зусiм раздурэлi: круцiлiся на крэслах i ўсё старалiся ссунуцца на падлогу.Мацi ледзь чутна прыструньвала iх, супакойваючы ўказальным пальцам, а тыя меркавалi, што з iмi як бы забаўляюцца, весела пасмейвалiся.
Урэшце адна з блiзнятак вырвалася з-за столiка i панеслася туды, дзе сядзела, весялiлася моладзь. Дзяўчынка апранута па-летняму, у сукеначцы, выглядала як маленькая прынцэса, прывабная i шустранькая, як вавёрачка.
Валянцiн не стрымаўся, усмiхнуўся ў свае мулявiнскiя вусы, падмiргнуў на два вокi малой. Смешны тварык, пралескавыя вочкi i кiрпаценькi, усыпаны не па часе вяснянкамi, носiк, таксама рассыпаліся ва ўсмешцы вясёлай i лагоднай.
--Та-а-та, та-а-та! Мама, гэта наш тата!
Ад такой нечаканасцi ў Валянцiна як усё роўна нешта перавярнулася ў душы, аднак ён не разгубiўся, дастаў з кiшэнi шакаладку, якая была быццам наўмысна куплена для такога выпадку, перадаў дзяўчынцы. Яна ўзяла тую шакаладку, засмяялася i подбегам пусцiлася да мацi, а тая з дакорам, цi як ўсё роўна гнеўна, з насцярогай зiркнула на Валянцiна, нахiнулася да дзяўчынкi нешта сказала той, толькi i пачуў слова «нельга», але ўзяла шакаладку і падзялiла на траiх.
У Валянцiна ў грудзях усё яшчэ нешта трымцела: чаго яна крыўдзiцца, цi ж я не ад шчырага сэрца даў тую шакаладку, я ж не кожнаму дзiцяцi тыцкаю тыя пачастункi, ну не мог стрымацца ад той непасрэднасцi яе дзяўчынкi, бо сваiх дзяцей нiколi не меў, хаця…
З тае пары, як яшчэ жывая мацi запярэчыла ўзяць Iрыну Ваюць з пышнымi бландзiнiстымi валасамi, так i ходзiць у халасцяках, хаця ўжо яму далёка за трыццаць. А ён жа так хацеў дзетак! I цяпер, калi бачыць дзiця, ажно ўвесь свецiцца той замiлаванасцю, адчувае адметную вабнасць да iх, абавязкова ўсмiхнецца таму дзiцяцi альбо нават загаворыць да яго, хаця кожны раз у яго балюча сцiскаецца сэрца. Ужо пяць год, як няма мацi, як Ірына выйшла замуж i гадуе дачушку.Другi б на яго месцы даўно знайшоў жанчыну цi запiў без супынку. Цяпер ён пачынае думаць пра Ірыну: «Як яна там, што робiць у тую хвiлiну, як дачушка iх? Гэтая незнаёмка са сваiмi дзецьмi толькi развярэдзiла душу.Чаму яго дзiця песцiць не ён,бацька, а чужы чалавек,чаму Ірына не прызналася яму,чаму змаўчала, кпiнаў вясковых жанок спужалася, што была два цi тры вечары з тым салдатам?І чаму ў сваiм шчасцi чалавек залежыць ад шчасця iншых людзей?Дурнiца. Я ж цябе кахаў…А цяпер што…Каб гэта было дадзена чалавеку хоць трошачкi зазiрнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамi часу, тое, што з усёй вiдавочнасцю адкрыецца ў наплыве наступных дзён… Не атрымоўваецца, на жаль. Нiчога не можа чалавек уведаць са сваёй будучыні».
Ён без асаблiвага жадання парэзаў на кавалачкi прынесеную афiцыянткай адбiўную,узяў колькi, запiў мiнералкай. Мiжволi кiнуў пагляд у бок жанчыны з дзяўчынкамi. Яны збiралiся адыходзiць.Адна з дзяўчынак,вiдно тая, што падбягала да яго, штосьцi паказвала ў яго бок, нешта шчабятала мацi, а тая штосьці ёй тлумачыла, пярэчыла.Дзяўчынка сцiшылася. Людзi ў кафэ цiкаўна паглядвалi на Валянцiна, на тую жанчыну з дзеткамi: у кожнага, вiдаць, былi свае думкi.Яна ж узяла свае пакункi i пайшла да выхаду.Валянцiн таксама ўстаў, пайшоў за iмi. Нешта штурханула яго шчэ раз усмiхнуцца той маленькай прынцэсе.А што было яму рабiць у такiм выпадку? Вось так спакойна сядзець перажоўваць тую ялавiчыну, калi душа iрвецца, просiць выхаду? Колькi ўжо сябе стрымлiваць?Зараз ён упэўнены ў адным, што калi першым не зрабiць крок, тое асуджаны будзе на бясконцыя памылкi.Хопiць саступаць: адна няўдача нараджае другую, а часам цэлае мноства няўдач. Яму ўжо карцела ўзяць малую за руку, адчуць сябе шчаслiвым, бо марыў шчэ з дзяцiнства пра тое шчасце – гэта калi мама за адну ручку, а тата - за другую, так i не дачакаўся.
- Ты,мусiць, вылiтая таткава дачушка,- не вытрымаў,зачапiў малую.Ужо памкнуўся быў падаць руку i пайсцi далей разам, але маладзiца неяк насупiлася, вусны яе сцялiся, а толькi што пунцовыя шчокi,здаецца, пабялелi.
- Алеся, я табе што сказала, бярыцеся за ручкi з Юлькаю.Гэта ж чужы дзядзька, а зусiм не ваш татка, - незлаблiва прыкрыкнула на дачку, крыху тармаснуўшы яе за руку. - Ваш татка яшчэ ў роддоме, як даведаўся, што нарадзiла двойню, да таго ж дзяўчынак, а ён усё чакаў сына, то i знiк. З тае пары не з’яўляецца. Казалi, што ў Маскве на будоўлях шабашыць.
-Забаўныя вашыя дзяўчынкi,- нiбы апраўдваючыся ў нечым, разгублена сказаў Валянцiн.
Яму зараз хацелася, каб жанчына хоць яшчэ што сказала – i яму стала б лягчэй на душы, ды тая адвярнулася i пакрочыла да чыгуначнага вакзала. За пешаходным пераходам ён усё ж дагнаў iх, зноў не ўстрымаўся, зачапiў першым:
- Вам жа цяжка, я ж бачу, давайце дапамагу, мне па дарозе. Ды не бойцеся вы так, не з’ем я вас i вашых дзяўчынак. Няўжо я змахваю на падазронага тыпа?
Незнаёмка як спалохалася яго, упарта крутанула галавой, таропка ступiла некалькi крокаў ад яго, Валянцiна. Дзяўчынкi пераглянулiся мiж сабою i таксама патэпалi за мацi.
I тут раптам, падышоўшы ўжо да акуратна размешчаных, як на макетах архітэктара, камерцыйных кiёскаў з рознакаляровымi вiтрынамi, малыя як згаварылiся, захныкалi:
- Мама, купi нам ляльку барбі.
Маладая мацi, як усё роўна яшчэ больш разгубiлася, азiрнулася навокал i нечакана зноў зачапiлася позiркам за Валянцiна, ужо больш раздражнёна спытала:
- Мужчына, ну што вам ад нас патрэбна?
- Нiчога, насамрэч, нiчога. Вось толькi дазвольце вашым дзяўчынкам куплю ляльку, калi ласка, яны ж так хочуць забаўляцца.
- Ды ўжо што з вамi рабiць, прылiплi як …
- Дзякуй вам.
- Далібог дзiвак,- у голас i ўжо з усмешкаю вымавiла.
Валянцін падышоў да кіёска і папрасіў дзве лялькі барбі. Разгледзеў іх, усміхнуўся і купіў тые лялькі, толькі ў розных сукеначках.
Дзяўчаткі, як кветачкі распусціліся, павесялелі, схапілі кожная сваю ляльку, паднялі свае галоўкі на Валянціна і зноў жа дружна прамовілі: “Дзякуй, дзядзя!”.
- Ды ўжо расціце, прынцэсы, будзьце такімі прыгожымі, як гэтыя лялькі, і хай у вас будзе ўсё хораша!
Жанчына зацікаўлена, але ўжо больш лагодна змерыла поглядам Валянціна, быццам што ўспомніла, і, неяк сумна паглядзеўшы яму ў вочы, прадставілася:
- Вольгай мяне завуць. Астатняе вы ўжо ведаеце.
- Валянцін, Валік, калі хочаце, - адрэкамендаваўся ён. І для большай упэўненасці дадаў: - Халасцяк, стары халасцяк.
- Няўжо?! І гэта вы лічаце за аргумент, каб прыставаць да шматдзетнай жанчыны? - яна ўсміхнулася.
- А чаму б і не!
Дзяўчынкі з радасцю забаўляліся з лялькамі, аберуч ашчапервалі іх, разводзілі рукамі тых лялек, тэпалі імі па лаўцы.
- Ну дык чаму халасцяк? –спытала яна асцярожна.
- Ат, паслухаўся парады маці, так і застаўся адзін.
- Што, так і засталіся бабылем?
- Так. Прызвычаіўся ўжо, - адказаў хутка, бо не надта хацеў зноў варушыць мінулае, як і не лез у душу да Вольгі сам. Яму рупіла даведацца дзе яна жыве. Усе не адважваўся, як бы баючыся спудзіць тое, што, здаецца, знайшоў, яе, у каго быў ужо зняверыўся канчаткова, спытаць. Распытаць гэтую статную маладзіцу з вачыма, падобымі на расяную ажыну, з кудзеркамі на высокім чале, з добрым, відаць, сэрцам, якая ў гэтыя хвіліны дорыць яму сваю усмешку. Памкнуўся быў падаць руку яе дзяўчынкам, і тыя заўсміхаліся, пайшлі насустрач. У гэтыя хвіліны ён цешыў сябе надзеяй, што лёс паспачуваў яму і цяпер патрэбна цераз дзяцей перакідваць на супрацьлеглы бераг кладку, каб і яна, Вольга, убачыла і таксама перкінула тую кладку на яго бераг, каб атрымаўся масток, які б і злучыў іх берагі.
Яна першай спытала дзе і кім ён працуе. Даведаўшыся, гарэзліва ўсміхнулася.
- Адчайны вы і рызыкоўны чалавек.Няўжо кепска быць халасцяком?
Вольга зноў акінула яго дапытлівым, але разам з тым ужо больш даведлівым позіркам.
- Такім удаўся.
Жанчына павярнулася да дзяцей?
- Як усё ў вас проста. Ведаеце, колькі ім ўвагі патрэбна? Мы з мамай
асабліва іх не песцім. Можа гэта і да лепшага, разумнейшымі вырастуць ды й больш спагадлівымі, - вызначыла свой педагагічны прынцып Вольга.
Неспадзеўна аднекуль прыляцела галубка і пачала прытанцоўваць на брыльку сметніцы, вуркатаць. Валянцін дастаў з кішэні і сыпнуў ёй семак. Дзяўчынкі засмяяліся.
- Ды не хвалюйцеся вы дарэмна, мне ўжо не васемнаццаць. Голоўнае я
люблю дзяцей, асабліва вось такіх дзяўчынак-непасед.
- Ой, мы тут забавіліся, электрычка вунь ўжо наша даўно стаіць, - як не
ўскрыкнула, спахапілася Вольга.
Тыя дзвесце крокаў, што праводзіў іх да электрычкі, Валянцін не ўпусціў дарэмна: даведаўся іх адрас. Ён дапамог ёй падняцца на высокія прыступкі, падняў на руках дзяўчынак, якія, аберуч ашчаперыўшы за шыю ўжо яго, як тыя лялькі, што прышліся ім даспадобы, з задавальненнем паўскоквалі на свабодныя месцы. Яна падзякавала Валянціну, усміхнулася на развітанне.
- Дзівак вы! - вымавіла, гледзячы прама яму ў вочы. Але запрасіла праз тыдзень-другі ў госці. Дзяўчынкі таксама разам з маці, але ўжо больш сцішана казалі:
- Дзядзька Валік, прыязжайце да нас.
- Абавязкова прыеду
- Усё, дзеці, хопіць, дзядзька Валік прыедзе да нас.
Развіталіся. Але ён не спяшаўся выходзіць з вагона. Падышоў да іх акна, зачыніў, “каб не прастудзіліся”. Падмігнуў дзяўчынкам і выйшаў на перон.
Праз акно яму дружна махалі тры жаночыя рукі. Наноў убачыў яе вабны твар з даверлівым умольным позіркам і адчуў нейкі асаблівы жаночы водар, які быў пры ім. Ад яе веяла даверам, жаноцкасцю і нейкай першароднай пакорлівасцю,якая, заўважыў,ужо ёй авалодала і, абудзіла ў ім нязведанае пачуццё. Ад гэтага ў душы яго было светла і радасна.
У скверыку ажно буяў квеценню чэрвень.
02.08.2008
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий