14.08.2008

Сустрэча з Сымонам Будным

Сустрэча з Сымонам Будным.

Вокамгненна засталіся пад коламі легкавіка тыя амаль дзвесце кіламетраў і я зноў у Радзівілаўскім Нясвіжы. Тут даўнавата праходзіў падрыхтоўку ў армейскім вучэбным падраздзяленні малодшых камандзіраў Урадавай сувязі, што ўваходзіла ў склад УС Беларусі (сёння войска тут няма, месціцца выставачная зала). Зрэдку выпускалі ў звальненне: трэба было штудзіраваць электрычныя схемы і даваць сувязь па засакрэчаных каналах вышэйшаму кіраўніцтву як ваеннам, так і дзяржаўнаму. Ды шліфавалі пляц новымі ботамі ажно да гарэлага паху збітых абцасаў, яшчэ калолі дровы ротнаму старшыні ды з таго азярка праз бетонную агароджу мы, чацьвёрка непакорных курсантаў, перадавалі па жывому ланцугу ваду ў вёдрах каб вымыць да сонечнага бляску-зіхацення палкавы сарцір за "непавагу да яго Вялькасці намесніка камандзіра ўзвода Грынчанкі".

Калі надаралася вольная гадзіна подбегам скіроўваўся у чытальню, дзе і даведаўся пра Нясвіжскія - княства і капэлу Радзівілаў, настаўніцкую семінарыю і ратушу, рэзідэнцыю князёў Радзівілаў – помнік архітэктуры 16-18 ст., і фарны касцёл (езуіцкі касцёл Божага цела. Не стаўлю за мэту пра ўсе гэтыя гістарычныя славутасці і гонар нашай дзяржавы апісваць, бо тое даўно вядома. А вось пра помнік беларускаму асветніку і гуманісту, рэфармацыйнаму дзеячу і філолагу Сымону Буднаму, што з’явіўся апошнім часам, быў узрадаваны. Тады шчэ была толькі мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці нашага славутага земляка. Менавіта ў Нясвіжы М.Кавячынскі заснаваў друкарню (працавала да 1571 г., пасля пераведзена ці ў Заслаўе ці Узду, дзе выйшла Біблія, перакладзеная Будным на польскую мову, у 1572 магнат Ян Кішка купіў тую друкарню і перавёз у мястэчка Лоск пад мой Маладзечна, а у 1750 і да 1791 тая друкарня працавала ў замку магнатаў Радзівілаў, якая выдала каля 70 кніг – пераважна рэлігійнага зместу і падручнікаў на польскай і лацінскай мове.). У 1562 г. тут, у Нясвіжы, на беларускай мове выданы кнігі С. Буднага "Катэхізіс" і "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам". Ёёсць звесткі, што былі надрукаваны інш. кнігі Буднага.

З вялікім жаданнем сфатаграфаваўся каля велічнай Постаці Айчыны нашай, прадаўжальніка традыцый Ф.Скарыны, хто выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя.
Сымон Будны
Ваш Аркадзь Жураўлёў (Аркадзь Шагакін)
E-mail: zhuravlev@tut.by

1 комментарий:

  1. Дзякуй, Аркадзь Жураўлёў за добры матэрыял.
    Яна мне вельмі дапамагла. Андрэй.

    ОтветитьУдалить