30.01.2017

АЛЬТЭРНАТЫЎНАЯ СЛУЖБА або ЦАЛУЙЦЕ ЦЕШЧУ

АЛЬТЭРНАТЫЎНАЯ СЛУЖБА або ЦАЛУЙЦЕ ЦЕШЧУ

Гумарыстычнае апавяданне

У маёй цешчанькі юбілей. 36! Эфектная, душэўная, стромкая! З фігураю да непрытомнасці. Хоць сёння пад вэлюм. Ну, проста кветачка! Праўда з форсам.

Можа гэта і сорамна прызнацца, але я ўпадабаў яе адразу. З усімі адсюль наступствамі. І ўжо губляюся: каторая мая. Баюся пераблытаць Марыю Іванаўну са сваёю Светкаю, яе дачушкаю. Так звыкся з роднымі вобразамі, што аднолькава прыгожыя і маладыя. Ну, проста адзін твар!

Так і рвецца душа для больш разняволенага камплімента: цэ-цэ. Не магу сказаць, што лёгка стрымліваць сябе.

Таксама, як заўсёды ў любой дошцы ёсць стрэмка, знаходзіліся і тут свае тэарэтыкі. І нам са Светкаю прапановы былі рознымі.

Чаго каштуе адно толькі віншаванне на нашым вяселлі: "Каб дзень цалаваліся, а ноч мілаваліся."

Вось і кажу вам, што думкі думкамі, але адчуваю пільны жаночы позірк і разумею, што побач - цешчанька, а ніякая не палюбоўніца.

Няхай мы амаль аднагодкі. Але неабходна стрымліваць свае эмоцыі. Вырашыў адкінуць спакуслівыя думкі і заняцца падарунакам. А мая тут як тут.

"Брыльянцік у 45 каратаў – ва-а-ў! – Стопудова ў дзясятку!" – загарэліся яе вочкі.

Тыдзень даводзіў сваёй крамянай абранніцы, што якраз яе мама, а мая дарагая цешчанька, з добрым густам. Словам, не шкада і ўслых вымавіць: цэ-цэ!

Менавіта такія жанчыны носяць толькі біжутэрыю. А золата і брыльянты даводзіцца насіць усім астатнім. Сказаў гэта і маўчу.

Чакаю, як знямоглая пустыня дажджу. Хвіліны чакання каханай тупымі нажамі пілуюць мужчынскае сэрца. Вы нават ўявіць не можаце, чаго гэта мне каштавала.

І раптам чую яе незадаволены голас: "Ты мяркуеш, што такі здатны да чужых лытак, як і раней? Цяпер крэдытаздольнасць галоўнае. І мэта жонкі – траціць столькі, каб не хапала мужчыну на палюбоўніцу. Чуў?" Прызнаюся: мне няцяжка аддаць зарплату. Нават усю, але куды цяжэй даказаць, што гэта ўся.

Адно скажу вам шчыра: я пасівеў за гэты час. Хаця і перадумоў не было. А тое, што амаль год па-пластунску поўзаю па цешчынай кватэры, гэта для мяне адно задавальненне.

Адзіная радасць! Адразу адказала, як адрэзала: "Ад войска адкасіў – будзеш у мяне альтэрнатыўную праходзіць:посуд мыць, гатаваць, прыбірацца. Гэта самае – крок улева, крок управа… Правільна: стаяць!"

Не, я не крыўджуся на сваю другую маму. Не, і яшчэ раз не! І цешчанька ласкава ставіцца да мяне, свайго трэцяга зяця. Толькі служба павінна быць дакладнай.

Вось учора пытаюся: "Мама, дзе зялёная гарбата?" "Гм-м-м-м", - працадзіў вішнёвы румянец. "Які ты бездапаможны, зяцёк! Учора не паласосіў кватэру, а сённа гарбаты захацелася? Ды яшчэ і валасы тлустыя! "Гарбата ў аптэчцы, у бляшанцы з-пад кавы з подпісам "Гарбата"

Ну я, каб не застацца ў даўгу перад родным чалавекам, вырашыў адразу ж разлічыцца.

Еду на сваім серабрыстым маленькім такім,зусім сціпленькім мерсіку. Не, не думайце нічога такога. Гэта мы са Светкай на свае кроўныя прыдбалі. Зуб даю!

Бачу па тратуары мая другая мама дэфіліруе. Прыціскаюся да ўзбочыны, быццам хачу падвезці роднасную душу. Як толькі мама майго праменьчыка ледзь не дакранаецца да дзверцаў, павольненька, нехаця нага сама націскае на акселератар. Я таксама не супраціўляюся, ведаю, што і ёй, назе маёй, таксама трэба нарэшце выпраміцца.

Я ж колькі год горблюся ў цешчыных пакоях! Горб хутка цяжка будзе скрываць. Таму радасць мая не мела межаў! Але і цешчанька таксама гордая. Як прыпусціла хады на чырвоных сваіх скараходах! І ... прабегла побач. З кіламетр няйначай. З дыяментамі на галаве. Гордая!

Варта сказаць, калі праз дзень ціхенька спытаў яе: "Мама, чаму ў нас адсутнічае асартыментны пералік страў?"

Пачуў такое, што называецца ненарматыўнай лексікай. Вам смешна, а мне прыкра. Штодня курэй толькі і падаюць: вараных ды смажаных. З кішэняў адно што пер’е сыплецца.

Хутка закукарэкаю. А Светка таксама спрытная на язык: "Смелы! А калі ялавічына нагадае пра рогі? Калі хочаш - лёгка выправім! Нават вернасць табе захаваю! Але толькі пад працэнты."

Маўчу. Ведаю: добрая цешча на дарозе не валяецца.

Чакаю вашых каментарыяў

zhuravlev@tut.by

Жонка і фінансавы крызіс

Жонка і фінансавы крызіс

Гумарэска

Што зрабіў са мной глабальны фінансавы крызіс? Здаецца, мінуў той вірус, калі не лічыць галаўнога болю, павышанага крывянога ціску і горычы. А каб і вас, паважаны чытач, не зачапіў свавольнік-крызіс, хачу папярэдзіць... Але давайце ўсё па парадку.

Па-першае, ніколі не пярэчце свайму непасрэднаму кіраўніцтву калі яно прапануе абмежаваць ваш апетыт, скараціць рост наяўнага патайнога грашовага абарачэння ў вашай кішэні. Змаўчыце велікадушна. Гэта спатрэбіцца як алібі, бо праз дзень-другі давядзецца трымаць справаздачу. Пакуль жа вашы страты пакрые матэрыяльная дапамога ад …сяброў. Калі ў іх кішэнях не дзынкалі манеты, ты тут як тут быў. Выручаў! Так! Цяпер іх чарга настала.

Жонка не западозрыць.

Па-другое, калі ўжо прыйшлі да кансенсусу, замацаваўшы пагадненне кантрактам, і вы настроіліся на атрыманне банкнотаў па-новым метадзе, не спяшайцеся цешыць сябе. Раптам перад самым банкаматам прапануюць паставіць подпіс у расходным ордэры з запісам у касавай кнізе і патрабаваннем … прышпіліць квіток з таго ж банкамата.

Жонка адобрыць такі кантроль.

Здаецца, цяпер вам нішто не пагражае. Перасцярога - з усіх бакоў. Але... Раптам увечары, калі ўся сям’я ў зборы, пачынаецца пералік прынесенага заробку і … легалізацыя патайнога мужчынскага "фонду". А як вы думалі? Сямейную мытню прашмыгнуць з заначкай на ціхія мужчынскія радасці, прыхаванай, напрыклад, у каўнерыку ці манжэце сарочкі, пад сцелькамі чаравікаў ці ў шкарпэтках, за падкладкай пінжака ці ў каляіне для гумкі трусоў ці нават ў ... жончыным станіку, што зараз ляжыць ў карзіне для бруднай бялізны?! Не атрымаецца! Спытаеце пра вопыт тых мытнікаў, альбо як стала вядома? Ды ўсё проста: крызіс падштурхнуў актывізаваць кадравыя рэзервы. Сума заначкі, не ўключанай у ліміт касы, уміг выяўляецца і канфіскуецца жонкай або па даверанасці ва ўстаноўленым парадку і… цешчай. Так-так, менавіта цешча дакладна ведае ўсе патайныя месцы мужчыны. Эх, каб не было жонкі, не замінала б і цешча! Раней мог майстар-клас па заначванні даць. А цяпер хвалююся. Хаця ведаю, што тут ужо не да антымоніі, і сам намацваю рэзервовы фонд. Раптам яго ўжо цешчына вока цю-цю, загіпнатызавала і…Былі сакрэтныя грошыкі, ды ўсе выйшлі! Эй, паважаныя! А вось тут нагадваю пра парушэнне маіх правоў: – знайшоўшаму клад належыць усяго 25%! Вось так: адна ма-а-ленькая дэталька, а якая вага! (Казалі, што яшчэ лёгка адбрахаўся, маглі б удзвюх і гайдара даць).

Жонка будзе на сёмым небе.

А той штраф, што змушаны быў выплаціць за адкрыццё несанкцыяванага ўласнага (у такі час!) бюджэту адпавядаў памеру гадавой заначкі, што склалася не толькі ў аднаго мяне, а і таго, хто не мае звычкі мімаходзь марнаваць грошы на мілыя жаночыя дробязі.

Няўжо і ўсім нам, мужчыны, зараз прыйдзецца "здаваць" свой заробак да рубля? А захоўваць і распараджацца сямейным бюджэтам будуць … жанчыны! Як здарова харчавацца і здорава жыць без заначкі? Можа і крыўдна. Але справядліва. І дублёр мне пакуль не патрэбны. Супакойваю сябе на рэгулярных "непрадбачаных абставінах" – юбілеі, наваселлі, дні народзінаў калег, іх дзяцей і ўнукаў і г.д. Пакуль кожнага "адсвяткую"…Багатыя пацешкі. Так што сякі-такі рэзервовы фонд (цьфу-цьфу, каб не сурочыць) павінен быць!

Так што і вы, чытач, калі не адносіцеся да групы рызыкі па заначцы і з удзячнасцю ўспрымеце крызіс ва ўласнай кішэні – вы надзейнае звяно ў ланцужку зменлівага настрою фінансавай кабеты. І сваім учынкам можаце пазбавіць многіх ад галаўнога болю, перападу крывянога ціску і горычы. Бо як ратунак прыходзіць жончына, ўсмешка: - Вось цяпер фінансавы крызіс і нам не страшны!

Я таксама радуюся за жонку, бо яна не зусім збянтэжыла мяне і не спяшаюся адымаць у яе права ведаць усе магчымыя і немагчымыя выхады з цяжкага становішча. Бо і сам ведаю, калі ў споры з жанчынай, ты ўзброены толькі логікай, фактамі і здаровым сэнсам – у цябе няма шансаў: жанчына валодае асаблівым на гэта нюхам.

А тое, што мой уласны бюджэт ніжэй за ватэрлінію апусціўся, - з’ява часовая.

Ах, якая разумная жонка мая!