15.12.2010

БУМЕРАНГ. Раздзел чацвёрты. Кватэра коштам у жыццё.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

БУМЕРАНГ

Дэтэктыўная аповесць

Раздзел чацвёрты.

Кватэра коштам у жыццё.

- Ну вы, хлопцы, даеце! – Васіль Міхайлавіч не верыў, пакуль сам не пераканаўся, што яго сын Сяргей с сваім сябруком забілі чалавека. – Вас цяпер пасадзяць!

- Баця, не дрэйф, - не засмучаўся Сяргей. – Лепш дапамажы труп прыхаваць.

- Можа мне ўжо хопіць? Хаця б са сваім мінулым разабрацца. Бачыш – ніхто не падставіў плячо з тых, хто пяткі лізаў, калі кіраваў падатковай інспекцыяй, акрамя Марычава. Так што магу толькі лапаты прынесці, у машыне ёсць, здаецца. І не больш, сын…

Сяргей Яўкімаў даўно марыў пра ўласнае жыллё. Жыў у звычайнай трохпакаёўцы разам з бацькамі. Ніколі не было самастойнасці, а яму хацелася ў любы час куды і з кім пайсці, альбо прывесці да сябе. Грошы бацька не даваў, свае клопаты меў, а маці больш глядзела таксама за сабою.

Быў у Сяргея сябар – Стас Мінлюкевіч, якому Яўкімаў асабліва зайздросціў. Ён меў уласную кватэру ў цэнтры горада. З дапамогай бацькавых падаткаплацельшчыкаў зрабіў еўрарамонт. Жыў адзін. Сям’ю заводзіць не збіраўся. Хапала румзаў маці пра абедзьвюх сясцёр, якім бацька таксама пабудаваў кватэры ў самым Мінску. Шчасця ні ў адной няма, дзетак Бог так і не даў. Праклялі, відаць, людзі.

І Сяргей пастаянна думаў: "Навошта Мінлюкевічу такая шыкоўная кватэра? А вось мне яна ў самы раз!"

Яўкімаў распрацаваў план, з якім пазнаёміў даўняга прыяцеля Ігара Даранскага.

Ігар, як і Сяргей, нідзе пасля каледжа не працаваў. І ў яго таксама была мара, праўда маштабам куды меншая – набыць аўтамабіль. А ў Сяргея як раз машына была, бацька перад адсідкай атдаў яшчэ добрую, дзесяцігадовую "ауді". Яны часта каталіся на ёй па горадзе, асабліва па начным.

- Можа прадасі? – з пяшчотай гледзячы на жалезны скарб, пытаўся Ігар.

- А на якія шышы ты купіш?

- Ну-у, можа ў растэрміноўку…

- Не, браце, калі будуць грошы, тады і прыходзь.

Сказаў так, падалося, неабдумана, і ўжо на наступны дзень сам знайшоў сябрука, прапанаваў:

- Прабач, паспяшаўся я ўчора з адказам. Забірай, дружака, маю прыгажуню за так. Бясплатна.

- Гэта як бясплатна? – не чакаў такога адказу Даранскі.

- А так. Ты мне дапаможаш у адной справе.

- Замётана, - нават не пацікавіўся, што за справа, пагадзіўся Даранскі.

- Заваліш мне аднаго чувака! І ўсё! Машына твая!

- Во як! – ажно закашляўся той.

- А як ты думаў: ты – мне, я – табе! Такое жыццё, братан. Ты марыш пра машыну, а я пра кватэру ўласную.

- Не зусім разумею.

- А што тут разумець? Жыве багаценькі Бураціна, у шыкоўнай кватэры. Адзін. І радні ў яго няма. Калі памрэ, кватэра пярэйдзе ва ўласнасць дзяржавы. А калі паперы перапісаць на мяне – то мне.

- Ці ж ён лох, ці што, каб кватэру на цябе перапісваць? Ды і што з ім можа здарыцца?

- Вось ты для гэтага і патрэбны. Запрашаем яго на "стрэлку". Пакуль я з ім базару, прапаную яму падпісацць дароўную на кватэру, ты, трымеш ствол, і раз-пораз спакойна націскаеш на курок, раз – воддаль, другі раз – і ў нагу пацэліш. Каб асэнсаваў сур’ёзнасць моманту! Выканаеш работу як след – тачка твая. Ну, як, ідзе?

Як не дзіўна, але Даранскі пагадзіўся. Аўтамабіль для яго быў даражэй жыцця незнаёмца.

Выбаўшы дзень, Сяргей патэлефанаваў Стасу Мінлюкевічу.

- Прывітанне, не забыўся яшчэ на старога сябра? Нам патрэбна пагаварыць. Я справу сваю адкрываю, хачу цябе ў долю запрасіць, у цябе ёсць вопыт і сувязі.

- Дзе сустрэнемся?

- Я за табой заеду.

Праз хвілін сорак яны ўжо былі за горадам. Па дарозе Сяргей пераконваў Стаса, што "такія" справы робяцца як мага далей ад чужога вока.

- Давай, расказвай па дарозе, - прапанаваў Мінлюкевіч.

- Пачакай, ты ў чымсьці сумняваешся? Нашыя бацькі разам у падатковай працавалі, а ці нам, іх дзецям, ёсць прычыны не давяраць адзін аднаму?

- Згода!

Заехаўшы ў глухое і ціхае месца, хутчэй старую паляну, машына спынілася. Сяргей адвёў Стаса ўбок і пачаў расказваць пра штосьці аддаленае, затым перайшоў да сваіх праблем у сям’і, што жыць з бацькамі невыносна, а тут жаніцца патрэбна, бо нявеста на шостым месяцы. Дастаў з прыгатаванай папкі чысты аркуш паперы і ўзор дароўнай.

Раптам ззаду Мінлюкевіча трэснула галінка, ён павярнуўся і ўбачыў з пісталетам у руцэ Даранскага.

- Давай, Стас, хутчэй думай, бо мы з Серым апошнім часам нервовыя нейкія, асабліва я.

- Праўда, Серы?

- Я двойчы не паўтараю!

- Хлопцы, няўжо нельга без крыві? Я ўсё падпішу!

Раптам побач з яго нагамі раздаўся стрэл. Мілюкевіч ніколі не вызначаўся смеласцю, ад неспадзеўку ажно прысеў, шорты ўзмакрэлі. З твару стаў ён бледны зусім, як прасціна.

- Давайце, хлоцы, усё падпішу!

- А дзе ты дзенешся! – рассмяяўся Даранскі і зноўку выстраліў, побач з яго вухам прасвістала куля.

Ён падпісаў усе паперы, што падсоўваў Яўкімаў. Затым стаў на калені, прасіўся не забіваць, бо яму "хопіць і аднаго метра той плошчы".

Яўкімаў ажно кіпеў ад злосці, што Даранскі не страляе ў Мінлюкевіча, сам падбег да стаячага на каленях прыяцеля і, дастаўшы з кішэні прыгатаваны на ўсякі выпадак цяжкі малаток, ударыў таго па галаве.

- Браткі, што вы творыце? Я ж усё падпісаў-ў…

Мінлюкевіч не рухаўся. Даранскі, успомніўшы, што пра абяцаны падарунак, таксама падключыўся. Ён дастаў прыгатаваны шнурок і пачаў душыць, біць нагамі нежывое цела.

- Гэта табе, задавака, каб паважаў і радаваў нас!

- Здаецца ўсё, - расслаблена выдыхнуў Сяргей.

Сябры накіраваліся дадому. Іх адзенне было ў крыві, і бацька, завітаўшы акурат у гэты час дамоў, разгублена ўставіўся на сына.

- Баця, мы выпадкова завалілі чалавека. Труп – у лесе.

- Не паверу, пакуль на свае вочы не ўбачу, - адрэзаў Васіль Міхайлавіч.

- Ты заўсёды прымаў мяне за слабака. Цяпер жа можаш пераканацца, паехалі.

Бацька даў чыстае сваё адзенне, яны перапрануліся і паехалі.

У лесе бацька дапамог выкапаць яму для трупа, які вытрымана, як звычайную справу робяць, паклалі ў яміну, засыпалі пяском, лісцем і мохам, а самі селі перакурыць, пацягнуўшы каньяку з прапанаванай старэйшым Яўкімавым абцянутай скурай біклажкі.

Калі сляды злачынства былі знішчаны, Ігар запытальна глянуў на сябра:

- Ну што, цяпер я уладальнік тачкі?

- Ні фіга! Ты не выканаў умовы сдзелкі! Павінен быў сам яго заваліць, а так мне прыйшлося папрацаваць.

- Калі не аддассі я за сябе не адказваю, - пакрыўдзіўся Даранскі.

- Лады, забірай, карыстайся, - успомніў, што яго чакае ўласная кватэра, падабрэў Сяргей.

Ён аддаў даручэнне і ключы ад машыны. Сам пачаў чакаць, калі пачнуць шукаць Мілюкевіча, палічыўшы яго прапаўшым без вестак. Падстава для пошукаў Мілюкевіча мелася: ён быў заўзятым грыбніком. Маўляў, пайшоў і не вярнуўся, а бабулькі, што сядзяць ля пад’ездаў, пацвердзяць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий