27.03.2009

Як збываюцца мары. Казка.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ (Аркадзь ШАГАКIН)
ЯК ЗБЫВАЮЦЦА МАРЫ
Казка


Маленькі хлопчык Ільюшка з татам і мамай прыехаў у вёску да прабабулькі Лімы і прадзеда Сашы на лета, каб адпачыць на свежым гаючым паветры, набрацца сіл, а разам і дапамагчы ім па гаспадарцы. Ільюшка штодзень карміў курэй, глядзеў за козкамі, гуляўся з сабачкам Байкалам. Калі дзед запрагаў коніка, Ільюшка аказваўся побач і, як Буян быў зацугляны, заўсёды ўзбіраўся да дзеда на калені, і павозка рухалася па сена на луг ці па дровы ў лес. Конік бег шпаркай рыссю, але роўна і ад гэтага толькі вецер свісцеў у вушах, а хлопчык ад задавальнення ажно вочкі закрываў і казаў дзеду:

- А-а, давай, дзед, давай яшчэ хутчэй!

Дзед злёгку кратаў лейчынаю і Буян яшчэ прыпускаў хуткасці, ажно пясок з-пад яго капытоў ляцеў на павозку.

Гэты занятак вельмі падабаўся Ільюшку, не меньш за кніжкі. А яшчэ ён вельмі любіў гойдацца на арэлях. І так у яго гэта спрытна атрымлівалася, што ўсе яму па-добраму зайздросцілі.

Узяць хаця б сівога коніка Буяна. Колькі год ён пражыў на гэтым свеце, а вось на арэлях так ні разочку не давялося пагойдацца. А так хацелася шчэ з тых часоў, як быў маленькім жарабяткам. Але тады ён умеў лёгка скакаць і гарэзліва падбрыкваць. І яму было не так крыўдна, як сёстрам козачкам Каці ды Розе. А цяпер ужо не тое, развучыўся, пастарэў. "Уверх-уніз, уверх-уніз! Уверх - да самага неба, уніз – да самай зямлі… Здорава!" – думаў ён.

- Байка-а-л, - спытаў конь у свайго дваровага сябра, - а ці гойдаўся ты калі-небудзь на арэлях?

- Ўа-аў-ў! А як жа! – адказаў Байкал. –Ўа-аў-ў! Калі я быў маленькім, мяне Ксюша, Ільюшкіна мама, гойдала.

- Гэта, відаць, цудоўна… - уздыхнуў Буян.

- Ўа-аў-ў-гы-ы! Нічога цудоўнага, - буркнуў Байкал. – Ведаеш, як угойдвае?

- А я не баюся, мяне б не ўгайдала! – сказаў конь. – Раней я скакаў рыссю і галопам, і нічагусенькі, толькі б тыя ўтрымаліся, хто на мне верхам ці на возе сядзяць.

- Э-э-й! Бегчы – гэта адно, а вось гойдацца – зусім іншая справа, - не пагаджаўся Байкал.

- Калі ляціш уніз, здаецца, унутры штосьці абрываецца!

- А ці чулі вы, сябры, калі доўга гойдацца можна нават на марскую хваробу захварэць, - паведаміла сваім лагодным галаском ластаўка, у якой было гняздо пад самым вільчыкам страхі дома.

- Так, так! З намі такое здаралася, - падхапілі козачкі-блізняткі Каця і Розачка.

- Глупства ўсё гэта, сябры! – уздыхнуў Буян.

- Я таксама хоць зараз магу пагойдацца на арэлях! – выхваляўся чорнай масці каток Маркіз. – І ніякай марской хваробы ў мяне не будзе. Паверце.

- А ты паспрабуй! – уступіў яму Ільюшка.

Каток ускочыў на арэлі і пачаў разгойдвацца. Байкал хацеў сцягнуць яго.Ён ледзь стрымліваў сябе, калі Маркіз пачынаў выхваляцца, але тут заступіўся конік Буян.

- Ды не замінай яму, Байкал! Хай сабе гойдаецца…

- Байкал, супакойся, не ты ж адзін такі ўвішны, - заступіўся Ільюша. Ён сказаў так упэўнена і пераканаўча, што нават гарэза Байкал паслухаўся.

- Калі хочаце ведаць я і на веласіпедзе катаўся! – працягваў выхваляцца коцік Маркіз, раскалыхваючыся ўсё вышэй і вышэй.

- На веласіпедзе? Сам? – здзівіліся конік Буян і козачкі Каця і Роза.

- Ну, не зусім сам, - збянтэжыўся каток. – Але затое я ездзіў як на раме, так і на багажніку, і ніхто мяне не трымаў!

- Здорава! – усклікнуў конік. – А на арэлях усё ж лепш!

І так расчуліўся, што не захацеў больш размаўляць і адышоўся да плоту. "О-о-о! Ніколі ўжо мне не пагойдацца", - з сумам думаў ён.

На дварэ стаялі першыя восеньскія дзянькі,бо дрэвы пачыналі афарбоўвацца ў жаўтавата-карычневыя колеры, хаця днём было яшчэ вельмі цёпла і ад таго, здавалася, лета яшчэ працягваецца. Тым часам маленькія павучкі адпраўляліся ў далёкія падарожжы на сваіх павуцінках. Вы, дзеці, мабыць таксама бачылі гэтыя дні, якія так і называюць "бабіным" летам, за тое, што вельмі цёпла, як летам, іх, тых павучкоў ляціць незлічонае мноства. Калі не бачылі тых самых павучкоў, то іх сеткі-павуцінкі чапляліся да вас не аднойчы. Памятаеце?!

Вось якраз у адзін з восеньскіх дзён такі павучок, пралятаючы паблізу двара, дзе былі ўсе хатнія сябры Ільюшкі, пачуў гэтую размову і пашкадаваў коніка Буяна. Ён зачапіўся павуцінкай за яго вуха, падцягнуўся бліжэй і сваім пісклявым галаском празвінеў:

- Ляцім з намі! Ты ж так марыў вольна крыляць у высі! Дзіва што на арэлях!

- Нішто не можа параўнацца з палётам, - пацвердзіла ластаўка. –

- А як жа я палячу? – здзівіўся конік. – У мяне ж і крылаў няма.

- Не хвалюйся, у нас таксама няма крылаў, - сказаў няўрымслівы павучок. – Мы з табою падзелімся павуцінкамі. Спляцем з іх вялікі ветразь, і ты зможаш ляцець як паветраны карабель.

-Паспрабуй! – угаворвала коніка і ластаўка. – Хто ніколі не лётаў, ніколі не даведаецца, як гэта цудоўна.

- Вось, вось, паспрабуй! – ускрыквалі козачкі Каця і Роза, матляючы сваімі куртатымі хвосцікамі. – Мы вунь без ветразя скачам як не з даха дзедавага хлеўчука. Рамантыка!

- О-о-о! Ляцець пад ветразем! Гэта і страшна, і захапляюча. Я згодны! – пагадзіўся конік.

Тады той самы няўрымслівы павучок адарваў ад сваёй павуцінкі ладны кавалачак і звязаў яго з другім такім жа кавалачкам, што пакінуў другі павучок, пралятаючы над імі. Раптам далучыліся і трэці, і чацьвёрты, і пяты… цэлае мноства павучкоў. Яны звязвалі свае павуцінкі да тае пары, пакуль не атрымалася вялізная павуціна-ветразь. Тым часам іншыя павучкі сплялі са сваіх павуцінак моцную вяроўку, адзін канец якой замацавалі да ветразя, а другім абвязалі коніка так, што ён адчуваў сябе як ў касмічным скафандры, толькі празрыстым і лёгкім.

Наляцеў свавольнік вецер і надзьмуў той ветразь. Конік адчуў, што адрываецца ад зямлі і падымаецца ў паветра. "Няўжо, няўжо насамрэч і я лячу?!" – здзівіўся Буян.

Конік, ледзьве пакачваючыся, павольна паплыў над анямелымі ад здзіўлення сабачкам, над арэлямі, з якіх з перапуду саскочыў каток Маркіз і запішчэў так, што на ім поўсць уся дыбам узнялася, над козачкамі, над дахам дома, з якога выпырхнула ластаўка і паляцела ўзбоч коніка. А ён уздымаўся ўсё вышэй і вышэй, толькі яго сівая грыва хвалямі развівалася, дапамагаючы ветразю яшчэ хутчэй несці яго ў нязведаныя прасторы.

-Якая рамантыка! Усе такія маленькія, быццам мурашы! Гэта ж сапраўдны цуд! – захоплены палётам усклікнуў Буян.

Ён паднімаўся ўсё вышэй і вышэй, і ўжо хутка быў ля самых аблокаў.

Павучкі засталіся далёка ззаду – дзе ім угнацца за такім паветраным караблём! Нават ластаўка і тая, ўзмахнуўшы на развітанне крылцамі, вярнулася да сваіх дзетак, якія трэніравалі сябе для далёкага вандравання.

Буян праляцеў над горадам, але ніхто яго не заўважыў. А калі б і заўважыў, то не паверыў, падумаў, што падалося. Гэта ж якое дзіва: над горадам ляціць конь! Прычым ляціць пад ветразем!

А ён усё вышэй і вышэй узнімаўся ў неба, пакуль не ператварыўся ў сузор’е, якое назвалі Ветразем, бо яго разгледзець можна толькі ў самы найвялікшы тэлескоп.

-------------------------------------------------------------

Пішыце. Давайце разам марыць! Чакаю вашых пісем на адрас:
E-mail:zhuravlev@tut.by

1 комментарий:

  1. Я і не ведала, што Вы і казкі пішаце, гэта цудоўна! Хораша ўсё: і мова, і дыялогі, і сюжэт! Хаця ўспомніла, што чытала вашы казачкі у "Вясёлцы" і мусібыць у "Рукзачку"... Так. Жадаю вам новых вышыняў у творчасці. Алена Валянцінаўна.

    ОтветитьУдалить