Дзяды.Дзень памяці.
Пачатак лістапада для мяне як і для тых беларусаў, хто страціў сваіх родных і блізкіх час светлага смутку і ўспамінаў – Змітраўская памінальная субота. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памерлых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваіх нашчадкаў, радуюцца іх поспехам і сумуюць, калі ў хаце штосьці робіцца не так. Схадзіў і я ў сваю (побач з маладзечанскім домам) царкву Успення Прасвятой Багародзіцы.Падаў спіс сваіх родных каб маліліся за іх душы, купіў па свечцы і запаліў, успомніўшы кожнага. А ў родных Гаранях на могілках, дзе знайшлі свой прытулак папа, мама і Валодзя, Воўка, (як звычайна звалі нашага малодшага брата) таксама запаліў кволае цяпельца грамнічных свечак.Пастаяў.Прыгадаліся многія светлыя эпізоды тых сумесных шчаслівых гадоў. А з вышыні таго пагосту сцішылася маўклівае і сумнае возера, нібы ў дазоры за ўсіх нас аберагае іх спакой…Няхай сабе бацькі і зарана паспяшаліся ад нас, але не так крыўдна: яны на свае вочы пабачылі і пагушкалі сваіх унукаў.А вось Валодзька наш не ўбачыў сваю ўнучачку Настачку, якой сёння акурат два месяцы, бо яна з’явілася на божы свет праз чатыры гады пасля адыходу дзеда.
Трэба, абавязкова трэба з’ездзіць у Свіра, на могілкі да бацькавых дзеда з бабаю.Сорамна колькі год не быў. Дзецям сваім трэба месца паказаць, каб падтрымліваць сямейныя каштоўнасці і памяць пра тых, дзякуючы каму мы з’явіліся на свет.Трэба збірацца разам, дзе б і кім кожны з нас ні быў, у якой краіне свету, памінаць сваіх продкаў, расказваць пра іх сваім дзецям і ўнукам. Ніхто не павінен згубіцца ў Сусвеце. Яны нас чуюць, бачаць і апякаюць. А гэта ж так важна – быць упэўненым, што ў халоднай прасторы бясконцага ёсць тыя, каму ты патрэбен і хто цябе аберагае. І нашчадкі нашыя хай ведаюць гісторыю роду, каб не перарывалася сувязь пакаленняў.Не забывайце свае карані!
Ваш Аркадзь Жураўлёў.
У вас там правда очень интересно! Вокруг тишина и природная красота.я всегда радуюсь и отдыхаю душой когда приезжаю в ваши края.спасибо, что сохранили природу!
ОтветитьУдалить