07.07.2012

130-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы

130-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы

Няхай прарасце новым зярняткам

Свіснуўшы на развітанне, зялёным гусенем пацягнулася ў накірунку на сталіцу электрычка. Ззаду засталіся раскалёныя суседнія малыя і большыя гарады са сваімі чэргамі за марозівам ды квасам, перапоўненым грамадскім транспартам, змучаным гарачынёй народам і, у першую чаргу, дзецьмі. На сярэдзіне гэтага шляху як не палова народу са Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна ды іншых выходзіць.

Вязынка. Крочу ў гэтым натоўпе і я. Іду да калыскі народнага песняра, да Янкі Купалы. Іду тымі сцежкамі, якімі хадзіў і народны паэт. Раптам праваруч ад сябе чую:

- Мамка, а Янка Купала – самы-самы вялікі паэт Беларусі? – уголас звяртаецца пяці-шасцігаддовы жэўжык да сваёй матулі.

- Так. Самы вялікі. А ты адкуль ведаеш?

- Чытаў у календары, што ў дзеда на кніжнай паліцы стаіць.

- Малайчына! А што яшчэ ты памятаеш пра Янку Купалу?

- Ён любіў свой народ і родную мову, якой навучыўся ад сваёй маці.

- Правільна. І мы таксама, як і твае дзядуля з бабуляю, павінны шанаваць беларускую мову, сваю гісторыю.

- Канешне, мамка!

- А яшчэ, памятаеш з таго ж календара:


“Магутнае слова, ты роднае слова!

Са мной ты на яве і сьне,

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песень наўчыла мяне.”

- Памятаю. Мне бабуля чытала зімою, калі яшчэ ў садок хадзіў.

Гэта выпадкова падслуханая гутарка кранула маю душу і ўзрадавала адначасова. Прыгледзеўся пільней ўслед адыходзячым жанчыне і хлопчыку яе і ў гэтай сям’і распазнаў гараджан, якія сталі носьбітамі беларускасці. І гэтая сям’я не настаўніка, альбо бібліятэкара ці якога іншага інтэлегента, а звычайная рабочая. Прозвішча, на жаль, як не стараўся, не прыпомніў. Ды гэта не галоўнае. Падумаў: якая паважлівасць да роднага слова, дзе гармонія і сіла, энергетычнае поле нацыі. Гэтага цудатворнага згустку энергіі вялікага беларускага народа.

Раптам пайшоў доўгачаканы дождж. Ён доіцца з неба і дагаджае траве, дрэвам, усёй зямлі. Ён дагаджае таму зярнятку, што сёння кінута ў пухкую зямельку і прарасце новым зярняткам на радзіме Янкі Купалы, змагара за новую квітнеючую Беларусь. Памятайма пра тое, што ўсе шляхі прыводзяць нас не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз, дзе наша крыніца – родная, мілагучная і задушэўная мова, якой мы служым і будзем служыць як першааснове выхаду ў агульналюдскае, таму, што ад любасці, ад мудрай пашаны да свайго карэння па-сапраўднаму выходзяць у свет.

Хай жа як мага больш шчодра прарастае новых зярнятак, каб закаласілася нашае поле буйным коласам нацыянальнай годнасці і беларскасці!

Ваш Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

Чытайце, але і дасылайце свае лісты на адрас
E-mail:zhuravlev@tut.by

2 комментария:

  1. Молодчина, Аркадий Журавлев! Пишите живо, интересно, доходчиво и, что самое главное, с нравственной точки зрения, поучительно для всех возрастов, а в особенности для наших детей-школьников.
    Удачи Ваи и новых интересных произведений!
    Кстати, многие из них можно смело брать для школьных учебников. Здорово!
    Поклонница Вашего творчества, Нина Анатольевна.

    ОтветитьУдалить
  2. Успамінаецца гэтае юбілейнае свята нашых класікаў. Вось і мы там былі з сябрамі, але так як вы прыкмецілі гэты трапны эпізод, што так і хочацца вам сказаць: "Вялікі дзякуй, Аркадзь Жураўлёў, за такое трапяткое стаўленне да роднай мовы, да роднай Беларусі!"
    Вашы чытачы і назаўжды паклоннікі-Янка, Пятро, Рыгор, Міхась, інш... Усяго 8 чалавек.

    ОтветитьУдалить