Захаваем і памножым нашу, беларускую, спадчыну
Толькі што вярнуўся са сваёй малой радзімы, асаблівага кутка Бацькаўшчыны – Смаргоншчыны, дзе ў складзе Саюза пісьменнікаў ўдзельнічаў у агульнанацыянальным свяце – ХYІ Дні беларускага пісьменства. На адзін дзень Смаргонь быў сталіцай. І гэта нездарма: Міхал Клеафас Агінскі, Аляксандр Ходзька, Ігнат Ходзька, Габрыеля Пузына, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Мечыслаў Карловіч, Віктар і Янка Шутовічы, Уладзіслаў Чарняўскі, Віктар Роўда, Арсен Ліс… Імі ганарыцца Смаргоншчына. Я таксама ганаруся славутымі землякамі і тым, што таксама маю дачыненне да яе Вялікасці Кнігі.
Напярэдадні прайшоў ІІІ міжнародны форум з удзелам замежных пісьменнікаў з Сербіі, Чарнагорыі, Расіі, Польшчы, Казахстана і "круглы стол" на тэму "Мастацкі тэкст, як сродак зносін народаў". Таксама навукова-практычную канферэнцыю "Смаргонскія чытанні".
З першага дня паўсюдна гучала музыка. Вечарам гэтага ж дня на сцэне цудоўнага Летняга амфітэатра, узведзенага ў мінулым годзе да раённага свята "Дажынкі" гучала як класічная і духоўная музыка, так і творы сучасных аўтарў, народны фальклор у выкананні шматлікіх мясцовых і вядомых калектываў, а таксама артыстаў Белдзяржфілармоніі. Вечар быў прысвечаны стагоддзю кампазітара Яна Карловіча, які жыў у Вішневе, за чатыры кіламетры ад маіх Гарань і па-сяброўску, без усялякай карысці дапамагаў Ф. Багушэвічу ў выданні кніг і ўвогуле па жыцці. (Чытай "Рапсодыя Вішнеўскага возера" ў маёй другой кніжцы "Я жадаю вам дабра").
Сказаць, што проста было свята – нічога не сказаць. Гэта было духоўнае дзейства, якому папярэднічала навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў", стартаваўшы 2 верасня ад Кафедральнага сабора ў Мінску з благаславення мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі яна пераадолела дарогу ў паўтары тысячы кіламетраў праз святыя месцы краіны нашай сінявокай, прывезла лампаду з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня, данесла святло духоўнасці на Смаргоншчыну. Літаральна ўсе, хто быў на асвячэнні новага праваслаўнага Сабора Праабражэння Гасподняга і Божай літургіі запалілі свае свечкі ад жыватворнага агню. Адбылася пасадка Саду малітвы. Адметна тое, што сёлета папярэдне экспедыці са Смаргоні было ўзята трошкі зямлі, частка якой цягам экспедыцыі "абменьвалася" ў прамежкавых перапынках. У Смаргоні зямля з розных месцаў "паядналася", што падкрэсліла дэвіз праекта "Адзінствам і любоўю ўратуемся!"
Тэатралізавана-харэаграфічнай дзеяй распачалося афіцыйная цырымонія адкрыцця свята. На галоўнай, ля райвыканкама, іншых пяці тэматычных пляцоўках, горад вярнуўся ў сваё гістарычнае мінулае, дзе па-заліхвацку выступалі узорна-паказальны аркестр пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і мастацкія калектывы Гродзенскай вобласці і Смаргонскага раёна. Яркія тэатралізаваныя шоў прайшлі ў знакамітай на ўвесь свет "Смаргонскай акадэміі", "Крэўскім замку", "Паўночных Афінах", іншых імправізаваных гарадках і гістарычных куточках.
Нарэшце збылася дваццацігадовая мара маіх землякоў (з 1989 года ляжаў праёкт помніка ў чыноўніцкіх шуфлядах, - казалі кіраўнікі раённай улады, – адкрыццё ў гарадскім парку велічнага помніка аднаму з самых дарагіх Постацей сэрцу кожнага беларуса Францішку Багушэвічу, хто ўпарта, "як парастак паміж плітамі тратуара, пралез між дзвюма стыхіямі, рускай і польскай, насуперак усім …пралез са сваім і срэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам".
Творчасць Ф. Багушэвіча праходзіла чырвонай стужкай цераз усё свята. Сустракаліся мы і з чытачамі, і гутарылі пра мову нашу, пра час сённяшні і пра яе Вялікасць Кнігу на фестывалі кнігі і прэсы. Наведалі літаратурную гасцёўню. Слухалі мы і пранізлівы спеў спаконвечнай дудкі беларускай у руках апантанага захавальніка спадчыннага маёнтка Францішка Багушэвіча ў фальварку Кушляны Алеся Жамойціна. І адчувалася добрая энергетыка, асаблівы дух, што лунае ў гэтым літаратурным музеі.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 49-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор 2008 года ў васьмі намінацыях праходзіла ў Летнім амфітэатры.
Так, у намінацыі "паэзія" Дыплом і "Залаты Купідон" уручаны Валянціне Паліканінай за кнігу "За плотью слов".
У намінацыі "проза" першае месца ўзяў Іван Канановіч за кнігу "Старыя званы".
Уладзімір Мазго са сваёй кніжкай "Цуда-вуда" таксама атрымаў Дыплом і "залатога" Купідона у намінацыі "дзіцячая літаратура.
Кніга "Сцежкамі Ігуменшчыны" Алеся Карлюкевіча прызнана лепшай сярод "літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства".
Рэдактар часопіса "Нёман" Алесь Бадак за кнігу "Усім пра ўсё. Расліны" адзначаны ў намінацы "Публіцыстыка".
А кніга "Хор болей не спявае" вядомага маладзечанскім тэатралам Міколы Шабовіча, які пэўны час працаваў загадчыкам літаратурнай часткі абласнога драмтэатра, што ў нашым горадзе і каго з лёгкай рукі аўтара гэтых радкоў пазнаёміў з часопісам "Вожык" дзесяць год таму, стала лепшай ў намінацыі "сатыра і гумар". Але ж пра тое Шабовіч нідзе і словам не ўспомніць.
Маладой пісьменніцы Наталлі Пусьцільнік-Марчук журы аддало перамогу ў намінацыі "драматургія" за п’есу "Тётушка Простуда і Новый год".
Упершыню прысутнічаў "гісторыка-краязнаўчы жанр", дзе лепшай прызнана кніга Наталлі Голубевай "Радимичи. Земля непокорённая". Цікавы факт – выдавецтва Беларускага Экзархата перавыдала дзесяцітысячным тыражом гэту кнігу. Пашчасціла жанчыне!
Паэты Андрэй Скарынкін, Надзея Салодкая і Леанід Крыванос занялі адпаведна п’едэстал гонару сярод песеннага жанру за свае тэксты да песень.
Узнагароды рознага кшталту атрымалі кнігавыдаведствы, паліграфісты і кнігадрукары, а таксама журналісты.
Акрамя многіх цікавых мерапрыемстваў, дзе давялося ўдзельнічаць ці проста наведваць і любавацца, як тэатральна-касцюміраванай дзеяй "Старонкі гісторыі Смаргоні", арганізатары Свята парадавалі нас харошымі, яшчэ цёпленькімі гожа выдадзенымі кнігамі: літаратурна-мастацкім выданнем Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская"(факсімільнае выданне на дзвюх мовах), фотаальбомам "Смаргонь".
І канешне ж кнігу літаратараў гэтага краю - Смаргоншчына літаратурная "Колькі ў небе зор", укладальнікам якой з’яўляецца наш маладзечанскі Міхась Казлоўскі, збіральнік і захавальнік літаратурнай спадчыны,выдавец "Куфэрка Віленшчыны". Толькі чамусьці імя Казлоўскага ў гэты дзень не ўспаміналася, хаця ён сам прысутнічаў.
Фэст роднага Слова ўдаўся. Можна было пашпацыраваць па вулічках з мядзведзем, які з’яўляецца сімвалам горада, палюбавацца кемлівасці кожнага ўдзельніка ў "Горадзе майстроў", і набыць славутых смаргонскіх абаранак.
Нагадваючы палымяны наказ са славутай "Прадмовы" да "Дудкі беларускай", хачу сказаць: "Дык давайце ж, "братцы мілыя", не забываць слоў самага яркага нацыянальнага паэта ХІХ стагоддзя – закліку і запавету, помніць іх, а заадно і яго самога, усіх тых, хто першы пракрычаў на ўвесь свет – ёсць такая "зямліца – Б е л а р у с ь", ёсць такі народ – б е л а р у с к і, ёсць такая мова – б е л а р у с к а я".
"Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"
Мы, беларусы, абавязаны шанаваць Мову, Кнігу, Радзіму. Нашу спадчыну.
Нам яе ўмацоўваць, памнажаць і перадаваць спадкаемцам, як неўміручую паходню, што асветліць будучы шлях нашых унукаў.
Ваш Аркадзь Жураўлёў (Аркадзь Шагакін)
E-mail: zhuravlev@tut.by
Якіх файных дзевак скраў наш паважаны пісьменнік! Малайчына, Аркадзь! І за напісанае, і за такі смелы і рашучы ўчынак.
ОтветитьУдалитьАнэля Дз.