24.04.2009

Вялікдзень. Пасха!

Вялікдзень. Пасха!
Вялікодны тыдзень. Радуйцеся жыццю, святкуйце і любіце адно аднаго. Гэта самае галоўнае свята ў праваслаўнай традыцыі. Не лічу сябе веруючым, але разумны падыход падтрымліваю. Больш веры – бліжэйшы шлях да любові, надзеі, разумення, цярпення. Каб так было заўжды.

Радасць у дзіцячых вачах

І радасць у дзіцячых вачах, у майго ўнука, у прыватнасці, (глядзі здымак) не толькі за Велікодным яйкам, хай будзе штодзённай. Ці не гэта самае запаветнае жаданне кожнага з нас, хрысціяне?!

Ваш Аркадзь ШАГАКІН (Аркадзь Жураўлёў)

18.04.2009

Справаздача

Літаратары трымаюць справаздачу

Вось ужо другі год літаратары сталічнай вобласці праводзяць выязны творчы семінар. Летась ён быў у Мінску, сёлета – Слуцк прымаў. Напачатку ў кіраўніка мясцовай улады А. Драко мы даведаліся пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, ходзе пасяўной, пра няпростыя ўмовы работы некаторых прадпрыемстваў.

Затым была 307 асобная чыгуначная брыгада. Мы азнаёміліся з умовамі службы і быту вайскоўцаў, з матэрыяльнай часткай падраздзяленняў. Кожнаму, хто служыў у свой час, ўспомніліся маладыя салдацкія будні, мне, напрыклад, Асобныя палкі Урадавай сувязі (іх за маю службу было два: у Радзівілаўскім Нясвіжы і за мяжою, у Варшаве).

Сустракаліся з салдатамі. Гутарка ішла пра воінскі доўг, патрыятызм, адданасць роднай Беларусі. Літаратары чыталі свае вершы, а напрыканцы салдацкай бібліятэцы мы падаравалі свае кнігі з аўтографамі.

І, зразумела, здымак на памяць. У цэнтры – старшыня абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" паэт Рыгор Сакалоўскі, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Алесь Марціновіч, аўтар - Аркадзь Жураўлёў (у другім радзе) з удзельнікамі творчай сустрэчы.
Рыгор Сакалоўскі

Літаратары Міншчыны, дзе вы? Чакаю рэагавання і магчымых творчых абмеркаванняў карысці падобных сустрэч. Вылазьце са сваіх катушкоў, вясна прыйшла!

17.04.2009

Мастакі

Мастакі: праз духоўнасць - да прыгожага

Кастусь Харашэвіч, Мікола Аўчыннікаў, Уладзімір Тамашэвіч, Анатоль Акулік, Васіль Лазоўскі, Іван Смальякоў, Генадзь Селядзец – мастакі добра вядомыя не толькі ў Маладзечне, але і па-за межамі яго.
Маладзечанская цэнтральная бібліятэка імя Максіма Багдановіча і яе філіялы даўно сталі прыцягальным цэнтрам культуры, дзе ладзяць прэзентацыі кніг паэты, пісьменнікі, дзе праходзяць рознага кшталту і ўзроўню літаратуразнаўчыя канферэнцыі, і канеше ж, выставы мастакоў.
На выставе Лявона Станкевіча, вучня вядомага майстра беларускай графікі Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага, ўсё быццам напоўнена светласцю, вясною. Карціны мастака – часцінкі рэальнага жыцця, адухоўленыя самім майстрам. Ахоплівае такое пачуццё, быццам ў сэрцах гледачоў ён стварае светаносны запас, які радуе, цешыць і лечыць чалавечую душу. Нездарма і назва яго выстаўкі лаканічная – "Моваю сэрца".
Я не хачу сказаць, што Л.Станкевіч мастак адметны, але тое, што менавіта ён, дарэчы адзін з нямногіх з гэтага шэрагу, распісваў праваслаўныя храмы ў Аляхновічах і Маладзечне, гаворыць несумненна аб адметнасці таленту і высокай духоўнасці мастака.

10.04.2009

Сустрэча

Ці ж не дзіва напрыканцы сакавіка стаць на лыжы! А яшчэ да свісту ў вушах з’ехаць з гары, калі лыжы шчэ нясуць амаль да самай Вузлянкі. Як не дух забівае. А хораша як! І ў такія хвіліны ўспамінаецца дзяцінства, Андрэева гара, што цягнулася за агарод дзеда Грышкі. І няслі нас, хлапчукоў, тыя лыжы (калі ўстаіш праз скок!) як не да возера Свір, якое пачыналася за метраў трыста.

На лыжах
З’ездзіў на роднае котлішча, дзе закапана мая пупавіна, у родныя майму сэрцу Гарані. Смаргоншчына! Край любы маёй душы. Кожны раз як перашмыгваю шыльду-указальнік з назваю раёна, нешта быццам ёкае ў сэрцы.
Не мінуў і на гэты раз сваю настаўніцу па Вішнеўскай школе. Павіншаваў з 77 – годдзем. Аляксандра Васільеўна Грышан вельмі ўзрадавалася майму прыезду. Трэба было бачыць яе жвавыя і чыстасардэчныя вочы. Яна ўміг накрыла (сяброўка Зінаіда Іванаўна Дудзінская дапамагла) стол. Успомнілі школу, вучняў і настаўнікаў. (на здымку 8 клас 1968 год, аўтар стаіць у трэцім радзе чацьвёрты злева з бялесым віхром, што за спінай дыэктара).
8-ы клас
Вярнуліся ў маладыя гады. І, зразумела, - здымак на памяць.
На памяць
На здымку А.В. Грышан, А.Т. Жураўлёў.