24.12.2008

Рэкецiры_2

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 2

Так яно і на самай справе ёсць: хлусім адзін аднаму на кожным кроку, апасля здзіўляемся таму, што ў нас не так як за мяжою, а калі чалавек сумленна працуе – зайздросцім, насміхаемся, другія дык скумекалі, нават грошы іншым разам бяруць ў доўг, а вось каб вярнуць забываюцца па некалькі год: "чаго там нервавацца, ты заробіш яшчэ, а вось мы -- не…" А каб адказаць каму, не можа, шкада ж гэтых абібокаў, бо калі такога наплятуць, быццам лусты хлеба няма на стале і дзеці галодныя плачуць, а к вечару -- на вушах стаяць ля платоў. Вось і будзь для такога добрым. А паспрабуй не пазыч, такой шкоды наробяць, што і міліцыя не дапаможа. Вось па гэтай прычыне і застрахаваў Андрэй свой толькі што адбудаваны дом: усё неяк смялей ад гэтых галадранцаў. Колькі іх распладзілася па вёсках. Ці ж было такое раней, каб маладыя здаровыя мужчыны нідзе не працавалі. Няхай сабе і бабылі. Праўду кажуць: у кожнага чалавека сваё жыццё. Аднаму шанцуе з пялёнак, быццам ён і на самай справе нарадзіўся пад шчаслівай зоркай. Усё ў яго ідзе гладка, усё ідзе па ягонаму. Другія, як тыя калгаснікі, з сіл выбіваюцца, стараюцца як той конь, а прыдзе дахаты і тут клопатаў не абярэцца. І так да канца свайго веку нічога асаблівага ў жыцці і не ўбачыў. Трэці жыве сабе, як Бог на душу паклаў – ні мэты, ні імкнення ў яго, абы дзень мінуў. Тыя ж "дзеткі" толькі і чакаюць калі ў матак з’явіцца капейчына, адразу -- з нажом да горла: давай, старая на паўлітра, а то памру. І плачуць, і скардзяцца, але ж і даюць. Калі няма чаго даваць, выносяць з хат бацькоўскіх усё, што можна загнаць за пляшку. Такое паўтараецца штомесяц многія гады запар. Маньчын Васіль, як выгналі з калгаснага трактара, пайшоў у заробкі па вёсках: у каго дровы паколе, у каго агарод узарэ ці яшчэ якую работу. І пад’еўшы, і падпіўшы штодня. Астатнія ж -- крадуць не толькі калгаснае, якое да сённяшняга дня лічуць "народным", але і ў людскія будынкі пайшлі. У аднаго ўкрадуць – другому загоняць, прычым толькі за гарэлку. Гэта ў іх -- цвёрдая валюта. Што казаць, калі вунь Антосеў сынок на сацыяльную пенсію пайшоў, большага не зарабіў за свой век, калі гэты век жыццём можна назваць. Да гэтае пары выцягвае з будынку васьмідзесяцігадовай матулі ўсё, што ёсць: сала, бульбу, варэнні-саленні, дабро, што сёлета намалаціла ўсё павынес. І пенсію шчэ адыміць, калі тая не справіцца прыхаваць у суседкі. А як толькі аўталаўкі прадпрымальнікаў прыходзяць у вёску першай імчыцца каб накупіць яды як не на палову пенсіі, наесціся і зноўку схаваць ад свайго рэкеціра. Вось дажылася! Сашкаў, трыццацігадовы Мішка, нават залез у кішэню дырэктара школы і забраў партманет з грашыма, а цяпер вось адрабляе, пасвячы калгасны статак у суседняй гаспадарцы. Казалі, што прыстаў да адзінокай пенсіянеркі, па гаспадарцы дапамагае: і накормлены, і абмыты. А маці ж не было спакою ад штодзённых яго п’янак і пагроз. Усе жылы выцягнуў…

Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий