14.11.2008

u_vosen

Раннюю восень люблю я не толькі за тое, што сам нарадзіўся у верасні, а найперш за тое, што светлыя сны на бацькоўскім ложку вабяць водарам летняй мяты і лёгкі туманок спявае песні каханачцы-рэчцы Малы Перакоп, за тое, што месяца свет чароўны ўначы спакоем льецца у маё акенца, а яшчэ за тое, што ў гэтую пару пачынаецца сапраўднае “ціхае паляванне”. А месцы ў нас грыбныя!

daru

Паволі крочыш па рознакаляровай лістоце, мяккім моху, сухім, але ўжо не крохкім шыгаллі і няхай нячутна ўжо звонкага птушынага шматгалосся, усяроўна адчуваеш на душы спакой і лагоду. Вось калі насамрэч кожнай клетачкай сваёй істоты адчуваеш сапраўдную радасць, выбраўшыся з няхай і невялікага, але таксама мітуслівага гарадка ў лес, у родныя ваколіцы. На поўныя грудзі дыхаеш чысцюткім паветрам ды й паволі, нікуды не спяшаючыся, збіраеш, выцікоўваеш грыбы, атрымліваючы ад гэтага адно задавальненне, а калі яшчэ і не адзін кош назбіраеш, няхай сабе адных толькі лісічак, - двайная радасць. Збіралі з Нонай часам кашамі і баравікоў, і падасінавікаў, і зялёнак-падзялёнак, і казякоў (маслят). Як удасца, па-першае, альбо, кажуць, у кожнага грыба свой час. Яно можа й лепш каб адразу усіх патроху назбіраў, як ў фінансавай палітыцы, дзе арыентуюцца таксама на “кошык”, у якім акрамя амерыканскай валюты хутка ўвойдуць яшчэ і расійская, і еўра.
Восень..
Гавораць – сумная пара,
Пара турбот і раставання,
Нічога светлага няма –
Усё імкнецца да згасання.

А я люблю раннюю восень.Хутка паспеюць журавіны і трэба з’ездзіць на балоты за Іжу ці Нарачанку, у Скок. Раней ўсёй сям’ёй ездзілі ў Габы.

Здаецца нядаўна назіраў як развітваліся перад дальняй дарогай, кружляючы над вёскай, буслы, а сёння задумваюся над чалавечым існаваннем, праводзячы жураўліны клін за Адасеў сад, дзе ў лагодным сонечным свеце гараць адвечным полымем ліпы і бярозы на ўзлессі. Тым часам на твар, адзенне чапляецца павуціна “бабінага лета”.Здымаю адну за другой павуцінку, а на твары ўсё ж з’яўляецца лёгкі смутак развітання з цяплом і дарамі восені. Бывай, восень!

1 комментарий:

  1. Лізавета Андрэеўна6 апреля 2013 г. в 10:59

    Які вы малайчына! Прачытаеш вашыя замалёўкі, абразкі і так лёгка становіцца на душы, бо ўспамінаецца роднаснае-такое дарагое і непаўторнае. Вы-сапраўдны пісьменнік з народу! Лізавета Максімаўна Важнік.

    ОтветитьУдалить