ЖЫРАФА І ЧАРНІЦЫ
- Іллюшык, сынок, не спяшайся, калі ясі. Будзь уважлівым, а тое забрудзіш маечку чарнічным варэннем, адмыць маме будзе зусім няпроста, - пяшчотна ўсчувала маці свайго хлапчачка.
Маці недарэмна папярэджвала: гуляючы ў садку, ён ужо паспеў запэцкаць да колеру зямлі бялюткую сарочку, на якой была намалявана прыгожая жоўтая Жырафа. І калі мамка ласкава сармаціла свайго юрліўца, ён толькі свяціў сваімі блакітнымі вочкамі і звяртаўся да маці з бясконцымі пытаннямі:
- Каб я ведаў,мамка, дзе жыве тая Жырафа, не запэцкаў.
- Ну, і хітры ты ў мяне! Але адкажу на тваё пытанне. Жырафа – жвачная жывёла, а жыве яна ў далёкай Афрыцы. У саванах афрыканскіх.
- І ніколі не ласавалася чарнічным варэннем?
- Ці не хочаш яе пачаставаць?
Хлопчык толькі хітравата ўсміхнуўся, а як мамка адвярнулася - хуценька прапанаваў намаляванай Жырафе адну лыжачку чарнічнага варэння. Ён і не ўбачыў як Жырафа ўсміхнулася, нават доўгай шыяй сваёй заматляла, маўляў, смачна, але ж з камарыны нос той пачастунак...
Надышла ноч. На небе выкаціўся з-за зор сярпок маладога месячыка. Усе ў доме паснулі, толькі намаляваная Жырафа ніяк не магла задрамаць: ёй так карцела паспрабаваць чарніц, бо гарэзлівы яе гаспадар толькі абудзіў яе апетыт. Яна прыгадала размову маці хлопчыка пра мясціну дзе збірала смачныя ягады. Значыць, ісці патрэбна толькі туды.
- Але напачатку неабходна выбрацца з сарочкі. Зараз паспрабую,- амаль услых прамовіла Жырафа і павольна пачала пакручваць шыяй. Праз колькі такіх рухаў атрымалася дзірка і яна паціху пачала прасоўваць галаву, шыю, ну і ўсё астатняе.
Каб не бачыў на свае вочы не паверыў бы, што так роўненька і акуратненька ўдалося ей выслабаніцца, быццам узялі і выразалі яе з тае сарочкі. Жырафа спрытна скокнула на ражок стала, затым - на акно і – ў сад. Перамахнула цераз дзядулеў плот і памчалася ў лес. Яна зрабіла колькі прыжкоў, як поруч з’явіўся яе сябар - сабачка Шарык. Ён прыветліва замахаў хвастом, схіліў галаву, нібы разглядаючы яе, павітаўся:
- Прывітанне экзатычная Жырафа!
- Прывітанне! Ты лепш скажы мне як хутчэй дабрацца да таго месца, дзе растуць смачныя і сакавітыя чарніцы?
Шарык параіў ёй кіравацца напрамкі цераз поле і лужок, а там лясная сцяжынка і прывядзе да той самай палянкі дзе і растуць сакавітыя чарніцы. Ён і сам мог бы праводзіць Жырафу, але ноччу сцерагчы будынак гаспадара патрэбна.
Жырафа ўважліва слухала сабачку, каб нічога не пераблытаць, а як запомніла – хутка аказалася ў патрэбным месцы...
Дрэўцы стаялі як заварожаныя, толькі зрэдку шапацяць - перагаворваюцца сваімі зялёнымі галінкамі ды гонкімі вершалінамі. А навокал ягадніку – суцэльны бэзава - васільковы дыван. Прыгнулася жырафа і паспрабавала колькі сініх ягадак.
- Дык вось з чаго робяць такое смачнае варэнне! – усклікнула Жырафа.
- Адкуль узяўся дзяцел жаўна. Ён сеў на спіну Жырафе і кажа:
- Так, так, ў гэтым лесе самыя спелыя і смачныя ягады і ўшчыкнуў сваёй моцнай дзюбкаю Жырафу, ловячы няпрошаных мух на яе спіне. Аднак, Жырафа не адрэгавала на той пошчак, бо думала толькі аб адным.
- Сапраўды! Еш колькі захочаш!
Жырафа працягвала згінацца і жменямі есці сакавітыя ягады.
Хутка развіднелася. Жырафа ўспомніла пра дом, маленькага хлопчыка - гарэзу Іллюшу і яго белую сарочку.
- Трэба спяшацца, - падумала жырафа. - Часу зусім няма.
Яна зірнула на неба, а там месячык стаіць амаль над самымі вершалінамі стромкіх соснаў.
- Месячык ясны, месячык светлы! Аднясі мяне, калі ласка, да дому дзе гасцюе хлопчык Іллюшка.
- Скакай хутчэй!
Жырафа разагналася, падскочыла вышэй за сосны ды елкі і зачапілася за ражок месячыка.
І месячык ясны панёс яе па небе.
- Ну, вось ты й дома!
- Шчыры дзякуй табе, - адказала вясёлая Жырафа і паспяшалася ў сенцы, дзверы ў якія парупіўся адчыніць сабачка Шарык. Маўляў, каб ніхто і не пачуў стуку клямкі.
У дзіцячым пакойчыку смачна пасопваў і бачыў прыгодніцкія сны маленькі хлапчачок Іллюшык. Жырафа наўздзіў вёртка вярнулася на сваё месца і ўсё прыняло свой ранейшы выгляд: на крэсле вісела белая сарочка і на ёй намаляваная жоўтая Жырафа, але толькі поўсць яе была ўсеяна бэзава - сінімі кроплямі.
З тае прыгодніцкай ліпеньскай ночы чарніцы заўсёды астаўляюць на адзенні свае бэзава - сінія плямы.
Шкада, што маленькі хлопчык Ілля так і не ўбачыў вясёлую Жырафу той чароўнай ноччу, бо ён тым часам ужо спаў і бачыў казачныя сны. І табе, мой юны дружа, пара класціся адпачываць, каб таксама убачыць светлую казачную гісторыю.
22.06.2022
Подписаться на:
Сообщения (Atom)