28.03.2022

ПРАРОЦТВЫ ЛЯНІВАЙ ЗЯЗЮЛІ

ПРАРОЦТВЫ ЛЯНІВАЙ ЗЯЗЮЛІ

Казка

Сышла, быццам і не было, сцюдзёная і мяцелістая зіма. Бурна адышло разводдзе, дыхнула цяплом. Прыйшла красуня-чараўніца вясна. Як яе чакала ўсё жывое!

Чакала гэтай пары і Зязюля. Ёй надакучылі сухі зімовы корм і халадэча. Але ляцець у родны край адна баялася. Яна верыла толькі птушынаму цару Куку з таго часу, як ён абараніў усё сваё царства ад нападаў ваўкоў, лісіц і змей – усіх, хто квапіўся на іх, птушак.

- Калі ўжо я адведаю свежага бярозавіка, га? – гушкалася, пасміхаючыся з цара.

- Не журыся, Зязюля! Ты ж у нас – нямоглая ды лянівая, а такім заўсёды ўдаецца.

А чаму, мой дружа, не ведаеш? Тады слухай.

Аднойчы пасля чарговага дазору цар Кук не вярнуўся у сваё гняздо. Зажурыліся лясныя птушкі: - Хто ж нас цяпер абароніць?

Сталі раіцца. Што рабіць? Трэба ісці шукаць свайго заступніка. А хто пойдзе? У кожнага – справа: той гняздо ўе, той яечкі наседжвае, той дзяцей гадуе; адзін – стары, другі – малы…Рашылі яны адправіць Зязюлю – у яе дзяцей няма. Спалохалася Зязюля, што трэба ісці ў вялікую дарогу, і знесла яечка.

- Куды ж я яго падзену? – гаворыць шэрая.

- Пакладзі сваё яечка ў любое гняздо! – адказалі ёй птушкі.

- А хто ж яго будзе выседжваць?

- Каму пакладзеш, той і глядзець будзе!

- Хто будзе сваіх гадаваць, той і тваё дагледзіць.

І паляцела Зязюля шукаць Кука. Праляціць, сядзе на галінку і кліча.

- Ку-ку! Ку-ку!

Праляціць, зноў кліча.

Хаця і даўно гэта было, але птушкі памятаюць тую гісторыю. Бо Зязюля і сёння сябруе толькі з тым, хто не любіць працы, забывае пра свае абавязкі перад іншымі, часта паўтарае: “Ай, потым зраблю, паспею яшчэ гняздо звіць і дзетак вывесці.

Вось хаця б свежы выпадак. Яшчэ ляжаў апошні снег на ўзлесках, як усе птушкі разляцеліся выбіраць сонечныя і сталыя бярозы: патрэбна ж спаталіць смагу пасля доўгай зімы. Яны ведалі, што бярозы, з якіх будуць спускаць сок павінны быць не маладзей за паўвека, і без пашкоджання ствала.

- Якая вам розніца? – пярэчыла Зязюля. – Абы бярозавік цёк, і я змагла ўдосталь напіцца!

- Розніца ёсць,- запярэчыў стракаты Крыжадзюб. – Па-першае, дрэва можна загагубіць, і яно засохне. Па-другое, патрэбна дазвол у галоўнага ляснічага, чорнага Дзятла, узяць.

- Не трэба ні ў каго браць той дазвол. Я дазваляю рабіць усё, што захочаце! І паспяшайцеся, бо я піць хачу!

- Што ты з ёю дарэмна час бавіш, - закрычала абураная Сойка. – Я вось ужо і вядзерцы прыхапіла. Паляцелі-і!

Побач ляцелі іншыя птушкі. І ў кожнай у дзюбцы было па вядзерцу. Лагодны вясенні вятрыска разгойдваў тыя вядзерцы, толькі звон стаяў.

- Паляцелі-і!

На ўскрайку вялікага, але разгуканага вясенняга лесу чуўся стук галоўнага ляснічага, які ўжо ў накерненыя адтулінкі сакавітых бяроз упраўляў латкі і прыладкоўваў вядзерцы. А паверх вядзерцаў і марлячку завязваў ад разбуджаных цяплом камароў ды мурашоў.

І зацурчэў бярозавік!

Як толькі напоўнілася першае вядзерца празрыстага бярозавіка адкуль толькі з’явілася лянівая Зязюля. І выпіла ўсё да дна.

- Які свежанькі ды празрысценькі! Смаката! Нарэшце я аджыла ў дружным калектыве.

А як пачалі сарамаціць яе птушкі за ляноту, шэрая разважліва адказала:

- Вы лепей не дражніце мяне, бо як закукую на ноч і на голыя дрэвы – будзе вам голад і мор. А калі хто пачуе мяне на галодны страўнік, таму і год будзе няшчасным.

Зразумелі птушкі, што з кукаванкай лепей не спрачацца, бо ведалі пра яе прароцтвы. И пра тое, што быццам шэрая з’яўляецца нябеснай вястункай. Зязюля можа паведаміць пра надыход лета, пачатак маланак і дажджоў.

-Нават вызначыць працягласць не толькі нашага, але і чалавечага жыцця, - дадаў пачцівы Дубанос.

- І шлюбных саюзаў, - працінькала сінічка.

Паслухаліся птушкі шэрую Зязюлю, і яна закукавала на зязлёнае дрэва. Усяго толькі і сказала: “Ку-ку!”- тады і сей на руку казалі людзі.

Потым яна часта і падоўгу на досвітку кукавала. Усё птушкі ведалі, што наперадзе спагадна-шчаслівая вясна і ўраджайны год.

А Зязюля так і жыве ў адзіноце без свайго гнязда. І не ўбачыла за ўсё жыццё ніводнага дзіцятка свайго, хаця штолета нясе каля дваццаці яечак.

Праўду кажуць: гулі не аднаго ў лапці абулі.