20.11.2021

ПРАГНЫ РЫБАК

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

ПРАГНЫ РЫБАК

Казка

Пагалоска пра тое, што на лясной рэчцы Малы Перакоп з’явіўся сквапны Рыбак разнеслася па малых і вялікіх азёрах, рэках і нават ставах.

Сведкам аказаўся і Ўладзік, які разам з дзедам Рыгорам у суботу прыйшоў з новай вудаю парыбаліць.

Перш чым прычапіць чарвяка на кручок бацька вырашыў праверыць кемлівасць унука, загадаўшы яму загадку: "Серабрыстай стужкай змяя выпаўзае. Паўзе па лагчынах ды ў мора ўпадае". Што гэта такое?

-Тата, не пужай мяне!

-Ды я і не думаў цябе пужаць!

-Я думаю гэта - ўдаў.

-Жартаўнік! Ты проста разважай над кожным словам і ўяві тую загадкавую карцінку.

-Я пажартаваў. - Ручэй?

-Дакладна – рака.

-Ааа! Так, так!

-Тады яшчэ адну паспрабуй адгадаць, мой камп’ютарны геній: "Хоць не шавец – нажніцы мае. Шчацінкі дзве ў зубах трымае. Жыве ў рачулцы небарак, нібы павук, вусаты...?"

-Ну, дзед, і складаныя ж у цябе загадкі! Толькі для малых дзяцей.

-Рак! Канешне ж Рак. У каго яшчэ ёсць клешні, як нажніцы, калі ўхопіць за руку – бывай здаровы! Наўрад ці выслабанішся без ранення. Вунь мой сябра Лёшка неяк спаймаў рака пад карчом на мелкаводдзі гэтае ж рачулкі, дык той так ухапіў яго за руку, што два пальцы загаіцца два месяцы не маглі.

-Не ведаў, што ты не толькі камп’ютарнае дзіця, а яшчэ і жыццёвым вопытам валодаеш.

-А тое!

І разам засмяяліся.

Прыйшлі яны гадзінаю, калі сонца перакацілася далёка за поўдзень. Прычынай была атрыманая Ўладзікам тройка, таму была такая сямейная дамова: атрымаеш не ніжэй за "добра" – пойдзеш на рэчку на ўвесь дзень. Але хлопчык не выканаў абяцання і зарабіў толькі палову выхаднога дня, напярэдадні не давучыў верш, і атрымаў тое, што атрымаў. Таму нават хатні кот Маркіз і той смяяўся з яго. Уладзік толькі маўчаў і бездакорна з самай раніцы дапамагаў маме прыбрацца ў кватэры.

Рыбак той сядзеў з вудай на беразе, пад лазовым кустом, і ўвесь дзень, і нанач заставаўся. Бо калі Паўлік з бацькам падлічвалі сваю шчаслівую здабычу, якая налічвалася дзясяткам вялікіх серабрыстых плотак і трыма тоўстымі акунямі і збіраліся дахаты, Рыбак той завязваў адзін мех, распачынаў новы, браў усё, што пападалася на кручок. Не грэбаваў і малой рыбай. Чулі яны, як жыхароў лясной ракі ахапіла трывога.

-Так ён усіх нас пераловіць, - абураўся невялікі Шчупачок. – Адны жабы застануцца. Трэба нешта рабіць.

Недалёка, у адной глыбокай каламутнай яміне жыў чорны, тлусты, галаваты, стары і паважаны ўсімі Сом.

Сабраліся рыбы і паплылі да яго раіцца. Прыплылі і пачалі скардзіцца на незнаёмага і сквапнага Рыбака.

Сом пашавяліў сваімі доўгімі і чуйнымі вусамі, адказаў:

-Прагнасць – гэта вялікая загана. Трэба яе напачатку лячыць. – Вось ты, шчупак, як думаеш? Прафілактычным шляхам паспрабуем, так?

-Так!

-Тады папярэдзь яго зменшыць свой апетыт.

–А вы, - ён звярнуўся да соцен Плотак- краснапёрак, што касяком абкружылі Сома, - плывіце да самага таго берага, дружна абступіце паплавок яго і ў адзін голас: "Калі не спыніш знішчэнне малькоў, сілай прымусім назаўсёды пакінуць рэчку!"

Пачулі незадаволенасць учынкам прагнага госця жыхары суседняга возера – Сазаны ды Ляшчы, Карпы ды дамасе-меланхолік Ліні, Мянтузы ды Язі, Судакі ды Вугры. Нават Белы Амур з Фарэллю выказалі салідарнасць. Акружылі паплавок Рыбака і ў адно імгненне паказаліся на паверхні вады.

Адзін моцны голас гучаў так, што ўсё наваколле дрыжэла: "Калі не спыніш знішчэнне малькоў..."

І ў адно імгненне зніклі пад вадой.

Рыбака ажно перасмыкнула: яго здзіўлены ад візіту нечаканых жыхароў твар скрывіўся, а вочы вылезлі на лоб. Яго пачало трэсці, нібы хвост пліскі, што бегала ўзад-уперад па беразе. Капялюш яго белы споўз на карак, але вудзільна з рук не выпусціў.

Калі прайшоў страх, Рыбак нахабна і зласна рассмяяўся: колькі хачу, столькі і лавіць буду! Вунь колькі вас! Мільёны!

-Не хочаш мірным шляхам – сілком вытурым адсюль, - казаў залацісты Карп. Мы табе не дадзім пакою, - прыгразіў Шчупак.

Рыбак зняў з нагі свой гумовы бот і як замахнецца.

-Прэч адсюль, пакуля яшчэ добры!

Сумны вярнуўся Шчупак.

Пачасаў Сом свой пакаты і шырокі лоб флегматык Сом, паварушыў сваімі доўгімі вусамі. І загадаў, каб Шчупак надвячоркам зноў клікнуў на агульны сход усіх рыб – вялікіх і малых.

Калі вячэрняе стомленае Сонца садзілася за далягляд і ад яго чырвані ружавела разняволенае наваколле жыхары лясной рэчкі і суседніх азёр падплылі да альховага куста.

Барвовыя водсветы лашчылі вадзяное люстэрка ракі і рыбам не хацелася парушаць гэтую прыродную ідылію. Сом вырашыў дзейнічаць катэгарычна: "аперацыю" па выратаванні падводнай фаўны ўзяў у свае рукі.

Ён асцярожна падплыў і далікатна, але моцна абхапіў губамі грузіла і далікатна тузануў. Рыбак падсёк, пацягнуў, але – марна: лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. "Вялікая рыбіна ўзялася, заглынула-такі свежую прынаду, - падумаў ён, і на твары намалявалася хітрая ўсмешка, а сэрца ад радасці забілася яшчэ мацней. – Пакуль вы там будзеце валтузіцца пра сваю будучыню я нацягаю яшчэ адзін мех. Толькі ўжо вялікай рыбы!"

Рыбак спусціўся з абрыву бліжэй да вады, пачаў памалу падцягваць. Убачыўшы вялізнага Сома, ён нахіліўся, каб падхапіць яго падсачакам і выкінуць на бераг. І ў гэты міг тысячы, а можа і мільёны розных рыб з’явілася на паверхні вады. Вугор таксама не забыўся на крыўдзіцеля і адразу ўскочыў на вудзільна і павіс. У гэты момант дужы Сом штосілы рвануў за вуду.

-Што за насланнё? Гады скачуць, рыбы танчаць, - бубніў сабе пад нос перапужаны Рыбак.

Ён не ўтрымаўся на нагах і плюхнуўся ў ваду.

-О-о-ёй! Што ж гэта такое?

-Хапайце яго! – закрычаў сваім глухім басам Сом.

Рыбы дружна накінуліся на Рыбака. Учапіліся хто за ногі, хто за рукі, а Вугор з Ракам – за вушы і пацягнулі на самы вір ракі.

-Даражэнькія рыбкі, самыя смач..., прабачце, самыя прыгожыя ў свеце жыхары падводнага царства! Даю цвёрдае слова, што больш ніколі не буду сваволіць! Адпусціце! Даруйце, калі ласка, што непачцівым быў з вамі, - пачаў прасіцца небарака.

-Ты ж зноў маніш! На цабе ж ніякае прафілактычнае лячэнне не падзейнічала. Ты наўмысна ідзеш супраць матухны прыроды.

-Не, на гэты раз не маню!

-Мы хочам цябе правучыць, каб дзясятаму заказаў! Лёгка пакараць, аставіўшы на ноч прывязаным да тае самай вольхі. Няхай цябе ноччу Русалкі да знямогі заказычуць, - рыбы рассмяяліся.-Можа тады і мы заспакоімся.

-Ой, не-е! Мяне дома жонка і дзеці зачакаліся.

-А мы сваіх дзетак па тваёй сквапнасці так і не дачакаемся! А яны ж былі такімі прагнымі да жыцця, як ты занадта ўжо пражэрлівы на ўсё дармавое.

У гэты момант Вугор як пакруціць парушаліка за вуха, той заенчыў як дзіця.

-Ой, не буду больш знішчаць малькоў! Буду лавіць у меру. Злітуйцеся, мае харошыя рыбкі!

І рыбы паверылі прагнаму Рыбаку.

Адпусцілі. Ён плёхаўся яшчэ некаторы час, але добра змораны выпаўз на мель.

За ўсім гэтым казачным дзействам назіралі і Паўлік з Дзедам. І калі яны падлічылі сваю шчаслівую здабычу, якая налічвалася дзясяткам вялікіх серабрыстых плотак-краснапёрак і трыма тоўстымі акунямі: збіраліся дахаты, мокры Рыбак сядзеў на беразе і перапуджанымі вачыма глядзеў на адплываючых вясёлых рыб і знікаючы на паваротцы свой белы капялюш.

-Здорава вылечылі! – Паўлік падняў ўгору вялікі палец правай рукі і паматаў русявай галавою.

Усміхаючыся ў свае сівыя дагледжаныя востраканечныя вусы, Дзед таксама адказаў тым жа жэстам.

З таго часу прагнага Рыбака больш ніхто ніколі так і не ўбачыў на лясной рэчцы. Праўда аднойчы Вугор бачыў яго на суседнім возеры. Ён лавіў з лодкі і толькі вялікую рыбу. І ў меру.

А ты, мой дружа, які ўрок вынес з гэтае казкі?