07.07.2021

ЧАРОЎНЫЯ СЛОВЫ

АРКАДЗЬ ЖУРАЎЛЁЎ

КАЗКІ

ЧАРОЎНЫЯ СЛОВЫ

Жыла-была адна сям’я. Адна з тысяч падобных, дзе тата, мама і адно дзіцятка.

Тата працаваў аператарам станкоў з праграмным кіраваннем на заводзе. Быў руплівым спецыялістам і добрым чалавекам. Яго паважалі. Абыходзілі яго толькі бракаробы і злыдні, таму што ён быў справядлівы і кожны зароблены рубель нёс дахаты.

Мама працавала прыбіральшчыцай у школе. Таксама была руплівай і шчырай. Амаль год таму напрадвесні пара буслоў прынесла ім маленькую дзяўчынку. Дзесяць год чакалі. Доўгачаканае шчасце як матылёк з ізумруднымі вочкамі і жытнёвымі з кудзеркамі валоскамі носіцца зараз па кватэры. За прыветную ўсмешку тата з мамай назвалі дзяўчынку Лізаветкай.

Як на дражджах расла. Усё разумела, слухалася бацькоў. І раптам дзяўчынку як падмянілі. Цяпер яна іншай стала сваімі ўчынкамі і не падобнай на сваіх бацькоў. Ужо не толькі хныкала, упарцілася ўсяму, што ёй казалі, а і не ведала слова "нельга", толькі "хачу".

Як толькі Лізаветка навучылася хадзіць, адразу ў кватэру прыляцела злая чараўніца Непаслухмяна. Свежы рамонт згасаў штодня: сцены, дзверы і падлога да горычы радавалі бацькоў рознакаляровай вясёлкай кветачак ды кузюрачак. Дзівосныя фарбавыя ўзоры былі нават на маразільні. Бывала падбяжыць да акна на покліч нібыта сонечнага зайчыка, а там Злая Чараўніца хаваецца. Раз-пораз і падпарадкавала сабе дзяўчынку.

І тая хутка асвоіла многа кепскіх слоў. Яны былі рознымі, а найбольш - "не хачу" і "чаму я". Нехачуха і Чамучка хадзіла ў сярэднюю групу дзіцячага садка.

Аднаго разу, калі выхавальніца адвярнулася на хвіліну, ў фортку таксама ўляцела злая Чараўніца Непаслухмяна. У групе ўсчаўся сапраўдны гармідар. Ледзь супакоілі.

Вярнуўшыся дадому, Лізаветка без дазволу бацькоў, паласавалася найсмачнейшымі слодычамі, якія мама падрыхтавала для ўсёй сям'і. Потым пазбірала свае цацкі, укінула ў пральную машыну.

- А цяпер вы палётайце! - уключыла машыну. Наўкола зашумела-загуло, што і сабачка, і кот, і канарэйкі яе раптам разбегліся хто куды. Сама ж малая гаспадыня пайшла на кухню і зараз жа паклікала Злую Чараўніцу Непаслухмяну.

- Ідзі еш, Чараўніца! Каб дужай была! Наперадзе ў нас вялікія справы. Сама ж раскрыла планшэт і пачала штосці шукаць.

Як толькі вярнуўся бацька і даведаўся пра праказы дачкі, яна, без дай Сваволіла ажно пакуль тата строга не пасарамаціў дачку.

- Дачушка, скажы, калі ласка, чаму ты не слухаешся старэйшых?

- Не хачу слухацца! Я ў космас хачу!

-У космас гэта добра, але туды лётаюць толькі тыя, хто слухаецца старэйшых.

- Сумна з вамі!

- Ці мы з мамай не так што робім, га? - Лізаветка, чуеш?

Яна апусціла галаву. Вушы і шчокі запунсавелі і было відаць, што ёй сорамна стала. Тым часам дзяўчынка працягвала штосці мармытаць сабе пад нос.

Бацькі вушам сваім не маглі паверыць, што іх дачушка пачала так сябе паводзіць.

- Усё так! Але мне патрэбны смартфон. Я ў космас палячу! - нарэшце упэўнена і па-сталаму настойліва аб’явіла.

- Во як! Смартфон табе ранавата, а ў космас – калі ласка! Ляці, дачушка!

І нікога не слухае. Не вымавіла ніводнага чароўнага слова. Нават з неахвотаю пачысціла зубкі ды ў ложак адправілася. Ад таго і бацькі ледзь сварыцца не пачалі.

Аднаго разу тата пакпіў малую за паводзіны і папярэдзіў, што да свавольнай дзяўчынкі пакліча Дамавіка альбо Бабу Ягу, якія лічаць за ўцеху як па-свойму выхоўваць малых дзяцей.

Пры гэтых словах з-за стала высунулася знаёмая галава.

- Завіце каго хочаце! Нуда і маркота з вамі! Давайце хоць каго, абы было з кім пазабаўляцца!

"Што зрабілася з дзіцем?" – раяцца бацькі. – Відаць, адной ёй і насамрэч не справіцца.

- А чаму ты такая злюка? – пытаецца тата. - Што гэта з табой, дачушка?

- Я зусім не злюка. Гэта вам так здаецца, - шчабеча малая. - У садку ўсе вольныя. І я хачу быць вольнай. І нікога не баюся. Так і ў гаджэтах раяць. Ператваруся ў птушачку і ўся справа.

- Лізаветка, а што такое воля па-твойму?

-Рабіць тое, што захачу! - так казала Чараўніца Непаслухмяна.

- Не, дарагая мая! Воля не ў тым, каб сваволіць, не стрымліваючы сябе, а ў тым, каб валодаць сабою.

- Гэта як?

- Разважаць патрэбна сваёй галавой. Што можа быць, напрыклад, калі я зраблю тое, што не дазволена,- тлумачыла і запрашала дачку да разваг маці.

- Мяне пакараюць, будуць сарамаціць. Мне гэта патрэбна? Разважала па-даросламу Лізаветка.

- Канешне не патрэбна! Так і з сябрамі паводзь сябе.

- А што з імі?

- Дачушка, выбірай сяброў сярод тых, хто мае рэдкую і непрыемную здольнасць казаць праўду. Падманшчыкаў і падбухторшчыкаў абыходзь.

- Нават калі праўда страшная?

- Так, - пагадзіўся тата. - Толькі трымай сваё слова! А пакуль ідзі класціся спаць.

- Толькі зубкі пачышчу.

- Малайчына, што не забываешся!

У ложку дзяўчынка думала-успамінала заўвагі і парады бацькоў. Ад гэтага ёй прысніўся сон. Вось яна на серабрыстым талеркападобным касмічным караблі ляціць над сваім горадам. Але карабель пралятае далей і планіруе садзіцца на заліты зыркім сонцам поплаў. Адсюль і вёска бабуліна недалёка. Усё наўкола знаёмае. Тут яна праводзіла летнія канікулы. Сюды прыходзілі яны з бабуляй на Купалле. Лізаветка збірала кветкі на вянкі, якія старэйшыя дзяўчаты спускалі на ваду і спявалі песні. Памятае яна і вялікае вогнішча вакол якога былі гульні-ігрышчы. Апасля як павыходзілі з ракі русалкі і разбегся народ. Толькі Лізаветка не спужалася іх.

Свежае паветра, чысціня і прастора. Наваколле запоўнена птушынымі спевамі. Узлескі і паляны патанаюць у раскошы колераў і пахаў пунсовых руж ды незлічоных дыванкоў жамчужынак-маргарытак, а таксама чабору і ландышаў, што аталяюць белыя карункі легкакрылых рамонкаў. За ўсім гэтым царствам красак назіраюць строгія званочкі.

Лізаветка сарвала рамонак ды паваражыла на яго пялёстках. Відаць, падцвердзіліся яе планы, бо малая засмяялася ажно званочкі задзінькалі...

Ад віхра паветра, што ўзняў серабрысты карабель, галоўкі кветак нахіліліся да самай зямлі. І калі Лізаветка сышла з карабля на мяккі рознакаляровы дыван, кветкі адразу пазналі яе. Яны навыперадкі хваліліся кожная сваёй прыгажосцю і навінамі. Галасы іх пераліваліся ціхім журчаннем ручаінкі, ранішнім жаўруковым спевам. Яна падыходзіла да кожнай, размаўляла, раз-пораз смяялася і ішла далей.

Раптам галасы сцішыліся і ў небе, паставіўшы белыя крылы-ветразі ў паток ветра, кіравалася на пасадку пара буслоў. Прызямліліся яны акурат на сярэдзіну дыванка з браткаў. Яны адразу пазналі Лізаветку: узнялі галовы і, закінуўшы ўгору свае дзюбы, радасна віталі яе сваім зычным клёкатам.

Тым часам малой успомнілася як яны з бабуляй мінулым летам штовечар прагульваліся па вёсцы віталіся з гэтымі самымі бусламі. Гняздо яны зрабілі на каньку вясковай хаты і штораз, вярнуўшыся з вячэрняга палявання, частавалі сваіх дзетак жабкамі ды рознымі жучкамі-матылькамі. Затым у вячэрнім наваколлі разносіўся іх шчаслівы клёкат, як удзячнасць дагараючаму дню і пажаданне прыемных сноў сваім дзецям. Лізаветка заўсміхалася.

-Ну прывітанне, мае сябры!

- Прывітанне, дзяўчынка-аблачынка! - Чулі-чулі пра твае прыгоды, Лізаветка! Ведаем, што ты трапіла пад уздзеянне Злой Чараўніцы Непаслухмяны, і ў космас злятала. Пры гэтым забылася наведаць сваю бабулю. Гэта недаравальна!

- Я гатовая выправіцца да яе!

- Тады развітвайся!

- Дзякуй вам, Буські!

Лізаветка ўзяла з сумачкі мабільнік, павярнулася ў бок серабрыстага карабля, на якім толькі-што прыляцела, штосці сказала і ён імгненна ўзняўся і растварыўся ў нябеснай сіняве.

Яна абыходзіла палянку, развітвалася з кожнай кветачкай Затым рашуча падбегла да старога бусла, спытала:

- Ну што, Бусько, адужаеш?

- Ды сядай ужо, касманаўтка!

Бабуля ўзрадавалася сваёй пястушцы, але радасць сваю не паказвала.

- Ну прывітанне, гарэза! - стрымана адказала на яе радаснае вітанне. - А я табе гасцінец падрыхтавала! І працягнула жоўта-карычневага колеру пячэнне.

- Бабулька, ты ўсё яшчэ сама пячэш? У крамах жа такога дабра на любы густ!

- Зробленае сваімі рукамі заўсёды смачнейшае за крамнае.

Як толькі малая прынялася есці, бабуля здалёку, далікатна спытала:

- Як справы ў цябе, Лізаветка? Чула, што ў вас Злая Чараўніца Непаслухмяна аб’явілася.

- Так, бабулька, яна мной кіруе. Як толькі я што-небудзь хачу добрае зрабіць. – яна тут, як тут. І ўсё падштурхоўвае мяне ліха рабіць. І цікаўнасць перамагае маю непаслухмянасць. Але я выпраўлюся. Абяцаю табе! Калі была ў космасе я ўсё прааналізавала. Больш ніколі шкоды рабіць не буду!

Як толькі Лізаветка тое прамовіла ў яе ў сярэдзіне здрыганулася і яе пачалі мучыць згрызоты. Ёй стала сорамна. Хацелася хутчэй выправіць сваё непаслушэнства добрымі справамі і ўчынкамі.

- Наш гарэза ўсюды пралезе!

- Я абяцаю выправіцца! Не верыш?

- А бацькам як патлумачыш? Быць на ласкавым хлебе і...

Бабуля хацела даведацца, якое месца займаюць у думках унучкі бацькі. Ці не адсунула яна хоць на макулінку іх з-за сваіх гаджэтаў.

- Вельмі проста! Не хвалюйся, бабуля! - адказала быццам роўнаму, нават не збянтэжылася.

- Э-э-х! Малыя дзеткі – галава баліць, вырастуць – сэрца. - Бабуля цяжка ўздыхнула, але ўрэшце саступіла настойлівым абяцанням унучкі. Толькі напаўголасу і прамовіла: "Слоў на мех, а спраў на смех".

Але, дзіва-дзіўнае! З тае размовы дзяўчынку як падмянілі. Словы бабулі надалі ёй рашучасці. Дома Лізаветка стала ветлівай і першай памочніцай маці.

Лізаветка прачнулася. Яшчэ нейкі час у яе вушах адгалоскам звінелі ціхія галасы бацькоў, а перад вачыма стаялі рознакаляровыя дыванкі кветак, а пасярод – серабрысты касмічны карабель.

- Смачна есці! - упершыню ветліва вячэраць пажадала.

Бацькі пераглянуліся. Усміхнуліся адно аднаму. Раптам маці як войкне.

- Што здарылася, мамка? - далікатна спытала малая.

- Брацік да цябе спяшаецца! - заўсміхалася маці і паклала ручку дачкі на свой растучы жывоцік. - Чуеш, як ножкамі брыкаецца? Вось і будзе з кім табе забаўляцца!

- Ой, мамачка! І праўда ён брыкаецца! - прыставіўшы вушка да жывата маці лямантавала здзіўленая і ўражаная Лізаветка.

- Вось бачыш: маме нельга хвалявацца. А хто ў нас сваволіць і не слухаецца?

У гэты момант Добрая Фея падляцела неўпрыкмет і шэпча ёй на вушка: "З сённяшняга дня ты будзеш самай лепшай і паслухмянай дзяўчынкай! Лізаветка ўраз расквецілася. Набрала паветра і выпаліла:

- Прабачце, калі ласка! Мамка і татка, я больш н-н-іколі не буду сваволіць! – зноў пачулі бацькі чароўныя словы. І была яна ў новай паркалёвай сукеначцы з прыгожымі, заўсёды трошкі здзіўленымі вочкамі. Яна адказала такім анёлскім галаском, што не паверыць у шчырасць тых слоў было немагчыма.

Назаўтра яна склікала ўсіх сваіх хатніх сяброў: ката Макрона, сабачку Трампа, канарэек Фіў-Фіў і Цёх-Цёх і папярэдзіла: "З гэтага дня нашымі сябрамі будуць цішыня і спакой у павазе і ветлівасці да кожнага".

Маці ласкава абняла сваю гарэзу, прылашчыла да сябе, штосці шаптала на вушка.

У гэты момант фортка адчынілася і Злая Чараўніца Непаслухмяна выпархнула ў акно.

- Ах, мамка! Ах, татка! Даруйце, калі ласка! Гэтае выпрабаванне было вельмі павучальным для мяне. Нарэшце я назаўсёды вызвалена з-пад чужой улады.

Ад нечаканасці таго, што адбылося, Лізаветка стаяла, не ведаючы, што рабіць. У думках горка папракала сябе за свае ганебныя ўчынкі, і тую бабуліну параду. Толькі цяпер яна зразумела, як дрэнна сябе паводзіла, якою аказалася няўдзячнай сваім бацькам і ці даруюць ёй гэты ганебны ўчынак? Ці захочуць цяпер сябры ўбачыцца з ёю наноў? Яна з радасцю пагадзілася б пачаць усё наноў, каб толькі гэта магло вярнуць давер і бацькоў, і сяброў. Яна згодная на любое выпрабаванне, каб толькі заслужыць гэтае шчасце.

"Раскаянне акупае шмат якія грахі. Толькі не давай нудзе і маркоце завалодаць сабою" – паўтарала маці.

Праз пэўны час нагадаў пра сябе і рэальны новы член сям'і, калі бацькі прывезлі белы камячок, перавязаны сіняй стужкай.

Лізаветка бегала вакол таго скрутачка, адкуль блішчэлі толькі васількова-блакітныя вочкі. Яна гладзіла рэдзенькія залаціста-пшанічныя валосікі браціка і распявала: нарэшце будзе з кім забаўляцца. Няхай у ялінку не спатрэбіцца ператварацца, а вось у космас мы з табой абавязкова паляцім! Вось толькі зайчыка Шустрыка і вавёрачку Верачку паклічам, а тое яны заседзеліся ў маім шкапчыку. Калісці яны былі маімі сябрамі і мы з імі размаўлялі. Няхай сабе плюшавыя цацкі не размаўляюць, але як яны слухаюць!

- Дзякуй, мамка! Дзякуй, татка! – зноўку пястушка ўзняла бацькам настрой. – Цяпер я буду клапаціцца пра Васілька, - сакатала Лізаветка. – З брацікам мне лацвей забаўляцца.

- Вялікі расці! - штодня паўтарала Лізаветка, займаючыся з брацікам цэлымі днямі.

І Васілёк штодня падрастаў і дужэў. У хуткім часе ён не толькі чытаў і пісаў на роднай мове, але і замежныя асвоіў. Ведаў герояў нацыянальнай гісторыі ад Скарыны да Максіма Багдановіча. Ёсць тоькі адно дабро - веды і толькі адно зло – невуцтва, паўтарала Лізаветка. І ў хуткім часе ён стаў вядомым чалавекам. Многа дабра людзям рабіла і Лізавета, якая стала цудоўнай настаўніцай. І дапамаглі гэтаму ўпору вымаўленыя чароўныя словы.

Старайся і ты, мой дружа. Вучыся. Ад гэтага толькі карысць. І сабе. І людзям. І роднаму краю.

А пакуль няхай у жыцці кожнага з вас, мае юныя чытачы, будзе Добрая Фея, якая б змагла прынесці шчасце ўсім дзецям у свеце! Іншага мне не трэба.