25.12.2014

Вяртанне Максіма Танка

Вяртанне Максіма Танка

Прывітанне! Адразу, дарагія мае чытачы, хачу папрасіць прабачэння за такія перапынкі. На жаль, хвароба не пытаецца пра час.

Маё задавальненне за апошні час найперш тым, што і мая мара нарэшце здзейснілася. Гэта я пра ўсталяваны ў цэнтры сямітысячнага гарадка Мядзеля мемарыяла паэту-патрыёту, паэту-бунтару, паэту-наватару МАКСІМУ ТАНКУ, Народнаму паэту Беларусі, лаўрэату Ленінскай прэміі.

Адразу прыгадаліся мае ўласныя сустрэчы са знакамітым Максімам Танкам на яго кватэры ў Мінску. Танк чытаў мае рукапісы, даваў парады. Гэта на ўсё жыццё. (Гл.эсэ "А птушкі выртаюцца" у кнізе "Я жадаю вам дабра...", а таксама выступленне на рэспубліканскім свяце з нагоды 100-годдзя М.Танка, а таксама чытай літ.блог за 08.11-2012 "Дарогамі М.Танка ). Неаднаразовыя мае сустрэчы на сядзібе яго дзеда ў Пількаўшчыне з братам Фёдарам Іванавічам. Дарэчы, з апошнім не проста гутарыць наведваўся, а і са тры апошнія гады аказваў помач з набыццём дроў праз знаёмага ў гарпаліве (гл.здымак апошяй сустрэчы з братам паэта). Сустракаўся на Хведаравым котлішчы таксама з паэтам-перакладчыкам, швагерам Яўгена Іванавіча Язэпам Семяжонам.
І мае звароты ў розныя высокія кабінеты, у тым ліку і да М.І.Чаргінца (гл тут жа ад 19.08.2008). Памятаюцца і пагрозлівыя размовы на маю адмову ад распачатага непакою пра страту памяці і павагі да Максіма Танка.

Галоўнае, што я вынес са згаданых клопатаў - трэба толькі верыць у станоўчы вынік і ўсё атрымаецца.

І сам сціплы помнік Паэту, і чайка, што лунае над валуном адпавядае існасці як самога Максіма, так і яго малой радзіме - Мядзельшчыне.

А птушкі вяртаюцца і вераць, што тут іх сустрэнуць родныя краявіды. Максім Танк таксама верыў у лепшы заўтрашні дзень для свайго народа, дзеля роднай Беларусі.

Бронзавы мемарыял "Ёсць адна песня песняў - пра Радзіму!" - пакуль першы ў Беларусі. Цягам часу з'явіцца і на беразе возера Нарач, якое ён жа і праславіў, як і яго рыбакоў, і Гатаўскі бераг.

Ваш. Аркадзь Жураўлёў.