28.11.2011

Восеньскім днём

Восеньскім днём

Лірычны эцюд

У восеньскім лесе было ціха. Нішто не падавала ні гуку, ні шолаху. Хіба толькі калі-нікалі існая сарока нечакана застракоча альбо сініца ценькне. Такой парою надвор’е зменлівае. Акрамя надакучлівых дажджоў выпадаў і снег, і маразы бывалі неаднойчы. Бываюць гады, як сёлетні, калі ў кастрычніку і лістападзе нярэдка радуецца чалавек яркімі сонечнымі дзянькамі. Калі над застыўшым, адлюстроўваючым сіняе неба возерам, павольна і амаль вертыкальна ляціць ледзь прыкметная нітка павуціны, а пад ёй семяніць ножкамі па вадзе маленечкі павучок. На імгненне паднімаецца ў паветра, зноўку апускаецца, але ўрэшце яго лятальны "апарат" канчаткова ўзмывае ўверх разам з пасажырам. Мабыць, вынаходнікі парапланаў, іншых падобных ўстройстваў бралі прыклад з гэтага летуна.

У канцы кастрычніка, пачатку лістапада яшчэ надараюцца пагодлівыя дні, калі слабы ветрык то замірае, то ўзмацняецца і, здаецца, усё навокал ажывае, усё тое, летняе, ды ўжо не такое: запозненае світанне, і задумлівае. І ранішняе паветра ўжо халаднаватае, туманнае, і далягляды празрыстыя і чыстыя калі толькі ў ясны дзень. А навокал – золата лістоты, быццам сама прырода развітваецца з летам і разфарбоўваецца ў самыя яркія колеры. Азірніцеся навокал: стаіць тая пара, якая шчодра дорыць нам мо самую адметную прыгажосць, незвычайнае хараство – жывое золата лістоты. А блісне сонечны праменьчык і, здаецца, быццам восень запаліла жоўтых агнёў ліхтары. Колькі хвалюючых, трапяткіх пачуццяў запаўняе нашы душы! Так і хочацца размаўляць вершамі: "Ступіла ў лес паважна восень/ Цераз падлесак негусты:/ Ва ўсе куткі, як пісьманосец,/ Разносіць цёплыя лісты.../"

Крочу мясцінамі дзяцінства да рэчкі, якая зарасла і мала што напамінае той час, калі мы, падшыванцы, цягалі блісчастых-пераліваючых лускою на сонцы грумёлінак і плотак, з даланю калі акунёў-матросікаў і невялічкіх печкуроў. Крыху воддаль, па абодва бакі ракі, доўгі, на два стадыёны, сподак, Косыя балоты. Назву балота атрамала ад віхлястай рэчкі Малы Перакоп, якая пятляе, бруіць сярод лясоў і пералескаў, злучаючы два вялікія возеры – Свір і Вішнеўскае. Край балотаў ўрэзваецца ў лес. Некалі тут з бацькам цягаў ношвамі як не па цэлай капе сена. Свінарка ды бабоўнік, калі высыхала, крышылася як порах. І добра патрэбна было складваць, утоптваць, каб не ссунулася. Дастаткова аднаго лёгкага дотыку галінкі дрэва і сена аказвалася ў вадзе. Не раз тое здаралася, як пры вынасе на бераг, дзе чакаў прывязаны конь з калёсамі. І мне закарцела паглядзець – а што там зараз робіцца?

Першы ахоўны пояс балота – ажыннік. Доўгія, гнуткія сцяблы перапляталіся паміж сабою, паблыталіся з крапівою. На сцяблінках – драбнюткія іголкі-кручочкі. Дакранешся – ажыннік чапляецца за вопратку, драпаецца. Уздымаю ўверх рукі, быццам здаюся ў палон таму ахоўнаму поясу, якому да таго ж памагае абараняцца і крапіва. Колькі тут раней бывала ягад – і чорных, і вішнёвых, і ружовых. Спелыя ажыны зрываюцца разам з белым асяродачкам. Смак ў ажыны адмысловы – салодкі, з дамешкам асаблівай гаркавінкі.

Яшчэ колькі крокаў і –новы пояс з вербалозу, бярэзніку і алешніку. Мінуў і яго, як раптам не шухнуўся ў лунку балота. Вада цёмная, на дне - чорнае даўняе лісце. Не праваліўся, выратавалі доўгія рыбацкія гумовікі. Паволі ступаю на купіны асакі з жоўта-карычневым падшэрсткам бабоўніку, сустракаюцца бліжэй да лесу купіны з дурнап’янам і чарнічнікам, на галінках каторых прысохлыя ягады чарніцы ды п’яніцы. Там-сям на купінах - чэзлыя бярозкі ды хвойкі, на якія прысядзе цікаўная сарока ці рэдкая сойка. Сустракаюцца прагалы, калі купін усё меней, а тыя, што ў полі майго зроку – з бела-жаўтавата-зялёным пухкім мохам. Ідзеш па ім нячутна, як па сінціпонавых, нібыта спружынячых падушках. Аглянешся і ўбачыш, як твой след імгненна знікае і купіна набывае свой першапачатковы выгляд.

І раптам бачу круглую, падобную няйначай на вясельны торт, купіну. Уся такая расквечаная белым і салатавым колерамі мохам, а наверсе вугельчыкамі гараць вішнёвыя ды ружовыя журавіны. Ягады буйныя і спелыя. Возьмеш у рот – храбусткія, крамяныя, поўныя асвяжаючага кіславата-салодкага соку – хутка асвяжаюць. Але калі з’есці жменю, аскомы не мінуць. Многа журавін прыхавалася ў моху, уся купіна заснавана ніткамі-сцябламі. Журавіны на гэтых нітках як прывязаныя, а лісцейка дробнае і рэдкае. Калі не надта мокра ў балоце і багата ягад, то і сабіраць журавіны – адно задавальненне. На некаторых балотах у засуху можна нават грыбоў назбіраць – сыраежак, махавікоў, а калі на ўскрайку і падасінавік трапіць.

Лёгкі ветрык дзьмуў у мой бок, і можа таму не пачула мяне ласіха. А мо таму, што голасна цінькалі цініцы. Я ўбачыў ласіху зусім зблізку, вытыркнуўшыся з-за вялікага кашлатага ядлоўцавага куста. Відаць было, як з яе шырокіх ноздраў вырываліся струменьчыкі пары, а з тоўстых мяккіх губ звісаюць пасмы моху разам з журавінамі. Ласіха скубла мох, потым падымала гарбаносую пысу, прыслухоўвалася і жавала. Адной надакучлівай сініцы штосьці не падабалася і яна не адляталася да ласіхі. Можа проста хацела прывітацца ці выказаць сваё замілаванне такім суседствам.

Раптам ласіха павярнула галаву ў мой бок, наставіла вушы, раздзьмула ноздры, а пасля як падскочыць і – кінулася наўцёкі. Бегучы, азірнулася раз, другі.

Я падышоў да месца, дзе яна стаяла. Між купін было навытрэсвана столькі журавін, хоць жменяю збірай. Сціпла ўсміхнуўся, падняўшы колькі ягадзінак-пацерак і, разглядаючы іх, пачуў тужлівыя і развітальныя галасы адлятаючых у вырай журавоў. На душы з’явілася нібыта ціхая, затоеная пад жоўта-чырвоны лістапад журбота адшумеўшага лета і прадчуванне таго часу, калі астыне і згасне апошні цёплы праменьчык. Восньскі дзень хінуўся за небакрай.

Ваш Аркадзь Жураўлёў.
http://zhuravlev@tut.by