08.09.2011

Найлепшы стымул для творцы

Найлепшы стымул для творцы

Патэлефанавала настаўніца з маёй Вішнеўскай школы, што на Смаргоншчыне. Іна Іпалітаўна Тумаш дзякавала за мой адказ на яе ліст. Зноў нагадала, што многае пра мяне даведалася ад вяскоўцаў (ездзіла ў маю вёску Гарані). Багата друкаваных твораў у СМІ (акрамя выдадзеных кніг) сабралі з дзецьмі школы, што ёй і вучням "вельмі блізкая тэматыка маіх твораў. Апавяданні і гумарэскі чытаюцца лёгка і кранаюць за душу. Быццам тое ж адбывалася са мною, чытачкай. Абмяркоўваем з дзецьмі. Па вашай творчасці буду пісаць навуковую працу..."

Як пасля такой настаўніцках рэцэнзіі дрэнна пісаць!

Гэта найвышэйшы стымул і ганарар.

Ваш Аркадзь Жураўлёў.

03.09.2011

З унукам на прыродзе і рыбалцы

З унукам на прыродзе і рыбалцы

Трохі, здаецца, ачуняў і амаль штотыдзень наведваюся на жончыну Мядзельшчыну. Там зараз наш унучак Ільюшык адпачывае ад гарадскога тлуму і муроў. Як не паедзеш, калі на тыдні па колькі разоў чатырохгадовы жэўжык патэлефануе па мабільніку і нагадае, каб прывёз шакаладку і ёгуртаў паболей (і назаве якіх!). Ніякія ягады не есць. Ну як дзед адмовіць! Няхай ужо на лекі менш пусціш, а для дзіцяці апошняе аддассі, бо такому асабліва не патлумачыш, не схлусіш. А калі так - праз пэўны час атрымаеш тое ж. Не, толькі не гэта.

А як ён чакае, калі затэлефаную, што выехаў і ўжо ў дарозе! І планы ў яго заўсёда гатовыя: ідзём на рэчку рыбачыць. Вуды нашы ўжо чакаюць сваіх гаспадароў, чарячкоў накапаем і - наперад. Да рэчкі Вузлянкі не больш ста метраў. Напачатку сваёй вудай Ілья махаў быццам пугай, цяпер крыху больш вытрымлівае яго погляд на паплавок. Але як апошні раз дзве маленькія плотачкі ўсё ж зачапіліся на яго кручок. Цягнулі праўда разам. А ён радаваўся! А ён смяяўся! Ці ж не лепшая і дзеду радасць ад таго, што твайму дзіцяці ўцеха!












Навокал нас раздолле. Лаві сабе рыбу, купайся, загарай.

Як не берагчы нашу беларускую прыроду! Гэта мы ўжо прывыклі да кожнага азярка, рэчкі ці лугу, дзе раздолле для душы, а ў некаторых краінах так вольна не паходзіш, і не адпачнеш. Так што наша Беларусь у гэтым сэнсе вельмі багатая краіна. Зараз увесь тыдзень буду ўспамінаць вясёлыя выхадныя з унукам-рыбаком.

Ваш Аркадзь Жураўлёў.