Ціхае, цёплае слова пра Рыгора Семашкевіча
Толькі што прыйшоў з чарговага (апошняе было з удзелам Генрыха Далідовіча, калі ўспаміналі нашага нястомнага гісторыка-даследчыка беларускай мінуўшчыны Міколу Іванавіча Ермаловіча) паседжання літаратурнага клуба "Жывіца", які працуе пры Маладзечанскай цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.
Прыемна тое, што зала была запоўнена чытачамі,мастакамі, пісьменнікамі - прыхільнікамі роднага слова, землякамі паэта, пісьменніка і літаратуразнаўца.
Са сталіцы прыехала ўдава нашага земляка Наталля Іванаўна Семашкевіч (Брыль), яго сябра - пісьменнік, літаратуразнаўца Яўген Лецка, а з суседняй вёскі, што побач з Дамашамі - Асанава - малодшая сястра Рыгора Валянціна.
Ціхім, цёплым словам успаміналі свайго Рыгора родныя, сябры, старэйшы мастак Кастусь Харашэвіч, былы настаўнік рускай мовы Лебедзеўскай школы Алег Шчукін. Мне, на жаль, не хапіла часу сказаць колькі слоў пра гэтага шчырага беларуса, але ўсё ж нагадаю. Пры жыцці мне надарылася сустракацца з Р.М.Семашкевічам толькі аднойчы, калі я, як пазаштатны карэспандэнт абласной газеты "Мінская праўда" ехаў з тагачасным рэдактарам раёнкі "Святло камунізму" Я.Меркулем на абласны злёт рабочых і сельскіх карэспандэнтаў. І вось да нас, ў адмыслова выдзелены невялічкі аўтобус ад гаркама партыі падсядае шчупленькі ў асеннім палітончыку, чорным берэціку, адкінутым на патыліцу і ладных, здаецца з зацемненымі шкелачкамі, акулярах малады чалавек. Меркуль тады нас прадставіў ядно аднаму, але Семашкевіч нешта чытаў, глядзеў праз шыбу акна на пейзаж.
Пазней жонка мая (Нона Васілевіч) расказвала, што ён, Семашкевіч, выкладаў на яе курсе філфака беларускую літаратуру (1970-1975). Я дастаў яе студэнцкі альбом і сапраўды сярод мэтраў выкладчыкаў і даследчыкаў філалагічнай навукі - А.Лойка, М.Ларчанка, А.Волк, І.Навуменка, Я.Семяжон, Н.Гілевіч і наш малады зямляк - кандыдат філалагічных навук Р.М.Семашкевіч. Такі склад выкладчыкаў вымушаў яго працаваць актыўна і натхнёна. Са сваіх няпоўных 37 гадоў больш за 20 працаваў у літаратуры. Бачна, што за колькасцю напісанага не гнаўся, але затое працаваў удумліва, рабіў усё са значнай аддачай і па-семашкевічаўску без таго прыстасавальніцкага імпэту часоў савецкага таталітарызму. Акурат тое нежаданне патрапляць кан'юнктурнасці, ісці ў строга вызначаным той сістэмай ідэалагічным рэчышчы істотна ўскладняла Семашкевічава жыццё, выклікала і нападкі на яго з боку партыйных функцыянераў самага высокага рангу аж да пушыстага Машэрава, а таксама прыдзіркі ардынарных афіцыёзных крытыкаў, і нядобразычлівасць самых дагодлівых у дачыненні да ўлады ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Нават вобыск у яго аспірантскім пакоі быў(!?).
Як выкладчык і творца Семашкевіч быў цікавым суразмоўцам, умеў дасціпна расказваць розныя пацешныя гісторыі. І гэты прываблівала студэнтаў. Яны разумелі яго і заўсёды ўважліва слухалі.
Былі ў яго свае прыхільнікі і сярод творцаў - Рыгор Бярозкін, Уладзімір Гніламёдаў, Еўдакія Лось, Дзмітры Кавалёў. Апошняму належаць большасць перакладаў і кароценькая, але зноў жа вельмі добразычлівая прадмова ў Семашкевічавай кнізе "Золата саломы", выдадзенай у Маскве ў 1974 годзе. Кніга невялічкая, у ёй змешчана ўсяго 25 вершаў. Але сам факт яе выхаду ў Маскве маладога паэта таксама азначаў сур'ёзную падтрымку, бо далёка не ўсе ўдастойваліся такога гонару.
Час, які ўсё ставіць на месца, добра высвечвае і сапраўдныя вартасці, і недахопы, ужо цяпер пераканальна паказаў, што рацыю мелі не нізвяргальнікі, а абаронцы Рыгора Семашкевіча. На памяць прыходзяць кнігі гэтага рознабакова таленавітага чалавека "Леснічоўка" (1968), "Субота" (1973), гумарыстычнай аповесці "Бацька ў калаўроце" (1976), "Лічыла дні зязюля" (1987), літаратуразнаўчыя працы "Браніслаў Эпімах-Шыпіла" (1968), "Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе" (1971), кнігу эсэ і артыкулаў "Выпрабаванне любоўю" (1982). Так і засталася няскончанай аповесць "Ясень".
Мне ўзгадалася яго рэцэнзія ў майскім нумары часопіса "Полымя" за 1971 год на калектыўны акадэмічны зборнік даследаванняў "Сучасная беларуская паэзія", дзе аглядальнікамі выступалі Ул.Гніламёдаў, М.Барсток, М.Арочка адпаведна па "Паэзіі", "Паэме", "Сатырычнай паэзіі". Нягледзячы на тое, Семашкевіч смела сцвярджае пра некаторыя суб'ектыўныя сімпатыі аўтараў да некаторых творцаў, пра больш таленавітыз сказана абагулена. Крытыкі, па меркаванню Семашкевіча не ацанілі творчую практыку ў галіне паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча. Вось так смела і адкрыта 26-гадовы аспірант БДУ ўказвае вядучым літаратуразнаўцам. А чаму? Таму, што Семашкевіч меў сваю грамадзянскую пазіцыю.
Упэўнены, што жыві ён сёння наша беларуская літаратура была б намнога багацейшай і выбітнейшай перад іншымі, што займаюць нашыя палеткі.
Пыл з плячэй дарожных абтрасай,
Сядзь каля парога дарагога.
Хай даруе нам бацькоўскі край,
Што парой мы не прыходзім доўга...
у кожны свой радок Семашкевіч укладваў і свой талент і спагадлівую душу. І хай яму там, у лепшым свеце, будзе таксама лёгка і ўтульна.
Аркадзь Жураўлёў (Шагакін)
E-mail:zhuravlev@tut.by
06.04.2011
Подписаться на:
Сообщения (Atom)