23.12.2013

НАВАГОДНІ ТЭСТ

НАВАГОДНІ ТЭСТ

Гумарэска

Праз лічаныя гадзіны вы, паважаныя чытачы, ўрэшце разам з роднымі і знаёмымі зберацеся за навагоднім столом. І не галоўнае якой формы той стол - у выглядзе літар П ці Г. Пажадана, каб маладыя хлопцы і дзяўчаты сядзелі на агульнай лаўцы.

Вось ўжо і тэлевізар паказвае доўгачаканыя хвіліны да поўначы, і шампанскае падрыхтавана, так што цяпер самы час праверыць у сябе і прысутных пачуццё гумару. Іначай нельга: сустрэча Новага года без жартаў і смеху немагчыма, як зіма без снегу, елка без калючак, Дзед Мароз без падарункаў.

Спецыяльна распрацаваны мною тэст дапаможа вам ў гэтай справе. Падрыхтаваліся? Пачынаем!

Пытанне 1. Існуе павер`е: калі ў навагоднюю ноч напісаць на чыстым аркушы паперы сваё запаветнае жаданне, а ў поўнач праглынуць яго, тое жаданне абавязкова збудзецца. Якое жаданне вы абавязкова запісваеце? Ажаніцца – 1 ачко. Выйсці ўдала замуж – 5 ачкоў. Купіць гумовую лодку – 6 ачкоў. Набыць іншамарку (няхай сабе дзесяцігадовы легкавічок) – 7 ачкоў. Вынесці вядро з мінулагоднім смеццем – 10 ачкоў.

Пытанне 2.У гасцях вы пацягнуліся да талеркі з вінегрэтам і неспадзявана зачапілі вазу з саксонскага фарфору, якая чамусьці адразу звалілася долу і разбілася на дробныя аскепкі, што пырснулі ва ўсе бакі. Як, на ваш погляд, павінен павесці чалавек з пачуццём гумару? Весела закрычаць, хлопаючы ў ладкі: “Посуд б`ецца - чакай шчасця!”–0 ачкоў. У жартаўлівай форме расказаць як пад Новы год патрэбна збаўляцца ад непатрэбных рэчаў і звычак – 4 ачкі. Зрабіць выгляд быццам нічога асаблівага не здарылася і папрасіць дэпэ (гэта значыць дабаўкі) вінегрэта – 10 ачкоў.

Пытанне 3.Які з мультфільмаў, на ваш погляд, мог быць да месца на тэлеэкранах у навагоднюю ноч? “Кот у ботах”- 3 ачкі.”Прыгоды ката Леапольда”- 5, “Хто сказаў “мяў?” – 10 ачкоў.

Адказы. Калі вы набралі ад 1 да 10 ачкоў – гэта добра. Вы жывы і знаходлівы. У вас ёсць пачуццё гумару. Вы набралі ад 11 да 20 ачкоў – вельмі добра. Вы вясёлая і кемлівая асоба, прыцягваеце субяседнікаў, асабліва калі ўсміхаецеся. Ну, а калі ў вашай скарбонцы набралася ад 21 да 30 ачкоў – проста цудоўна: вы абаяльная і харызматычная асоба, а пачуццё гумару не здраджвае вам нават у навагоднюю ноч.

Ну, вось і ўсё. Цяпер можаце даносіць да вызначанай мэты свае бакалы і працягваць сустрэчу Новага года – года Белага Каня. Уявіце грацыёзнасць і рахманасць, іншым разам пагарную і гарэзлівую постаць гэтай добрай жывёліны і памочніцы вясковага чалавека. Самота вам не пагражае. Канечне ж, калі для мужчын стане нормай сумленна выконваць другі і пяты варыянт першага пытання. І не засмучайцеся, калі суседзі весяляцца гучней звычайнага ці госці заседжваюцца. Гэта да згоды і паразумення.

Вось і Дзед Мароз з падарункамі! Вось і мне тое-сёе перапала. З Новым годам, землякі з усіх краін свету – Расіі, Украіны, Казахстана, краін Еўропы і Амерыкі, Аўстраліі!

З новым шчасцем! Новых усмешак і прыгод! І не хвалюйцеся, калі ваша каханая або жонка набярэ іншым часам больш ачкоў, усяроўна пасля бою курантаў і трэцяга навагодняга тоста “За любоў!” усё ў вас (і ў нас таксама!) будзе агульным. Так, так – усё! Нават ў першы дзень Новага 2014 каву ў ложак не толькі мы, мужчыны, будзем падносіць сваім каханым.

Але і яны нам – каву ў ложак...

А пакуль успомнім кожны сваю радзіму, дзе закапана наша пупавіна. Абавязкова ўспомнім, нават калі будзе заможным жыццё ці наадварот цяжка рухацца і размаўляць.

З Новым годам!

Пішыце. Паразмаўляем.

E-mail:zhuravlev@tut.by

http://zhuravlev.at.tut.by

22.08.2013

БЕЛАРУСКАЯ МОВА: ЦІ БЫЦЬ ГАСПАДЫНЯЙ У СВАЁ КРАІНЕ?

БЕЛАРУСКАЯ МОВА: ЦІ БЫЦЬ ГАСПАДЫНЯЙ У СВАЁ КРАІНЕ?

Нарэшце гэта адбылося: у Беларусі адкрыўся Міжнародны з’езд славістаў. Чаму так ўзрушыла мяне гэтая падзея? Таму, што ўпершыню ў нас такі форум, а па-другое, нарэшце, спадзяюся, будзе сярод усіх славянскіх абмеркавана праблема развіцця і пашырэння нашай роднай беларускай мовы.

Я ўжо чуў, што гэта прэстыж і ўсё такое. Не, сябры-братове, нам гэтае не так патрэбна, бо галоўнае - крычаць патрэбна наконт распаўсюджвання, пашырэння беларускай мовы, культуры, літаратуры па свеце. Каб на ёй не толькі ў сферы культуры, мастацтва, літаратуры і журналістыкі, зрэдку ў якіх школах, хутчэй у асобных класах, а паўсюль – ад побыту радавых беларусаў да дзяржаўных органаў краіны і яе кіраўнікоў. Без дзяржаўнай падтрымкі беларускамоўных выданняў перыёдыкі, сучаснай літаратуры не абысціся!

Гэта павінен быць абавязак і ўзор для першых кіраўнікоў, іншым размаўляць хаця б у дні ўрачыстасцяў у гонар галоўных дзяржаўных святаў. Не спыняюся паўтараць, што сёння існуе сур’ёзная праблема з колькасцю рэальных носьбітаў беларускай мовы. Нашай моваю мала хто карыстаецца: ад’ехаў з вёскі - і ўжо на рускай размаўляе ўчарашні вучань сельскай школкі.

Незразумела і з правапісам, і з лексікай беларускай мовы. Павінна ж і ў нас быць "моўная" незвычайнасць як у таварных знаках, уласных беларускамоўных назвах і г.д.

Дык ці стане родная мова для беларусаў роднай? Самай прыгожай, самай мілагучнай, самай дасканалай? Пакуль жа хачу сказаць, што для кожнага носьбіта яго родная мова, мова краіны, дзе ён жыве, найлепшая. Толькі каб зразумець гэта, паважаныя беларусы (хто сябе такім лічыць!) трэба яе ведаць! Пачакаем вынікаў!

Веру і спадзяюся! Чытайце. Пішыце. Буду рады абмеркаваць, паспрачацца, калі неабходна.

E-mail:zhuravlev@tut.by

Ваш Аркадзь Жураўлёў.

23.07.2013

Гомельшчына: беларуская мова - і радасць, і засмучэнне, альбо Ці дастаткова выкладчыку ведаць толькі адну дзяржаўную мову?

Гомельшчына: беларуская мова - і радасць, і засмучэнне, альбо Ці дастаткова выкладчыку ведаць толькі адну дзяржаўную мову?

Радасць. Напрыканцы мая я быў вельмі ўсцешаны, калі даведашся, што ў Гомелі сузаснавальнік групы прыватных кампаній "Славія", ураджэнец Жыткавіцкага раёна Генадзь Кустаў упершыню ў Беларусі ўвасобіў цікавую ідэю: пачаў прадстаўляць 10% зніжкі на мэблю тым кліентам, якія размаўляюць па-беларуску. Нават білборд на роднай мове ў абласным цэнтры з’явіўся, дзе пазначана "На сваіх не зарабляем". І яшчэ – "Гэта наш палескі стыль".

Ну, як не парадавацца за такіх беларусаў! І людзі, хто няўпэўнена размаўляў па-беларуску, пачынае імкнуцца гэта рабіць, хоць і збіваюцца, і пераходзяць на рускую, але ж усё роўна спрабуюць ісці да Беларусі. І чым больш размаюляюць, тым лепш атрымліваецца. Ідуць і замаўляюць сваю мэблю па-беларуску.

Засмучэнне. А вось ў Мазырскім абласным ліцэі выкладчыкі беларускай моваю пагарджаюць. Вось прыклад. Дзяўчына з беларускамоўнай школы з Лоеўскага раёна пры паступленні ў гэтую ўстанову была настолькі пакрыўджана (і не яна адна!), бо тэсты, на якія патрэбна было адказаць пры паступленні, былі на рускай мове, а яна ж вучылася на роднай мове і, зразумела, тлумачэнне шматлікіх тэрмінаў па большасці прадметаў зусім розныя, цяжка адразу пераключыцца, каб перакласці і, галоўнае – зразумець пра што ідзе гутарка. І гэта ў момант, калі кожная хвіліна каштоўная. Ды вось выкладчыкі не выстаўляюць ужо колькі дзён адзнакі. А ведаеце чаму? Таму, што не толькі не валодаюць, не разумеюць ... беларускай мовы(?!).

Парадокс. Чаму нашы дзеці павінны адказваць за дарослых? Чаму павінны падстрайвацца пад рускамоўных выкладчыкаў, а не наадварот? Ды і зусім не пасуе выкладчыку не ведаць роднай мовы краіны, дзе вучыш дзяцей карэннага насельніцтва. У нашай краіне гэта можна.

Не спрачаюся: статус дзяржаўнай у рэспубліцы нададзены дзвюм мовам – беларускай і рускай. А значыць, кожны мае права размаўляць на той, які лічыць для сябе радней і бліжэй. Толькі заканадаўства пакуль ніхто не спяшаецца выконваць. Напрыклад дакументаабарот пакуль вядзецца на мове Пушкіна, а не Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэта тычыцца і згаданых тэстаў. Дзіву даешся, калі даведваешся, што настаўнікі, бібліятэкары, ідыёлагі, кіраўнікі рэгіёнаў, дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў не валодаюць мовай краіны, дзе працуюць, дзе пусцілі глыбокія карані.

Вось бы на тых чыноўнікаў са згаданай установы і вышэйшых рангам Аляксандра 1!

Да якой пары моўны бар’ер будзе перашкодай на шляху карэннага насельніцтва да атрымання ведаў, да гісторыі, да гістарычнай праўды Беларусі?



Як вы ацэньваеце такую дзіўна-парадаксальную моўную сітуацыю?

Пішыце. Абмяркуем. Да сустрэчы.
Ваш Аркадзь Жураўлёў.

17.07.2013

МАЛАДЗЕЧАНШЧЫНА РАЗВІТАЛАСЯ З МАСТАКОМ

МАЛАДЗЕЧАНШЧЫНА РАЗВІТАЛАСЯ З МАСТАКОМ

Не стала яшчэ аднаго шчырага, харошага і сумленна-чыстага чалавека - старэйшага мастака Маладзечаншчыны Кастуся Іванавіча ХАРАШЭВІЧА – знакавай постаці нашага краю. Адышоў у вечнасць адзін з лепшых і адметных беларускіх пейзажыстаў, актыўны грамадзянін-патрыёт, хто ўнёс значны ўклад у фарміраванне мастацкага асяроддзя Маладзечаншчыны. Гэта ён, Харашэвіч разам з Радзялоўскай, быў актыўным стваральнікам студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў горадзе.

К.І.Харашэвіч быў аўтарытэтным у мастацкім асяродку горада творцам, членам Саюза мастакоў Беларусі. Актыўны арганізатар і ўдзельнік шматлікіх мастацкіх выставак, ён узнагароджаны медалём Беларускага Саюза мастакоў "За заслугі ў выяўленчым мастацтве". Гэта яму, К.І.Харашэвічу, двойчы прысуджалася спецыяльная прэмія "Талент" Маладзечанскага гарвыканкама ў намінацыі "Мастак года"

Ён напісаў больш за 500 карцін, сярод якіх значнае месца займаюць тэматычныя палотны, прысвечаныя гістарычным падзеям як у нашым краі, так і на Беларусі – Паўстанне нарачанскіх рыбакоў, - Выступленне Б.Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі, - Каля млына, - Вялікдзень, інш.

Многія палотны-пейзажы Харашэвіча нясуць вобразы цёплай, шчодрай і ўтульнай зямлі – Мой родны кут, - Вясна ў Гарадзілаве, -Васількі, - Збажына паспела, - Леснічоўка, - Дарогі ў Ракуцёўшчыну...

Партрэты дзеячоў гісторыі і культуры, нашых знакамітых землякоў – Барыса Кіта, - Міколы Ермаловіча, - Генадзя Каханоўскага, - Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага ды інш. Кожны твор жывапісца глыбока перажыты, выпакутаваны, дзе ёсць шчырая споведзь, у якой знітаваны паміж сабой мінулае, сучаснае і будучае нашага народа – яго вобразы, яго колеры, яго сум.

Працы майстра знаходзяцца у музеях Беларусі, Лондана, у асабістых калекцыях у Польшчы, Германіі, ЗША, Ізраіля, Канады, інш. Імя Харашэвіча занесена ў сусветную энцыклапедыю сучаснага мастацтва. А яшчэ Кастусь Іванавіч вядомы нам як аўтар успамінаў "Зведанае і перажытае".

Прыгадаліся сустрэчы на паседжаннях літаратурнага клуба "Жывіца", дзе часта прысутнічаў і Мастак Харашэвіч: заўжды ўважліва слухаў, пры неабходнасці тактоўна прасіў слова і трапна дадаваў, тлумачыў. І нам гэта было цікава.

Узгадваю зараз як сустрэўся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча з Кастусём Іванавічам у 2007 годзе, вясною, аклімаўшыся ад хваробы, ён колькі слоў сказаў пра сваё кепскае здароўе, пагаршэлы і без таго слабы зрок. Пасля папрасіў прабачэння, што не змог прысутнічаць у Палацы культуры на прэзентацыі маіх кніх "Апалонік для дырэктара" і "Я жадаю вам дабра..." па той жа прычыне і тут жа з гордасцю паведаміў, што "нарэшце і я маю свой каталог; Райвыканкам і добрыя людзі дапамаглі. Так што ваш экзэмпляр тут чакаецца вас". Затым дастаў з папкі свой каталог мастака "Старонкі жыцця і творчасці" і акуратна падпісаў "Паважанаму Аркадзю Жураўлёву ад аўтара.26.-ІІІ-2007 г.Маладзечна".



І сёння яшчэ на аднаго шчырага свайго сына пабяднела Беларусь. Сумую разам з землякамі па Кастусю Іванавічу.

Светлай памяці.

Мы заўжды будзем памятаць Вас, Маста!

Хай Вашай душы, Кастусь Іванавіч, там – у вечнасці – будзе заўжды спакойна за свой край, Маладзечаншчыну.

Аркадий Журавлев.