24.12.2008

Рэкецiры_2

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 2

Так яно і на самай справе ёсць: хлусім адзін аднаму на кожным кроку, апасля здзіўляемся таму, што ў нас не так як за мяжою, а калі чалавек сумленна працуе – зайздросцім, насміхаемся, другія дык скумекалі, нават грошы іншым разам бяруць ў доўг, а вось каб вярнуць забываюцца па некалькі год: "чаго там нервавацца, ты заробіш яшчэ, а вось мы -- не…" А каб адказаць каму, не можа, шкада ж гэтых абібокаў, бо калі такога наплятуць, быццам лусты хлеба няма на стале і дзеці галодныя плачуць, а к вечару -- на вушах стаяць ля платоў. Вось і будзь для такога добрым. А паспрабуй не пазыч, такой шкоды наробяць, што і міліцыя не дапаможа. Вось па гэтай прычыне і застрахаваў Андрэй свой толькі што адбудаваны дом: усё неяк смялей ад гэтых галадранцаў. Колькі іх распладзілася па вёсках. Ці ж было такое раней, каб маладыя здаровыя мужчыны нідзе не працавалі. Няхай сабе і бабылі. Праўду кажуць: у кожнага чалавека сваё жыццё. Аднаму шанцуе з пялёнак, быццам ён і на самай справе нарадзіўся пад шчаслівай зоркай. Усё ў яго ідзе гладка, усё ідзе па ягонаму. Другія, як тыя калгаснікі, з сіл выбіваюцца, стараюцца як той конь, а прыдзе дахаты і тут клопатаў не абярэцца. І так да канца свайго веку нічога асаблівага ў жыцці і не ўбачыў. Трэці жыве сабе, як Бог на душу паклаў – ні мэты, ні імкнення ў яго, абы дзень мінуў. Тыя ж "дзеткі" толькі і чакаюць калі ў матак з’явіцца капейчына, адразу -- з нажом да горла: давай, старая на паўлітра, а то памру. І плачуць, і скардзяцца, але ж і даюць. Калі няма чаго даваць, выносяць з хат бацькоўскіх усё, што можна загнаць за пляшку. Такое паўтараецца штомесяц многія гады запар. Маньчын Васіль, як выгналі з калгаснага трактара, пайшоў у заробкі па вёсках: у каго дровы паколе, у каго агарод узарэ ці яшчэ якую работу. І пад’еўшы, і падпіўшы штодня. Астатнія ж -- крадуць не толькі калгаснае, якое да сённяшняга дня лічуць "народным", але і ў людскія будынкі пайшлі. У аднаго ўкрадуць – другому загоняць, прычым толькі за гарэлку. Гэта ў іх -- цвёрдая валюта. Што казаць, калі вунь Антосеў сынок на сацыяльную пенсію пайшоў, большага не зарабіў за свой век, калі гэты век жыццём можна назваць. Да гэтае пары выцягвае з будынку васьмідзесяцігадовай матулі ўсё, што ёсць: сала, бульбу, варэнні-саленні, дабро, што сёлета намалаціла ўсё павынес. І пенсію шчэ адыміць, калі тая не справіцца прыхаваць у суседкі. А як толькі аўталаўкі прадпрымальнікаў прыходзяць у вёску першай імчыцца каб накупіць яды як не на палову пенсіі, наесціся і зноўку схаваць ад свайго рэкеціра. Вось дажылася! Сашкаў, трыццацігадовы Мішка, нават залез у кішэню дырэктара школы і забраў партманет з грашыма, а цяпер вось адрабляе, пасвячы калгасны статак у суседняй гаспадарцы. Казалі, што прыстаў да адзінокай пенсіянеркі, па гаспадарцы дапамагае: і накормлены, і абмыты. А маці ж не было спакою ад штодзённых яго п’янак і пагроз. Усе жылы выцягнуў…

Працяг будзе

08.12.2008

Рэкецiры_1

ZeDDy zeddy.ru создал Социальную сеть для писателей prozim.ru .
Рекомендую посетить, оценить, оставить комментарии.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
РЭКЕЦІРЫ
Апавяданне
Частка 1

Андрэй, яшчэ малады, рухавы, не сказаць каб хударлявага складу, але даволі статны фігурай для паўвекавога мужчыны, які даўно двойчы быў дзедам, складваў у раўнюткія пад паветкаю даволі высокія штабелі дровы, што выпісаў у cельсавеце. Ля яго завіхаўся хлопчык годзікаў шасці, што браў з кучы той па два, а калі і па тры паленцы і падаваў дзеду, які не прамінаў усміхнуцца той шчырай ўсмешкаю, а перад тым як сесьці адпачыць сказаў:

--Ты ў мяне малайчына. І справа ў нас хутка рухаецца. Вось і я памочніка дачакаўся.А то - адзін, ды адзін. Баба тая вечна ў сваіх жаночых клопатах, ды і не прывык абапірацца на яе, сам з мужчынскай працай ўпраўляюся. А тут - помач. Ці не так, Ванюшка?”

-- Так, дзед. Няўжо я добры памочнік?

-- Канешне! Вунь колькі мы з табой зрабілі, як не на паўзімы ўжо дроў склалі. Ці ж адзін я ўправіўся б? А тое глядзі шчэ б дождж замачыў, а ці хутка высахлі, струхнелі б чаго добрага. А цяпер у нас усё ў парадку і зімою будзем грэцца.

Андрэй Жывіца задаволены быў сваім лёсам: двое дзетак з жонкаю выгадавалі, далі вышэйшую адукацыю, а цяпер, калі надышла пара залатой восені, не селі на лаву запасных, а прадаўжаюць, як могуць, дапамагаць сваім дзецям -гараджанам. Бабуля Валя, якая на групе інваліднасці з-за цяжкай хваробы, вяжа розныя жакеткі, шкарпэткі, рукавіцы. Ён жа, хаця і паранены быў ў афганскім пекле, не цураецца рабіць і венікі, і граблі - акоссі - усё, што патрэбна для вясковага падворка, бо далёка не кожны ўмее спраўна сплесці той кош, ці асадзіць якую прыладу. Замізарнела вёска. А ім дадатковы заробак да іх пенсій ніколі не лішні. Някепска, калі штогод да дзён нараджэння ўнукаў і на вялікія святы, як Новы год, 8 Сакавіка ў дзяцей іх і ўнукаў з’яўляюцца патрэбныя сёння рэчы. Толькі сёлета падаравалі пральную машыну, а ўнукам - шыкоўны камп’ютэр. Але ж і працавалі! Змалку не прывыклі адседжвацца ў цяньку: іх бацькі таксама заможна жылі, хаця і са свайго мазаля. Зямлі мелі ці не пяць валок. Уся вялікая сям’я шчыравала на той зямельцы. Праўда, даўно ўжо няма ні дзядулі з бабуляю, як і бацькоў, няма і хутара - калгасныя пабудовы там. А зямельку, такую ўрадлівую ператварылі ў якіясь жоўтыя загоны, перавярнуўшы трактарамі ўрадлівы яе слой. Такі і ўраджай там, калі сёлета якіх пятнаццаць ці дваццаць цэнтнераў з гектара сабралі. Гэта калі без розных там прыпісак. Бо, як казаў некалі адзін старшыня, што “ў яго калгасе патрэбныя цэнтнеры “для рапарта” заўсёды знойдуцца за кошт штогадовага ўвядзення ў севазварот свежых земляў, якія раней адпачывалі і зараз не ўказваюцца як прыараныя, што азначае павялічыліся, прыраслі тыя плошчы. Я тут -- і старшыня, і прэм’ер, і прэзі-дэнт, бо да мяне ўсе раённыя начальнікі едуць не толькі за бульбаю і мясам, а і за тэхнікай, а зараз - за цэглай і іншымі будматэрыяламі. Мала чаго шчэ ім прыспічыць! Каторы з іх потым не прыкрые мяне? Няхай рызыкне...”

Працяг будзе

14.11.2008

u_vosen

Раннюю восень люблю я не толькі за тое, што сам нарадзіўся у верасні, а найперш за тое, што светлыя сны на бацькоўскім ложку вабяць водарам летняй мяты і лёгкі туманок спявае песні каханачцы-рэчцы Малы Перакоп, за тое, што месяца свет чароўны ўначы спакоем льецца у маё акенца, а яшчэ за тое, што ў гэтую пару пачынаецца сапраўднае “ціхае паляванне”. А месцы ў нас грыбныя!

daru

Паволі крочыш па рознакаляровай лістоце, мяккім моху, сухім, але ўжо не крохкім шыгаллі і няхай нячутна ўжо звонкага птушынага шматгалосся, усяроўна адчуваеш на душы спакой і лагоду. Вось калі насамрэч кожнай клетачкай сваёй істоты адчуваеш сапраўдную радасць, выбраўшыся з няхай і невялікага, але таксама мітуслівага гарадка ў лес, у родныя ваколіцы. На поўныя грудзі дыхаеш чысцюткім паветрам ды й паволі, нікуды не спяшаючыся, збіраеш, выцікоўваеш грыбы, атрымліваючы ад гэтага адно задавальненне, а калі яшчэ і не адзін кош назбіраеш, няхай сабе адных толькі лісічак, - двайная радасць. Збіралі з Нонай часам кашамі і баравікоў, і падасінавікаў, і зялёнак-падзялёнак, і казякоў (маслят). Як удасца, па-першае, альбо, кажуць, у кожнага грыба свой час. Яно можа й лепш каб адразу усіх патроху назбіраў, як ў фінансавай палітыцы, дзе арыентуюцца таксама на “кошык”, у якім акрамя амерыканскай валюты хутка ўвойдуць яшчэ і расійская, і еўра.
Восень..
Гавораць – сумная пара,
Пара турбот і раставання,
Нічога светлага няма –
Усё імкнецца да згасання.

А я люблю раннюю восень.Хутка паспеюць журавіны і трэба з’ездзіць на балоты за Іжу ці Нарачанку, у Скок. Раней ўсёй сям’ёй ездзілі ў Габы.

Здаецца нядаўна назіраў як развітваліся перад дальняй дарогай, кружляючы над вёскай, буслы, а сёння задумваюся над чалавечым існаваннем, праводзячы жураўліны клін за Адасеў сад, дзе ў лагодным сонечным свеце гараць адвечным полымем ліпы і бярозы на ўзлессі. Тым часам на твар, адзенне чапляецца павуціна “бабінага лета”.Здымаю адну за другой павуцінку, а на твары ўсё ж з’яўляецца лёгкі смутак развітання з цяплом і дарамі восені. Бывай, восень!

12.11.2008

vozera

Сёлетняя восень у Беларусі даволі цёплая. У верасні стаялі дні, калі гарачыня даходзіла да +25. Гэты здымак зроблены ў Мядзелі, на беразе возера Мястра. Бачыце якая прыгажосць!

vozera

Нарэшсце і ў нас пачалі наводзіць парадак у прыродаахоўных зонах. Нацыянальны парк “Нарачанскі” як і “Браслаўскія азёры” павінен стаць візітнай карткай нашай сінявокай краіны ў цэнтры Еўропы.


Так што “не нужен нам берег турецкий…” Так што, спадары, прыязджайце адпачываць да нас!
А.Ж.