27.08.2008

luos_2

Лёс роднага слова

Частка 2.
Дзе толькі не вядомыя мы – беларусы, нашае слова! Бо слова – гэта само жыццё і адначасова адбітак яго. Успомніце: “Няма проста слова”, як сказаў паэт. Яно - альбо праклён, альбо віншаванне, альбо боль, хлусня альбо праўда, святло альбо цемра. І таму слова – гэта яшчэ і шлях да іншага чалавека, ключ да яго душы, дотык да яго сэрца.Узгадаў гэта, калі ў стосе кніг вядомых пісьменнікаў,якія сёння плённа працуюць на ніве беларускасці, нашыя былыя суайчыннікі везлі з маладзечанскай “Спадчыны” і мае кніжкі “Апалонік для дырэктара” і “Я жадаю вам дабра…” Везлі жменьку роднай зямлі ў Канаду, Амерыку, Аргенціну і Аўстралію для нашых землякоў, якія запалілі там вогнішча нацыянальнай самасвядомасці, нават гарады свае засноўваюць, дзе размаўляюць на роднай мове, спяваюць нацыянальныя песні, выдаюць дапаможнікі і кнігі пра Беларусь.Значыць беларуская нацыя жыве, а мы, літаратары, настаўнікі, журналісты, а таксама ідэолагі рознага кшталту, павінны годна яе аберагаць.

Для большай пераканаўчасці ўсё ж коратка узгадаем старонкі лёсу нашай мовы.

1696 год. Сейм Рэчы Паспалітай забараняе складаць дзяржаўныя дакументы на беларускай мове, а ў 1840-я – нашу родную мову забараняе царскі ўрад. Забараніў, але не мог зачыніць душу народа, адкуль звонкай крыніцай віравала матчына песня, гоман цяністых бароў, хваляў сівога Нёмана, Дняпра, сястры Прыпяці Бярэзіны.

Адгрымела навальніца Кастрычніцкай рэвалюцыі, Беларусь займела пачэснае месца сярод іншых краін са сваёй культураю, моваю, хоць у заходніх абласцях, што адышлі пад уладу Польшчы, не шчасціла беларусам.“Хамскі ензык” хоць і паганіў панскія вушы, але пад націскам “галадранцаў – хамаў” ўлады мусілі адчыняць пачатковыя ўрадавыя і прыватныя школы, нават гімназіі. На сходах гучала родная слова. Вольныя песні, як птушкі, разляталіся па шырокіх прасцягах Бацькаўшчыны, клікалі мужыка расправіць плечы, разагнуцца, паглядзець на сонца, якое ласкава, пяшчотна і прызыўна прамяніла.У 1927 годзе галоўная ўправа таварыства Беларускай школы, адзначаючы дзесяцігоддзе Слуцкай гімназіі, звярнула ўвагу на тое, што ў Заходняй Беларусі, “ нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя і маральныя варункі , дзякуючы вялікай ахвярнасці беларускіх вучыцялёў і свядомасці нашага народу, гімназіі нарадзіліся, жывуць, развіваюцца, мацнеюць!”

Гэта было ў змрочныя часы падняволення. Розныя цары і розныя паны здзекваліся над продкам. Лапцюжны беларус, зламаны знявагай, забіты горам, пакрыўджаны лёсам, іх цікавіў толькі як цяглая сіла, годная прынесці

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
Працяг будзе

21.08.2008

luos_1

Лёс роднага слова

У васьмі частках.

Частка 1.
Акцэнтаваць увагу сваіх чытачоў хачу на моўнай праблеме. Да гэтага мяне падштурхнулі абуральныя для беларусаў дзеянні чыноўнікаў на Глыбоччыне, якія сілком спынілі існаванне адзінай у гэтым краі беларускамоўнай школы. Скажаце, што гэта праблема беларускага выбару. Дазвольце не пагадзіцца. Чарговы сілавы метад спрацаваў “по умолчанию”. Мяне зусім не прываблівае тэма “таемнай змовы” супраць роднага слова. Але…

Пагадзіцеся, як цепліць душу кожнага беларуса, калі мы заходзім у школку ці садок і чуем сваю родную беларускую мову. І не толькі ў дзіцячым асяродку, а і між настаўнікамі. І як годна мы сябе пачуваем калі і выкладанне вядзецца на роднай мове. Пра гэта сведчаць і многіяі нашы землякі.Варта прыслухацца да меркавання тых, хто на сабе адчуў паўнацэннасць нашага беларускага слова. Найперш маю на ўвазе не толькі настаўніка сярэдняй школы №3 Івана Храпавіцкага, але і былых выпускнікоў славутай другой школы г.Глыбокага, а сёння студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў нашай сінявокай Беларусі, якія выступалі ў абарону беларускай школы . Гэтыя іх сціплыя, але неаспрэчныя доказы светласці беларускай мовы мяне ўзрушылі да глыбіні душы.Асабліва пераканаўча сказаў пяцікурснік факультэта міжнародных адносін Вадзім Жалткевіч: ”Я з гонарам падымаю руку ў аўдыторыі на запытанне, хто скончыў беларускамоўную школу…” Чаму менавіта звярнуў увагу на гэты адказ? Па-першае, таму, што годны адказ.

Зараз хачу нагадаць пра земляка глыбачан Рышарда Курыльчыка (нарадзіўся ў 1945 годзе ў в.Дзедзіна Браслаўскага пвета, цяпер вёска ў Мёрскім раёне), якога і жартам, і ўсур’ёз называюць у Польшчы “апошнім з магікан” у галіне гістарычнай прозы.Ён (летась знаходзіўся ў Беларусі) - аўтар гістарычных кніжак “Сакрэтныя архівы караля каралёў”, “Апошні апостал”, “Ерусалім, Ерусалім”, “Папа”, “Нязломны з Назарэту” ды інш.Беларускаму чытачу ўпершыню прапануецца пераклад А.Бутэвіча на родную мову яго аповесці “Славянскі світанак”.Гаворка вядзецца пра вялікія заваёвы, перадзел сфераў уплыву, качэўе плямёнаў, пярэдадзень замацавання ў гістарычным свеце славянскага племені. Польскі пісьменнік на грунце гістарычных звестак шукае карані славян у бязмежным моры еўраазіяцкіх варвараў. Бачыце: яшчэ адзін прыклад пашаны да сваіх каранёў.

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ
Працяг будзе

19.08.2008

Chargincu

Старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў

Беларусі”

М.І.Чаргінцу

220600, Мінск, праспект Пераможцаў,11

Паважаны Мікалай Іванавіч!

Ужо трынаццаць год якняма сярод нас народнага паэта Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, акадэміка, вядомага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Роўна столькі часу я, як і многія мае землякі, наведваючы хутар Пількаўшчыну, сумуем аб Паэце, генію сусветнага маштабу.Сорамна не тое што гаворку распачынаць, у вочы глядзець васьмідзесяцігадоваму брату Паэта Фёдару Іванавічу за тыя абяцанкі, што некалі даваліся за памінальнай чаркай, бо, на вялікі жаль, да гэтае пары нічагусенькі так і не зроблена. Я толькі што прыехаў ад яго, бо амаль штогод наведваюся да тае хаціны, якая абагравала некалі будучага паэта і адкуль ён пайшоў у вялікі свет.

Брыдка сказаць: нават указальнікаў няма да хаты, таму і блудзяць многія з тых, хто імкнецца на свае вочы ўбачыцьславутыя мясціны, бо да калыскі некалі народнага песняра зарасла сцежка, а сама хаціна павольна, але ўпэўнена спаўзае ў зямельку: подрубы згнілі, вокны струхнелі, лазенка таксама чакае спрытных рук.

Недаравальна страціць духоўнасць, такую культурна-гістарычную каштоўнасць, унікальны куточак нашайБацькаўшчыны, якую так замілавана апяваў Паэт. Нашчадкі нас не зразумеюць.І тут патрэбна адкінуць іншыя меркаванні і погляды, яднаць павінна адно – духоўнасць, шаноўнае стаўленне да носьбітаў культуры і беларускасці, адданасць роднай Беларусі, якую Максім Танк пранёс праз усё сваё нялёгкае жыццё. Скрушна данепрыстойнасці й думаць, маўляў, не заслужыў наш Максім, якога ведаў увесь свет і творы якога перакладаліся на дзесяткі моваў народаў свету, літаратурнага музея тут, у Пількаўшчыне, як і велічнай скульптуры на беразе сінявокай Нарачы, якую ён так уславіў. Залетась у сваёй кнізе “Я жадаю вам дабра…” аўтар пісаў пра набалелае, але ніхто з кіраўніцтва нашага творчага Саюза не адрэагаваў, калі час да “мясцовых пісьменнікаў”(!)

Шчыра прашу на спецыяльным пасяджэнні прэзідыума Саюза пісьменнікаў разгледзець пытанне аб хадайніцтве перад Міністэрствам культуры і Мінскім абласным выканаўчым камітэтам па аднаўленню сядзібы Героя Сацыялістычна Працы М.Танка ў Пількаўшчыне, дзе муза Паэта “нарадзілася ў звонкім гуле медна-сасновага наднарачаскага бору”, арганізацыі філіяла Літаратурнага музея і ўстанаўленню скульптуры паэта на беразе возера Нарач, рэстаўрацыі лецішча паэта у в.Купа з распрацоўкай турысцка-літаратурнай экскурсіі “Нарачанскімі сцежкамі Максіма Танка”.У лік выканаўцаў павінен ўвайсці іНацыянальны парк “Нарачанскі”. Захаваць згаданыя аб’екты – доўг кожнага творцы. Асабіста прапаноўваю колькі дзён адпрацаваць на любых работах.

Ніхто найпершакрамя нашага Саюза, хто па абавязкуі прызначэнню сваёй дзейнасці павінен весці рэй у станоўчым вырашэнні гэтай праблемы, возьмеініцыятыву ў свае рукі.

Мы не маем права, урэшце, пакінуць недагледжаны родны дом і пайсці ў прочкі ад духоўнасці, ад памяці. Іклопат наш аб захаванасці культурных аб’ектаў нашай Айчыны будзе толькі ўдзячнасцю як гасцей, так і нашчадкаў нашых.

З павагай, Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ,

пісьменнік, член ГА ” Саюза пісьменнікаў

Беларусі”

14 жніўня 2008

14.08.2008

Сустрэча з Сымонам Будным

Сустрэча з Сымонам Будным.

Вокамгненна засталіся пад коламі легкавіка тыя амаль дзвесце кіламетраў і я зноў у Радзівілаўскім Нясвіжы. Тут даўнавата праходзіў падрыхтоўку ў армейскім вучэбным падраздзяленні малодшых камандзіраў Урадавай сувязі, што ўваходзіла ў склад УС Беларусі (сёння войска тут няма, месціцца выставачная зала). Зрэдку выпускалі ў звальненне: трэба было штудзіраваць электрычныя схемы і даваць сувязь па засакрэчаных каналах вышэйшаму кіраўніцтву як ваеннам, так і дзяржаўнаму. Ды шліфавалі пляц новымі ботамі ажно да гарэлага паху збітых абцасаў, яшчэ калолі дровы ротнаму старшыні ды з таго азярка праз бетонную агароджу мы, чацьвёрка непакорных курсантаў, перадавалі па жывому ланцугу ваду ў вёдрах каб вымыць да сонечнага бляску-зіхацення палкавы сарцір за "непавагу да яго Вялькасці намесніка камандзіра ўзвода Грынчанкі".

Калі надаралася вольная гадзіна подбегам скіроўваўся у чытальню, дзе і даведаўся пра Нясвіжскія - княства і капэлу Радзівілаў, настаўніцкую семінарыю і ратушу, рэзідэнцыю князёў Радзівілаў – помнік архітэктуры 16-18 ст., і фарны касцёл (езуіцкі касцёл Божага цела. Не стаўлю за мэту пра ўсе гэтыя гістарычныя славутасці і гонар нашай дзяржавы апісваць, бо тое даўно вядома. А вось пра помнік беларускаму асветніку і гуманісту, рэфармацыйнаму дзеячу і філолагу Сымону Буднаму, што з’явіўся апошнім часам, быў узрадаваны. Тады шчэ была толькі мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці нашага славутага земляка. Менавіта ў Нясвіжы М.Кавячынскі заснаваў друкарню (працавала да 1571 г., пасля пераведзена ці ў Заслаўе ці Узду, дзе выйшла Біблія, перакладзеная Будным на польскую мову, у 1572 магнат Ян Кішка купіў тую друкарню і перавёз у мястэчка Лоск пад мой Маладзечна, а у 1750 і да 1791 тая друкарня працавала ў замку магнатаў Радзівілаў, якая выдала каля 70 кніг – пераважна рэлігійнага зместу і падручнікаў на польскай і лацінскай мове.). У 1562 г. тут, у Нясвіжы, на беларускай мове выданы кнігі С. Буднага "Катэхізіс" і "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам". Ёёсць звесткі, што былі надрукаваны інш. кнігі Буднага.

З вялікім жаданнем сфатаграфаваўся каля велічнай Постаці Айчыны нашай, прадаўжальніка традыцый Ф.Скарыны, хто выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя.
Сымон Будны
Ваш Аркадзь Жураўлёў (Аркадзь Шагакін)
E-mail: zhuravlev@tut.by