11.11.2008

З касой.

Відаць хтосьці з маіх замежных чытачоў не паверыць, хутчэй усміхнецца: у наш час і з касою чалавек, цяпер касілак розных… Не, даражэнькія мае! Як зробіш сваімі рукамі любую справу, тое штосьці мець будзеш карыснае. Па-першае, добрая зарадка для свайго гарадскога цела, па-другое, накорміш хатнюю жывёлу - будзеш на стале сваім мець здаровыя і чыстыя харчы, без ГМ. А калі хто баіцца маёй касы - харчуйцеся гамбургерамі ды рознымі …ерамі з “макдональдсаў” і спаборнічайце за новыя рэкорды ў вазе для кнігі рэкордаў Гінеса.

kasa

Як лёгка пішацца пасля касьбы! Паспрабуйце!

В мире много различных гаджетов http://gadget-land.ru/ . Мой любимый - коса.


Ваш Аркадзь Жураўлёў (Аркадзь Шагакін)
E-mail: zhuravlev@tyt.by

04.11.2008

dzyadu

Дзяды.Дзень памяці.
Пачатак лістапада для мяне як і для тых беларусаў, хто страціў сваіх родных і блізкіх час светлага смутку і ўспамінаў – Змітраўская памінальная субота. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памерлых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваіх нашчадкаў, радуюцца іх поспехам і сумуюць, калі ў хаце штосьці робіцца не так. Схадзіў і я ў сваю (побач з маладзечанскім домам) царкву Успення Прасвятой Багародзіцы.Падаў спіс сваіх родных каб маліліся за іх душы, купіў па свечцы і запаліў, успомніўшы кожнага. А ў родных Гаранях на могілках, дзе знайшлі свой прытулак папа, мама і Валодзя, Воўка, (як звычайна звалі нашага малодшага брата) таксама запаліў кволае цяпельца грамнічных свечак.Пастаяў.Прыгадаліся многія светлыя эпізоды тых сумесных шчаслівых гадоў. А з вышыні таго пагосту сцішылася маўклівае і сумнае возера, нібы ў дазоры за ўсіх нас аберагае іх спакой…Няхай сабе бацькі і зарана паспяшаліся ад нас, але не так крыўдна: яны на свае вочы пабачылі і пагушкалі сваіх унукаў.А вось Валодзька наш не ўбачыў сваю ўнучачку Настачку, якой сёння акурат два месяцы, бо яна з’явілася на божы свет праз чатыры гады пасля адыходу дзеда.
Трэба, абавязкова трэба з’ездзіць у Свіра, на могілкі да бацькавых дзеда з бабаю.Сорамна колькі год не быў. Дзецям сваім трэба месца паказаць, каб падтрымліваць сямейныя каштоўнасці і памяць пра тых, дзякуючы каму мы з’явіліся на свет.Трэба збірацца разам, дзе б і кім кожны з нас ні быў, у якой краіне свету, памінаць сваіх продкаў, расказваць пра іх сваім дзецям і ўнукам. Ніхто не павінен згубіцца ў Сусвеце. Яны нас чуюць, бачаць і апякаюць. А гэта ж так важна – быць упэўненым, што ў халоднай прасторы бясконцага ёсць тыя, каму ты патрэбен і хто цябе аберагае. І нашчадкі нашыя хай ведаюць гісторыю роду, каб не перарывалася сувязь пакаленняў.Не забывайце свае карані!

Ваш Аркадзь Жураўлёў.

21.10.2008

luos_8

Лёс роднага слова

Частка 8. Заканчэнне.
Каб паглядзець жыццё, так бы мовіць,знутры я напрасіўся на час перапісу стаць перапісчыкам. І ведаеце што заўважыў? Літаральна кожная другая сям’я, якіх уласна ведаў, далёка не беларускіх каранёў, запісвалася, прычым з гордасцю беларусамі(?!). Вось як! А вывады вы, паважаны чытач, рабіце самі.

Іншая справа валодаць некалькімі мовамі.Гэта ўжо інтэлект чалавека. Давайце будзем памятаць пра гэта дзеля нашай будучыні. Бо веданне беларускай мовы спрыяе хутчэйшаму пашырэнню камунікатыўнай прасторы ў сэнсе разумення і валодання польскай, украінскай, балгарскай і іншых моваў. І змагарных высілкаў зусім не патрэбна.

Хацелася, каб артыкул атрымаў водгут студэнства, тых, хто ў хуткім часе будзе вызначаць лёс краіны, што роднае слова як ласка маці, каму свой “родны кут мілы” свеціць яскравай зоркай, хто любіць і шануе родную мову і Бацькаўшчыну. А таму на заключэнне дадам: тварыце ж любоў да мовы нашай! Няхай гэтае пачуццё будзе ў вас пастаянным, шчырым, светлым!

Усім жадаю дабра ў вашых сэрцах, святла ў вашых душах, абачлівасці ва ўсіх учынках! Няхай у згодзе з любым краем поўніцца нашае жыццё пад божым небам!

Памятайце: нельга адабраць мову, а душу пакінуць. Мова – душа чалавека.

Дзякуй за тое, што парачыталі.
Заўсёды ваш Аркадзь Жураўлёў.

10.10.2008

luos_7

Лёс роднага слова

Частка 7
Чалавеку нельга забараніць размаўляць і пісаць на той мове, на якой ён хоча.Іншая справа павінен быць закон, які рэгуляваў бы правільнае ўжыванне і напісанне слоў, каб не было рознага іх трактавання. Я зусім не за тое каб была сухая афіцыйная мова, бо як на такой мове напішаш мастацкі твор,а супраць неўжыванай.Бо наша моладзь зараз заблыталася настолькі, што і не ведае ці выслабаніцца з гэтай павуціны. Мяркую па сваім пляменніку Уладзіку, студэнту адной з ВНУ сталіцы.Ён такіх “слоўцай нахапаўся”, што і сам не можа патлумачыць іх значэння, кажа на “ціскатэцы” чуў, а не ў школе.

А ўзяць гісторыю Беларусі. Даведаўся з пасяджэння рабочай групы “Грамадства: прыклады ідэнтычнасці ў гісторыі і сучаснасці”, што праходзіў у рамках Х Мінскага форуму напрыканцы мінулага года многа ў якіх школах на рускай выкладаецца. Хаця менавіта ў школах гісторыя наша павінна выкладацца толькі на роднай мове для захавання нацыянальных асаблівасцей беларусаў.Занепакоенасць сітуацыяй мая ў тым, што ад жонкі, філолага з больш як трыццацігадовым стажам штогод чую яе раздражнёнасць новымі, адарванымі ад жыцця і творчага працэсу праграмамі. І ў тым, што для першакурснікаў ВНУ Беларусі пачалі ўводзіць спецкурс (сорамна сказаць!) беларускай мовы. Вось і дэклараванае двухмоўе, калі па ўсёй рэспубліцы застаюцца рэдкія выспачкі беларускасці – па адной калі школцы, альбо гімназіі на горад.Як, напрыклад, у Маладзечне 1-ая школа імя Янкі Купалы (хаця выкладанне не ўсіх прадметаў вядзецца на роднай мове) і асобныя класы дзесятай. А беларускія дзеці павінны выхоўвацца па-беларуску, каб найлепшым чынам рэалізаваць у гэтым жыцці свій чалавечы патэнцыял.

А можа гэта і ёсць тая талерантнасць, пра якую часта ўзгадваюць з экрана тэлевізара? Тое унутранае напаўненне беларускага чалавека,што сілкуе яго думкі і пачуцці, ягоную волю, альбо дакладней, бязвольнасць. А як жа наша будучыня? І дзе чэрпаць духоўнасць майму народу? Адкажу: - У гісторыі сваёй Бацькаўшчыны, у каранях сваіх продкаў, у мове сваёй. Каб на стале у беларуса быў бохан хлеба і кніга. Калі быць шчырым да канца, то і на чыста рускай у нас мала хто гавораць: акцэнт выдае з вушамі. Сёння наша мова перамешана. Сустракаецца лексіка рускай, польскай, украінскай, нямецкай, татарскай. Гісторыя розных падзей накладвае свой адбітак на гаворку людзей. Аднак мы ў розных варунках павінны імкнуцца да сваіх вытокаў, да спадчыны, спасцігаць, вывучаць і пашыраць сваю мову, а не адракацца, што з’яўляецца ганебным сорамам. Бо мова нашая самая сакавітая і спеўная з усіх славянскіх моваў. Яе мелодыя назаўсёды застаецца ў сэрцы кожнага, хто беларус у душы, а не толькі па адной анкеце “нацыянальнасць” і месцы пражывання. Каго па праву можна назваць – беларускі народ. Тут хацеў бы нагадаць перапіс насельніцтва 1999 года.

Аркадзь Жураўлёў
Працягбудзе